Лявіт 26 разьдзел
Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Не рабеце сабе куміраў і выяваў, і слупоў ня стаўце ў сябе, і камянёў з выявамі не кладзеце ў зямлі вашай, каб кланяцца перад імі, бо Я Гасподзь, Бог ваш.
Не рабіце сабе ідалаў і выяваў і не стаўляйце слупоў, ані каменных фігураў не стаўляйце ў зямлі вашай, каб пакланяцца ім. Бо Я — Госпад, Бог ваш.
Суботы Мае шануйце і сьвятыню Маю паважайце: Я Гасподзь.
Сьвяткуйце суботы Мае і шануйце сьвятыню Маю. Я — Госпад!
Калі вы будзеце рабіць паводле статутаў Маіх і запаведзі Мае будзеце шанаваць і выконваць іх,
Калі будзеце хадзіць паводле прыказаньняў Маіх, і берагчы загады Мае, і спаўняць іх,
дык Я дам вам дажджы ў свой час, і зямля дасьць парасьліны сваёй, і дрэвы польныя дадуць плод свой;
Я дам вам дажджы ў патрэбны час, і зямля будзе даваць ураджай, і дрэвы напоўняцца пладамі.
і малацьба хлеба будзе дасягаць у вас збору вінаграду, збор вінаграду будзе дасягаць севу, і будзеце есьці хлеб свой удосыць, і будзеце жыць на зямлі ў бясьпецы;
І малацьба хлеба працягнецца да збору вінаграду, а зьбіраньне вінаграду працягнецца да сяўбы, і будзеце есьці хлеб ваш удосталь, і спакойна будзеце жыць на сваёй зямлі.
пашлю мір на зямлю, ляжаце, і ніхто вас не занепакоіцца, выганю лютых зьвяроў зь зямлі, і меч ня пройдзе па зямлі вашай;
Я дам мір на межах вашых, і будзеце вы спаць, і ня будзе каму вас палохаць. Я прыму дзікіх зьвяроў, і меч ня пройдзе па зямлі вашай.
і праганяцьмеце ворагаў вашых, і ўпадуць яны перад вамі ад меча;
Вы будзеце гнаць ворагаў вашых, і будуць яны падаць ад мяча вашага.
пяцёра з вас прагоняць сто, і сто з вас прагоняць дзесяць тысяч, і ўпадуць ворагі вашы перад вамі ад меча;
Пяцёх з вас прагоняць сотню чужынцаў, і сотня з вас прагоніць дзесяць тысячаў. І будуць падаць ворагі вашыя ад мяча вашага.
пагляджу на вас, і пладаноснымі зраблю вас, і памножу вас, і ўстанаўлю запавет Мой з вамі;
Я прыхілюся да вас і дам вам плоднасьць, і вы размножыцеся; і заключу Я запавет Мой з вамі.
і будзеце есьці старое леташняе, і выкінеце старое дзеля новага;
Вы будзеце есьці збожжа зь леташніх збораў, а калі прыйдуць новыя зборы, павыкідаеце старыя.
і пастаўлю селішча Маё сярод вас, і душа Мая не пагрэбуе вамі;
Я пастаўлю прыпынак Мой сярод вас, і ня будзе брыдзіцца вамі душа Мая.
і хадзіцьму сярод вас і буду вашым Богам, і вы будзеце Маім народам.
Я буду жыць сярод вас і буду Богам вашым, а вы будзеце Маім народам.
Я Гасподзь Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб вы ня былі там рабамі, і разарваў повязі ярма вашага і павёў вас з паднятаю галавою.
Я — Госпад, Бог ваш, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб вы не былі там нявольнікамі. Я зламаў пруты ярма вашага, каб хадзілі вы з паднятымі галовамі.
Калі ж не паслухаецеся Мяне і ня будзеце выконваць усіх наказаў гэтых,
А калі ня будзеце Мяне слухаць і ня будзеце спаўняць усіх гэтых прыказаньняў Маіх,
і калі пагардзіце Маімі пастановамі, і калі душа вашая пагрэбуе Маімі законамі, так што вы ня будзеце выконваць усіх наказаў Маіх, парушыўшы запавет Мой, —
калі ўзгардзіце пастановамі Маімі, і ня будзеце зважаць на законы Мае, і ня будзеце выконваць усяго, што Мною пастаноўлена, і будзеце парушаць Мой запавет,
дык Я зраблю з вамі так: пашлю на вас жудасьць, чэзласьць і гарачку, ад якіх стомяцца вочы і вымучыцца душа, і будзеце сеяць насеньне вашае марна, і ворагі вашыя зьядуць яго;
тады Я так зраблю вам: наведаю вас жахам раптоўным, сухотамі і гарачкай, каторыя спрычыняюць сьлепату і нішчаць здароўе. Надарма будзеце сеяць насеньне, бо зьядуць яго ворагі.
