1 Вось што сказаў Госпад Майсею на гары Сынай:
2 «Аб'яві сынам Ізраэля і скажы ім: Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, каторую Я дам вам, тады і зямля таксама павінна сьвяткаваць суботу Госпада.
3 Шэсьць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсьць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой і зьбіраць зь іх плады,
4 але ў сёмы год хай будзе супачынак для зямлі, субота для Госпада. Ня будзеш засяваць поля свайго і падразаць вінаградніка свайго.
5 Што само вырасьце на полі, ня будзеш жаць таго, і ня будзеш зьбіраць вінаграду неабрэзанага. Бо гэта будзе год адпачынку для зямлі.
6 Што само вырасьце на зямлі, будзе вам служыць за яду, табе, слузе твайму, служанцы тваёй, парабку твайму і пасяленцу твайму, каторы жыве ў цябе,
7 і жывёле тваёй, і зьвярам, якія жывуць на зямлі тваёй, увесь ураджай будзе служыць вам за яду.
8 Палічы таксама сабе сем гадоў суботніх, значыць, сем разоў па сем гадоў так, што час сямі гадоў суботніх будзе налічваць сорак дзевяць гадоў.
9 У дзесяты дзень сёмага месяца затрубіш у трубу, у дзень Ачышчэньня, затрубіш у трубу па ўсёй зямлі.
10 І будзеце сьвяткаваць пяцідзесяты год, і аб'явіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам ейным. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да сваёй уласнасьці, і кожны вернецца ў сваю сям'ю.
11 Увесь гэты пяцідзесяты год будзе для вас годам юбілейным; ня будзеце сеяць, ня будзеце жаць таго, што вырасьце, і ня будзеце зьбіраць неабрэзанага вінаграду,
12 бо гэта будзе для вас юбілей, гэта будзе для вас сьвяты час. Будзеце есьці тое, што вырасьце на полі.
13 У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да сваёй уласнасьці.
14 Калі што будзеш прадаваць бліжняму або купляць ад яго, ня крыўдзіце адзін аднаго.
15 Паводле ліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у бліжняга свайго, і паводле ліку гадоў ураджаю ён павінен прадаваць табе.
16 Чым больш гадоў застаецца да юбілею, тым большую цану заплаціш; а чым менш гадоў застаецца, тым меншую цану заплаціш, бо колькасьць пладоў ён прадае табе.
17 Ня крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я — Госпад, Бог ваш!
18 Спаўняйце прыказаньні Мае і законы, беражыце і выконвайце іх, каб маглі жыць на зямлі безь ніякага страху.
19 І будзе зямля даваць плод свой, і вы будзеце сытымі, і спакойна будзеце жыць на ёй.
20 А калі запытаеце: «Што мы будзем есьці ў сёмым годзе, калі ня будзем сеяць ані зьбіраць пладоў?»
21 Я спашлю на вас дабраславенства ў шостым годзе так, што хопіць вам ураджаю на тры гады.
22 У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есьці з даўнейшых пладоў аж да дзевятага году, аж да новага ўраджаю будзеце есьці даўнія плады.
23 Зямлю не належыцца прадаваць назаўсёды, бо яна Мая, а вы — прыхадні і пасяленцы ў Мяне.
24 Таму ўся зямля, якая ў вашым валаданьні, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу.
25 Калі зьбяднее брат твой і прадасьць частку сваёй маёмасьці, дык хай прыйдзе блізкі яго сваяк і выкупіць маёмасьць, прададзеную братам.
26 Калі ж хто ня мае адкупіцеля, але сам будзе мець належныя сродкі на выкуп,
27 дык падлічыць ён гады ад часу продажу і зьверне рэшту таму, каму прадаў зямлю, і вернецца да сваёй маёмасьці.
28 Калі аднак не здабудзе належных сродкаў на выкуп, то маёмасьць застанецца ў валаданьні купіўшага аж да юбілейнага году. А ў юбілейны год зямля пяройдзе ў валаданьне ранейшага ўладальніка.
