Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская 2 Кніга Святарская 2 разьдзел

1 Калі хто захоча скласьці ахвяру Госпаду зь яды, хай прынясе пшанічнай мукі, увалье ў яе алею і дабавіць да яе кадзіла,
2 потым прынясе яе да сьвятароў, сыноў Аарона, і возьме сьвятар поўную жменю мукі з алеем і з усім кадзілам ды спаліць гэта як памятную частку на ахвярніку; гэта ахвяра агнявая, пах, мілы Госпаду.
3 А што застанецца ад ахвяры зь яды, будзе для Аарона і сыноў ягоных. Гэта найсьвяцейшая частка з ахвяраў, паленых для Госпада.
4 Калі захочаш скласьці ахвяру зь яды, з мукі, печанай у печы, хай гэта будуць праснакі, запраўленыя алеем, ці аладкі прэсныя, памазаныя алеем.
5 Калі ахвяра тая будзе з патэльні, то хай будзе з пшанічнай мукі, не квашанай, запраўленай алеем.
6 Падзеліш яе на кавалкі і пальеш яе алеем. Гэта вось ахвяра хлебная.
7 Калі ахвяра твая будзе ў гаршчку смажаная, то хай будзе з мукі, запраўленай алеем.
8 Тады прынясеш гэтак прыгатоўленую ахвяру Госпаду і аддасі ў рукі сьвятара, а ён прынясе яе да ахвярніка;
9 і возьме сьвятар памятную частку яе, і спаліць на ахвярніку; гэта ахвяра агнявая, мілы пах Госпаду.
10 А ўсё, што застанецца, будзе для Аарона і сыноў ягоных. Гэта найсьвяцейшая частка з ахвяраў, паленых для Госпада.
11 Усякая ахвяра з мукі, якую складаеце Госпаду, хай ня будзе квашанай, бо анічога квашанага, ані мёду не павінны вы паліць у ахвяру Госпаду.
12 Прыносьце гэтыя рэчы як пяршыны, як дары Госпаду, але не кладзіце іх на ахвярнік, каб паліць на пах прыемны.
13 Кожную ахвяру, якую складаеш зь яды, пасалі сольлю. І не пакідай хлебнай ахвяры тваёй бяз солі запавету Бога твайго. Кожную ахвяру тваю пасалі сольлю.
14 Калі прыносіш ахвяру зь пяршын пладоў тваіх Госпаду, то прынось каласы высушаныя на агні, або тоўчанае зерне як ахвяру зь яды,
15 палі іх алеем і палажы на іх кадзіла. Гэта ахвяра зь яды.
16 І спаліць сьвятар як памятную частку з тоўчанага зерня і алею з усім кадзілам. Гэта ахвяра агнявая для Госпада.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.