1 Далей казаў Госпад Майсею:
2 «Гавары ўсёй супольнасьці сыноў Ізраэля і кажы ім: Будзьце сьвятымі, бо сьвяты Я, Госпад, Бог ваш.
3 Хай кожны паважае матку і бацьку свайго. Сьвяткуйце суботы Мае. Я — Госпад, Бог ваш!
4 Не зьвяртайцеся да ідалаў і не вылівайце сабе багоў з мэталю. Я — Госпад, Бог ваш!
5 Калі будзеце складаць Госпаду ахвяру прымірэньня, дык складайце так, каб была яна Яму прыемнай.
6 Будзеце есьці яе ў сам дзень ахвяры вашай ды ў наступны дзень. Тое, што застанецца на трэці дзень, будзе спалена агнём.
7 Калі хто гэта будзе есьці на трэці дзень, паганым гэта будзе і ня будзе прыемным (Госпаду).
8 Хто будзе яе есьці, правініцца, бо спаганіў сьвятасьць Госпада, і зьнішчана будзе душа тая спасярод народу свайго.
9 Калі будзеце жаць збожжа зямлі вашай, не выжынай аж да канца поля ды не зьбірай застаўшыхся каласоў.
10 Не абірай вінаградніка твайго да рэшты і пападаўшых ягадаў у вінаградніку не падбірай; пакінь гэта бедным і прыбыльцам. Я — Госпад, Бог ваш!
11 Не крадзіце і не хлусьце. Не ашуквайце адзін аднаго.
12 Не прысягайце на імя Маё, і не зьневажай імя Бога твайго. Я — Госпад!
13 Не прыгнятай бліжняга твайго і ня крыўдзі яго. І хай не застаецца ў цябе плата найміта аж да раніцы.
14 Не праклінай глухога ды перад сьляпым не кладзі перашкоды, але бойся Бога твайго. Я — Госпад!
15 Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе. Не пагарджай бедным і не патурай багатаму. Справядліва судзі бліжняга свайго.
16 Ня будзь паклёпнікам і пляткаром у сваім народзе. Не цікуй на кроў бліжняга свайго. Я — Госпад!
17 Ня мей у сэрцы сваім нянавісьці да брата свайго; дакарай яго і ня будзеш мець грэху з прычыны яго.
18 Ня помсьці ды ня гневайся на сыноў народу свайго. Любі бліжняга свайго як самога сябе. Я — Госпад!
19 Спаўняй законы Мае. Жывёлы тваёй не лучы з жывёлай другой пароды; поля свайго не засявай двума гатункамі насеньня. Не апранай адзеньня з двух матэрыялаў.
20 Калі хто ўвойдзе да жанчыны, выліваючы насеньне, а яна ёсьць нявольніцай, прызначанай для іншага мужа, але яшчэ ня выкуплена і не надзелена свабодай, абодва будуць пакараныя, але не карай сьмерцю, бо не была яна свабоднай.
21 Дзеля таго складзе ён ахвяру Госпаду ля дзьвярэй Палаткі Сустрэчы за грэх свой, барана ў ахвяру аднагараджэньня.
22 І ачысьціць яго сьвятар бараном ахвяры аднагараджэньня ад грэху ягонага перад Госпадам, і будзе адпушчаны яму грэх, якім саграшыў.
23 Калі прыйдзеце вы ў зямлю і пасадзіце дрэвы пладовыя ўсякіх гатункаў, будзеце ўважаць іхнія плады за неабрэзаныя; тры гады будуць яны для вас нячыстыя як неабрэзаныя, і нельга іх есьці.
24 У чацьвёртым годзе ўсе іхнія плады будуць пасьвечаны як дар для Госпада.
25 У пяты год будзеце есьці плады іхнія, каб павялічыўся для вас ураджай зь іх. Я — Госпад, Бог ваш!
26 Ня ешце нічога з крывёй. Не варажыце і не займайцеся чарамі.
27 Не стрыжы валасоў кругом галавы, і не калечце край барады сваёй.
28 Не рабіце нарэзы на целе вашым на знак жалобы па памершых ды не накалывайце (надпісы) на скуры. Я — Госпад!
29 Не выдавай на ганьбу дачкі сваёй, робячы зь яе распусьніцу, каб не апаганілася зямля і не напоўнілася распустай.
30 Сьвяткуйце Мае суботы і паважайце Маё сьвятое месца. Я — Госпад!
31 Не зьвяртайцеся да выклікаючых духі памершых ані да варажбітоў, каб у іх раіцца, каб празь іх не апаганіліся. Я — Госпад, Бог ваш!
32 Перад сівой галавой устань, і шануй старога ды бойся Бога твайго. Я — Госпад.
33 Калі ў вашай зямлі паселіцца чужынец, ня крыўдзі яго,
34 але хай будзе ён пасярод вас як тутэйшы, і любі яго як самога сябе, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Эгіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!
35 Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе, у меры ды ў вагах.
36 Будзеце мець вагі справядлівыя, справядлівую эфу і справядлівы гін. Я — Госпад, Бог ваш, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай.
37 І вы будзеце захоўваць усе прыказаньні Мае і ўсе пастановы Мае, і выконваць іх. Я — Госпад».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Святарская, 19 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
