Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская 8 Кніга Святарская 8 разьдзел

1 Вось гэта сказаў Госпад Майсею:
2 «Вазьмі Аарона і сыноў ягоных, адзеньне, алей памазаньня, бычка на ахвяру за грэх, два бараны і кош прэсных хлябоў.
3 Пасьля зьбяры ўсю супольнасьць ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы».
4 Майсей зрабіў так, як яму Госпад загадаў, і супольнасьць сабралася ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.
5 Сказаў ім Майсей: «Вось даручэньне, якое загадаў Госпад выканаць!»
6 І прывёў Майсей Аарона і сыноў ягоных, і абмыў вадой.
7 І ўсклаў на яго шату льняную, і падперазаў яго паясом, і адзеў на яго верхнюю шату, і наверх усклаў эфод, і апаясаў яго паясом эфоду, і прымацаваў на ім эфод.
8 І ўсклаў яму нагруднік, на якім разьмясьціў урым і тумім,
9 і ўсклаў яму на галаву кідар і на ім залатую бляху, сьвятую дыядэму, як загадаў Майсею Госпад.
10 Потым узяў Майсей алей памазаньня, і памазаў Скінію разам з усім, што ў ёй было, і пасьвяціў гэтыя рэчы.
11 І пакрапіў ён ахвярнік сем разоў, і памазаў ахвярнік разам зь яго прыналежнасьцямі, таксама ўмывальнік і яго падставу, каб пасьвяціць іх.
12 А потым паліў ім галаву Аарона, і памазаў яго, каб пасьвяціць яго.
13 Прывёў ён таксама сыноў Аарона і апрануў іх у шаты, падперазаў іх паясамі і ўсклаў на іх галовы мітры, як загадаў яму Госпад.
14 І прывёў (Майсей) бычка на ахвяру за грэх. Аарон і сыны ягоныя ўсклалі рукі свае на галаву ахвяры за грэх.
15 І Майсей забіў яго, ды, узяўшы крыві яго, пальцам памазаў рагі ахвярніка кругом, і такім чынам ачысьціў ахвярніка. Астатак крыві выліў на падставу ахвярніка і так пасьвяціў яго, ачышчаючы.
16 Пасьля ўзяў увесь тлушч, каторы на нутры, і тлушч на вантробе, і абедзьве ныркі разам з тлушчам, ды спаліў іх на ахвярніку,
17 а бычка і скуру яго, і мяса яго, і нячыстасьці ягоныя спаліў у агні па-за табарам, бо так загадаў Майсею Госпад.
18 Потым прывёў (Майсей) барана на ахвяру цэлапаленьня. Аарон і сыны ягоныя ўсклалі на галаву яго рукі свае.
19 Майсей забіў яго і пакрапіў кругом ахвярніка крывёю,
20 пасьля пасек барана на часткі і спаліў галаву, і кавалкі, і тлушч,
21 а нутро і ногі памыў вадой. І спаліў Майсей усяго барана ў агні на ахвярніку. Гэта цэлапаленьне на мілы пах, гэта ахвяра Госпаду, як загадаў Госпад Майсею.
22 Потым прывялі другога барана, барана пасьвячэньня сьвятароў. Аарон і сыны ягоныя ўсклалі свае рукі на галаву яго.
23 Майсей забіў яго і ўзяў крыху крыві ягонай, і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
24 І прывёў Майсей сыноў Аарона, і памазаў крывёй верх правага вуха іхняга, і вялікі палец правай рукі іхняй, і вялікі палец правай нагі іхняй, і пакрапіў Майсей крывёю ахвярнік з усіх бакоў.
25 Потым узяў тлушч, хвост і ўвесь тлушч, каторы на нутры разам з тлушчам на вантробе, абедзьве ныркі і іхні тлушч, і правую лапатку,
26 і з каша праснакоў, каторы стаяў перад Госпадам, узяў адзін праснак, адну аладку на алеі і адзін сухарык, і палажыў на тлушч і на правую лапатку.
27 І палажыў усё гэта на рукі Аарона і сыноў яго, і патрос гэтым перад абліччам Госпада.
28 Пасьля ўзяў усё гэта Майсей з рук іхніх і спаліў на ахвярніку разам з цэлапаленьнем. Гэта была ахвяра пасьвячэньня на мілы пах, ахвяра агнявая для Госпада.
29 Потым Майсей узяў грудзіну і патрос яе перад Госпадам; гэта была частка Майсею з барана, ахвяры пасьвячэньня, як загадаў Госпад Майсею.
30 Потым Майсей узяў крыху алею памазаньня і крыху крыві з ахвярніка і пакрапіў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іхнія. Гэтак пасьвяціў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іхнія.
31 Па пасьвячэньні іх і шатаў іхніх Майсей загадаў ім: «Зварыце мяса ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы і там ешце яго з хлебам, каторы ў кашы пасьвячэньня, як мне было загадана: «Аарон і сыны яго будуць яго есьці,»
32 а што застанецца зь мяса і хлябоў, спаліце агнём.
33 Ад уваходу ў Палатку Сустрэчы не адыходзьцеся сем дзён, аж да дня заканчэньня пасьвячэньня вашага, бо сем дзён будзе працягвацца пасьвячэньне.
34 І што я зрабіў сягоньня, так загадаў Госпад рабіць, каб ачысьціць вас.
35 Ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце Госпада, каб не паўміралі, бо гэтак мне было загадана».
36 І зрабілі Аарон і сыны ягоныя ўсё, што загадаў ім Госпад праз Майсея.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.