Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская 26 Кніга Святарская 26 разьдзел

1 Не рабіце сабе ідалаў і выяваў і не стаўляйце слупоў, ані каменных фігураў не стаўляйце ў зямлі вашай, каб пакланяцца ім. Бо Я — Госпад, Бог ваш.
2 Сьвяткуйце суботы Мае і шануйце сьвятыню Маю. Я — Госпад!
3 Калі будзеце хадзіць паводле прыказаньняў Маіх, і берагчы загады Мае, і спаўняць іх,
4 Я дам вам дажджы ў патрэбны час, і зямля будзе даваць ураджай, і дрэвы напоўняцца пладамі.
5 І малацьба хлеба працягнецца да збору вінаграду, а зьбіраньне вінаграду працягнецца да сяўбы, і будзеце есьці хлеб ваш удосталь, і спакойна будзеце жыць на сваёй зямлі.
6 Я дам мір на межах вашых, і будзеце вы спаць, і ня будзе каму вас палохаць. Я прыму дзікіх зьвяроў, і меч ня пройдзе па зямлі вашай.
7 Вы будзеце гнаць ворагаў вашых, і будуць яны падаць ад мяча вашага.
8 Пяцёх з вас прагоняць сотню чужынцаў, і сотня з вас прагоніць дзесяць тысячаў. І будуць падаць ворагі вашыя ад мяча вашага.
9 Я прыхілюся да вас і дам вам плоднасьць, і вы размножыцеся; і заключу Я запавет Мой з вамі.
10 Вы будзеце есьці збожжа зь леташніх збораў, а калі прыйдуць новыя зборы, павыкідаеце старыя.
11 Я пастаўлю прыпынак Мой сярод вас, і ня будзе брыдзіцца вамі душа Мая.
12 Я буду жыць сярод вас і буду Богам вашым, а вы будзеце Маім народам.
13 Я — Госпад, Бог ваш, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб вы не былі там нявольнікамі. Я зламаў пруты ярма вашага, каб хадзілі вы з паднятымі галовамі.
14 А калі ня будзеце Мяне слухаць і ня будзеце спаўняць усіх гэтых прыказаньняў Маіх,
15 калі ўзгардзіце пастановамі Маімі, і ня будзеце зважаць на законы Мае, і ня будзеце выконваць усяго, што Мною пастаноўлена, і будзеце парушаць Мой запавет,
16 тады Я так зраблю вам: наведаю вас жахам раптоўным, сухотамі і гарачкай, каторыя спрычыняюць сьлепату і нішчаць здароўе. Надарма будзеце сеяць насеньне, бо зьядуць яго ворагі.
17 Я павярну аблічча Маё на вас, і будзеце вы падаць ад ворагаў вашых, і будуць панаваць над вамі тыя, каторыя вас зьненавідзілі, і будзеце вы ўцякаць, хоць ніхто ня будзе гнацца за вамі.
18 А калі і тады ня будзеце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас дзеля грахоў вашых у сем разоў,
19 і сатру пыхлівасьць сілы вашай. Я зраблю для вас неба як жалеза, а зямлю як медзь.
20 Надарма будзе марнавацца праца ваша; зямля ня будзе даваць ураджаю, а дрэвы палявыя не дадуць пладоў.
21 Калі і далей будзеце Мне працівіцца і не захочаце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашыя ў сем разоў.
22 Я напушчу на вас зьвяроў палявых, каторыя пажаруць дзецей вашых і зьнішчаць жывёлу вашую, і зьменшаць колькасьць людзей; пустымі стануцца дарогі вашыя.
23 Калі і далей ня будзеце напраў ляцца і будзеце Мне працівіцца,
24 дык і Я пайду супраць вас і буду вас караць у сем разоў цяжэй за грахі вашыя.
25 Я навяду на вас меч, мсьціўцу за парушэньне запавету Майго. А калі паўцякаеце ў гарады вашыя, Я пашлю заразу на вас, і будзеце вы выдадзены ў рукі ворагаў.
26 Калі Я зьнішчу хлеб, вашу падпору жыцьця, тады пекчы будуць дзесяць жанчынаў хлеб сабе ў адной печцы і будуць выдаваць пад мерку, і вы будзеце есьці і не наясьцёся!
27 А калі і дзеля гэтых караў ня будзеце слухаць Мяне і будзеце хадзіць супраць Мяне,
28 дык Я выступлю супраць вас з гвалтоўнаю ярасьцю; Я пакараю вас сямікроць за грахі вашыя,
29 так што будзеце есьці целы сыноў і дачок вашых.
30 Я зруйную вашыя ўзгоркі, паб'ю вашыя слупы, і будзе брыдзіцца душа Мая вамі.
31 Гарады вашыя зраблю пустыняй, і спустошу сьвятыні вашыя, і не прыму больш паху ахвяраў вашых.
32 Я спустошу зямлю вашую, аж будуць дзівіцца ворагі вашыя, каторыя яе заселяць.
33 Вас жа расьцярушу між народамі і пушчу меч усьлед за вамі; і будзе зямля вашая пустая, а гарады будуць зруйнаваныя.
34 Тады зямля будзе адзначаць свае суботы ўсе дні свайго спусташэньня, а вы апынецеся ў зямлі ворагаў. Тады зямля адпачываць будзе і сьвяткаваць свае суботы.
35 Усе дні спусташэньня свайго будзе сьвяткаваць яна адпачынак, каторага не сьвяткавала ў гадах суботніх, калі вы ў ёй жылі.
36 А тым, каторыя з вас застануцца, Я напушчу страх у сэрцы іхнія ў зямлі ворагаў. Будзе палохаць іх шум лятучага ліста так, што будуць уцякаць, як ад мяча; і хоць ніхто ня будзе за імі гнацца, упадуць.
37 Будуць спатыкацца адзін аб другога, быццам ад мяча, хоць ніхто ня будзе гнацца за імі. Ня змогуць яны ўстаяць перад ворагам.
38 Вы загінеце паміж народамі, праглыне вас зямля варожая!
39 А тыя, хто з вас застануцца, будуць марнець у сваіх беззаконьнях з прычыны свайго злачынства ў землях сваіх ворагаў, дзеля грахоў бацькоў сваіх змарнеюць, як і яны.
40 Тады прызнаюцца яны да сваіх грахоў і да злачынства бацькоў сваіх, каторымі спаганіліся адносна Мяне і хадзілі супраць Мяне.
41 Таму Я выйшаў супраць іх ды ўвёў іх у зямлю варожую, каб упакарылася іхняе неабразанае сэрца, і каб яны панесьлі кару за свае беззаконьні.
42 Тады Я ўзгадаю запавет Мой, які заключыў зь Якубам, і Ізаакам, і Абрагамам. Тады вось узгадаю Я зямлю,
43 каторая была пакінутая імі; і будзе яна сплочваць свае суботы праз тое, што будзе спустошана па іх віне, а яны будуць несьці кару за свае правіны, бо адкінулі Мае законы і ўзгардзілі пастановамі Маімі.
44 Але і тады, калі яны будуць у зямлі ворагаў іхніх, не адкіну іх зусім і ня буду брыдзіцца імі так, каб цалкам іх зьнішчыць і зламаць Мой запавет зь імі, бо Я -Госпад, Бог іхні.
45 Дык прыгадаю Я ім запавет Мой з продкамі, каторых вывеў Я зь зямлі Эгіпецкай на віду ўсіх народаў, каб быць іх Богам. Я — Госпад!»
46 Гэта пастановы, прыказаньні і законы, якія даў Госпад на гары Сынай адносна Сябе і сыноў Ізраэля праз Майсея.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 26 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.