павярну аблічча Маё на вас, і будзеце перад ворагамі вашымі, і будуць валадарыць над вамі непрыяцелі вашыя, і пабяжыце, калі ніхто ня гнацьмецца за вамі.
Я павярну аблічча Маё на вас, і будзеце вы падаць ад ворагаў вашых, і будуць панаваць над вамі тыя, каторыя вас зьненавідзілі, і будзеце вы ўцякаць, хоць ніхто ня будзе гнацца за вамі.
І калі пры ўсім гэтым не паслухаецеся Мяне, дык Я сямікроць павялічу пакараньне за грахі вашыя,
А калі і тады ня будзеце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас дзеля грахоў вашых у сем разоў,
і зламаю ганарыстую зацятасьць вашую, і неба вашае зраблю, як жалеза, і зямлю вашую, як медзь;
і сатру пыхлівасьць сілы вашай. Я зраблю для вас неба як жалеза, а зямлю як медзь.
і марна будзе вычэрпвацца сіла вашая, і зямля вашая ня дасьць парасьліны сваёй, і дрэвы зямлі не дадуць пладоў сваіх.
Надарма будзе марнавацца праца ваша; зямля ня будзе даваць ураджаю, а дрэвы палявыя не дадуць пладоў.
А калі пойдзеце супроць Мяне і не захочаце слухацца Мяне, дык Я дадам вам удараў сямікроць за грахі вашыя:
Калі і далей будзеце Мне працівіцца і не захочаце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашыя ў сем разоў.
пашлю на вас зьвяроў польных, якія пазбавяць вас дзяцей, зьнішчаць быдла ваша і вас паменшаць, так што апусьцеюць дарогі вашыя.
Я напушчу на вас зьвяроў палявых, каторыя пажаруць дзецей вашых і зьнішчаць жывёлу вашую, і зьменшаць колькасьць людзей; пустымі стануцца дарогі вашыя.
Калі і пасьля гэтага не паправіцеся і пойдзеце супроць Мяне,
Калі і далей ня будзеце напраў ляцца і будзеце Мне працівіцца,
дык і Я пайду супроць вас і паб’ю вас сямікроць за грахі вашыя,
дык і Я пайду супраць вас і буду вас караць у сем разоў цяжэй за грахі вашыя.
і навяду на вас помсны меч у адплату за запавет; калі ж пахаваецеся ў гарады вашыя, дык пашлю на вас пошасьць, і аддадзены будзеце ў рукі ворага;
Я навяду на вас меч, мсьціўцу за парушэньне запавету Майго. А калі паўцякаеце ў гарады вашыя, Я пашлю заразу на вас, і будзеце вы выдадзены ў рукі ворагаў.
хлеб, які мацуе чалавека, зьнішчу ў вас; дзесяць жанчын будуць пячы хлеб ваш у адной печы і аддавацьмуць хлеб ваш на вагу; вы будзеце есьці і ня будзеце сытыя.
Калі Я зьнішчу хлеб, вашу падпору жыцьця, тады пекчы будуць дзесяць жанчынаў хлеб сабе ў адной печцы і будуць выдаваць пад мерку, і вы будзеце есьці і не наясьцёся!
А калі і пасьля гэтага не паслухаецеся Мяне і пойдзеце супроць Мяне,
А калі і дзеля гэтых караў ня будзеце слухаць Мяне і будзеце хадзіць супраць Мяне,
дык і Я ў лютасьці пайду супроць вас і пакараю вас сямікроць за грахі вашыя,
дык Я выступлю супраць вас з гвалтоўнаю ярасьцю; Я пакараю вас сямікроць за грахі вашыя,
і будзеце есьці плоць сыноў вашых, і плоць дочак вашых есьцімеце:
так што будзеце есьці целы сыноў і дачок вашых.
спустошу вышыні вашыя, і разбуру слупы вашыя, і скіну трупы вашыя на руіны ідалаў вашых, і пагрэбуе душа Мая вамі;
Я зруйную вашыя ўзгоркі, паб'ю вашыя слупы, і будзе брыдзіцца душа Мая вамі.
гарады вашыя зраблю пустыняю, і спустошу сьвятыні вашыя, і ня буду нюхаць прыемнай духмянасьці ахвяраў вашых;
Гарады вашыя зраблю пустыняй, і спустошу сьвятыні вашыя, і не прыму больш паху ахвяраў вашых.
і спустошу зямлю вашу, так што зьдзівяцца зь яе ворагі вашы, што пасяліліся на ёй;
Я спустошу зямлю вашую, аж будуць дзівіцца ворагі вашыя, каторыя яе заселяць.
а вас расьсею сярод народаў і агалю сьледам за вамі меч, і будзе зямля ваша пустая і гарады вашы разбураныя.
Вас жа расьцярушу між народамі і пушчу меч усьлед за вамі; і будзе зямля вашая пустая, а гарады будуць зруйнаваныя.