29 Калі хто прадасьць дом жылы ў горадзе, акружаным мурам, то будзе мець права выкупу аж да канца году продажу; закон выкупу будзе трываць год.
30 Калі дом ня выкупяць на працягу году, дык у такім выпадку дом у горадзе застанецца назаўсёды ўласнасьцю купіўшага і яго патомкаў. Ня выйдзе зь іх рук у юбілейны год.
31 Дамы на вёсках, каторыя не абведзеныя мурам, будуць лічыцца на роўні зь зямлёю; дык будуць яны падлягаць выкупу, а ў юбілейным годзе выйдуць з валаданьня купіўшага.
32 Што да гарадоў левітаў, дык яны заўсёды могуць выкупіць дамы свае.
33 Калі хто купіць ад левітаў дом у горадзе, то маёмасьць гэта выйдзе зь яго рук у годзе юбілейным, бо дамы левітаў лічацца іх маёмасьцю сярод сыноў Ізраэля.
34 Таксама і палёў вакол іхніх гарадоў нельга прадаваць, дзеля таго што гэта іх вечная маёмасьць.
35 Калі брат твой зьбяднее і аслабее рука яго, дык падтрымай яго, каб мог жыць з табою хаця б як прыбылец або пасяленец.
36 Не бяры ад яго адсоткаў ані ліхвы. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе.
37 Не давай яму грошы на адсоткі і не вымагай ад яго ліхвы за яду.
38 Я — Госпад, Бог ваш, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан ды каб быць вашым Богам!
39 Калі брат твой з убогасьці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго работаю нявольнічай,
40 але будзеш зь ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць толькі да году юбілейнага,
41 а тады разам са сваімі дзяцьмі вернецца ад цябе да сваёй радні, у валаданьне бацькоў сваіх.
42 Бо яны — Мае нявольнікі, Я іх вывеў зь зямлі Эгіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі.
43 Ня будзеш уціскаць іх сурова, але будзеш баяцца Бога.
44 Калі б патрэбен быў табе нявольнік або нявольніца, купляй іх у акружаючых цябе народаў.
45 Таксама купляйце дзяцей прыхадняў, пасяліўшыхся ў вас, і зь сем'яў іхніх, каторыя жывуць у вас, і каторыя нарадзіліся на вашай зямлі. Яны будуць вашай уласнасьцю,
46 і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і мейце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але братоў сваіх, сыноў Ізраэля, ня крыўдзіце.
47 Калі чужынец або пасяленец твой разбагацее, а брат твой зьбяднее і запрадасца чужынцу, што пасяліўся ў вас, або каму другому зь яго сям'і,
48 дык пасьля продажу можа ён быць выкуплены. Хай тады хто з братоў ягоных выкупіць яго:
49 ці дзяцька, ці сын ягоны, ці сваяк, ці хто блізкі. А нават сам сябе можа выкупіць, калі будзе ў стане.
50 І ён павінен разьлічыцца з купіўшым яго, пачынаючы з таго году, калі ён прадаў сябе, да году юбілейнага, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыцца аддаць яму па лічбе гадоў; як найміт ён павінен быць у яго.
51 Але калі да юбілейнага году застаецца многа гадоў, то адпаведна да лічбы іх павялічыць ён цану выкупу.
52 А калі застаецца нямнога гадоў да юбілейнага году, палічыць іх і, адпаведна ліку тых гадоў, заплаціць свой выкуп.
53 Ён будзе ў яго як найміт, з году на год. Хай не ўціскае яго строга ў сябе.
54 Калі ж такім чынам выкупіцца ня зможа, то ў годзе юбілейным асвабодзіцца разам зь дзецьмі сваімі.
55 Бо сыны Ізраэля — гэта Мае нявольнікі, каторых вывеў Я зь зямлі Эгіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Святарская, 25 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