Тады адшкадуе сябе зямля за суботы свае ва ўсе дні запусьценьня свайго; а калі вы будзеце ў зямлі ворагаў вашых, тады будзе пакоіцца зямля і адшкадуе сябе за суботы свае;
Тады зямля будзе адзначаць свае суботы ўсе дні свайго спусташэньня, а вы апынецеся ў зямлі ворагаў. Тады зямля адпачываць будзе і сьвяткаваць свае суботы.
ва ўсе дні запусьценьня будзе яна пакоіцца, колькі не пакоілася ў суботы вашыя, калі вы жылі на ёй.
Усе дні спусташэньня свайго будзе сьвяткаваць яна адпачынак, каторага не сьвяткавала ў гадах суботніх, калі вы ў ёй жылі.
Астаткам вашым пашлю ў сэрца баязьлівасьць у зямлі ворагаў іхніх, і шум трапятаньня ліста пагоніць іх, і пабягуць як ад меча, і ўпадуць, калі ніхто не даганяе,
А тым, каторыя з вас застануцца, Я напушчу страх у сэрцы іхнія ў зямлі ворагаў. Будзе палохаць іх шум лятучага ліста так, што будуць уцякаць, як ад мяча; і хоць ніхто ня будзе за імі гнацца, упадуць.
і спатыкнуцца адзін аб аднаго, як ад меча, тым часам як ніхто не даганяцьме, і ня будзе ў вас сілы супроцьстаяць ворагам вашым;
Будуць спатыкацца адзін аб другога, быццам ад мяча, хоць ніхто ня будзе гнацца за імі. Ня змогуць яны ўстаяць перад ворагам.
і загінеце сярод народаў, і зжарэ вас зямля ворагаў вашых;
Вы загінеце паміж народамі, праглыне вас зямля варожая!
а астаткі вашыя счэзнуць за свае беззаконьні ў землях ворагаў вашых і за беззаконьні бацькоў сваіх счэзнуць;
А тыя, хто з вас застануцца, будуць марнець у сваіх беззаконьнях з прычыны свайго злачынства ў землях сваіх ворагаў, дзеля грахоў бацькоў сваіх змарнеюць, як і яны.
тады прызнаюцца яны ў беззаконьні сваім і ў беззаконьні бацькоў сваіх, як яны ўчынялі злачынствы супроць Мяне і ішлі супроць Мяне,
Тады прызнаюцца яны да сваіх грахоў і да злачынства бацькоў сваіх, каторымі спаганіліся адносна Мяне і хадзілі супраць Мяне.
за што і Я ішоў супроць іх і ўвёў іх у зямлю ворагаў іхніх; тады ўпакорыцца неабрэзанае сэрца іхняе, і тады пацерпяць яны за беззаконьні свае.
Таму Я выйшаў супраць іх ды ўвёў іх у зямлю варожую, каб упакарылася іхняе неабразанае сэрца, і каб яны панесьлі кару за свае беззаконьні.
І Я ўзгадаю запавет Мой зь Якавам і запавет Мой зь Ісаакам, і запавет Мой з Абрагамам узгадаю, і зямлю ўзгадаю;
Тады Я ўзгадаю запавет Мой, які заключыў зь Якубам, і Ізаакам, і Абрагамам. Тады вось узгадаю Я зямлю,
тым часам як зямля пакінута будзе імі і будзе адшкадоўваць сябе за суботы свае, апусьцеўшы ад іх, і яны будуць цярпець за сваё беззаконьне, за тое, што пагарджалі законамі Маімі і душа іхняя грэбавала пастановамі Маімі,
каторая была пакінутая імі; і будзе яна сплочваць свае суботы праз тое, што будзе спустошана па іх віне, а яны будуць несьці кару за свае правіны, бо адкінулі Мае законы і ўзгардзілі пастановамі Маімі.
і тады як яны будуць у зямлі ворагаў іхніх, — Я не пагляджу на іх і не пагрэбую імі настолькі, каб зьнішчыць іх, каб разбурыць запавет Мой зь імі, бо Я Гасподзь, Бог іхні;
Але і тады, калі яны будуць у зямлі ворагаў іхніх, не адкіну іх зусім і ня буду брыдзіцца імі так, каб цалкам іх зьнішчыць і зламаць Мой запавет зь імі, бо Я -Госпад, Бог іхні.
нагадаю ім пра запавет іхні з продкамі, якіх вывеў Я зь зямлі Егіпецкай перад вачыма народаў, каб быць іхнім Богам. Я Гасподзь.
Дык прыгадаю Я ім запавет Мой з продкамі, каторых вывеў Я зь зямлі Эгіпецкай на віду ўсіх народаў, каб быць іх Богам. Я — Госпад!»
Вось пастановы і вызначэньні і законы, якія пастанавіў Гасподзь паміж Сабою і сынамі Ізраілевымі на гары Сінай праз Майсея.
Гэта пастановы, прыказаньні і законы, якія даў Госпад на гары Сынай адносна Сябе і сыноў Ізраэля праз Майсея.