Лявіт 9 разьдзел

Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

На восьмы дзень паклікаў Майсей Аарона і сыноў ягоных і старэйшынаў Ізраілевых
 
Восьмага дня паклікаў Майсей Аарона, сыноў яго і старшыняў Ізраэля і сказаў Аарону:

і сказаў Аарону: вазьмі сабе з валоў цяля ў ахвяру за грэх і барана на цэласпаленьне, абодвух без пахібы, і пастаў прад аблічча Гасподняе;
 
«Вазьмі са статку бычка ў ахвяру за грэх і барана на ахвяру цэлапаленьня, абодвух без заганы, і прынясі перад аблічча Госпада.

і сынам Ізраілевым скажы: вазьмеце казла ў ахвяру за грэх, і цяля, і ягня, адналетак, без пахібы, на цэласпаленьне,
 
А сынам Ізраэля скажы: «Вазьміце казла ў ахвяру за грэх, і цялё, і барана гадавога без заганы на ахвяру цэлапаленьня,

і вала і барана ў ахвяру мірную, каб учыніць ахвяраваньне перад абліччам Гасподнім, і прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем, бо сёньня Гасподзь явіцца вам.
 
і вала, і барана ў ахвяру прымірэньня, каб ахвяраваць іх перад Госпадам, і ахвяру зь яды, запраўленую алеем, бо сёньня Госпад зьявіцца вам».

І прынесьлі тое, што загадаў Майсей, да скініі сходу, і прыйшло ўсё супольства і стала перад абліччам Гасподнім.
 
І прынесьлі ўсё тое, што загадаў ім Майсей, да ўваходу ў Палатку Сустрэчы, і прыйшла ўся супольнасьць, і стала перад Госпадам.

І сказаў Майсей: вось, што загадаў Гасподзь зрабіць, і зьявіцца вам слава Гасподняя.
 
І сказаў ім Майсей: «Вось тое, што загадаў Госпад зрабіць, і аб'явіцца вам хвала Госпада!»

І сказаў Майсей Аарону: падыдзі да ахвярніка і ўчыні ахвяру тваю за грэх і цэласпаленьне тваё, і ачысьці сябе і народ, і зрабі прынашэньне ад народу, і ачысьці ім, як загадаў Гасподзь.
 
Дык сказаў Майсей Аарону: «Прыйдзі да ахвярніка, і складзі ахвяру за грэх і ахвяру цэлапаленьня, і ачысьці сябе і народ. І складзі ахвяру за народ, і ачысьці яго, як загадаў Госпад».

І падышоў Аарон да ахвярніка і закалоў цяля, якое за яго, у ахвяру за грэх:
 
Тады Аарон прыступіўся да ахвярніка і забіў цялё за грэх свой.

сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён памачыў палец свой у крыві і паклаў на рогі ахвярніка, а рэшту крыві выліў да падножжа ахвярніка;
 
Сыны яго далі яму кроў цяляці, і ён, памачыўшы палец ў крыві, памазаў ёю рагі ахвярніка, а астатак выліў на падставу ахвярніка.

а здор і ныркі і сальнік на печані ад ахвяры за грэх спаліў на ахвярніку, як загадаў Гасподзь Майсею;
 
Тлушч, ныркі і тлушч на вантробе з ахвяры за грэх спаліў ён на ахвярніку, як загадаў Госпад Майсею,

а мяса і скуру спаліў на агні па-за табарам.
 
а мяса і скуру ягоную спаліў на агні за табарам.

І закалоў цэласпаленьне, і сыны Аарона паднесьлі яму кроў; ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў;
 
Пасьля забіў ахвяру цэлапаленьня; сыны яго далі яму кроў, і ён выліў яе кругом ахвярніка.

і прынесьлі яму цэласпаленьне ў кавалках і галаву, і ён спаліў на ахвярніку,
 
Далі яму таксама ахвяру цэлапаленьня, падзеленую на часткі, разам з галавой, і ён спаліў гэта на ахвярніку.

а вантробы і ногі абмыў і спаліў з цэласпаленьнем на ахвярніку.
 
Потым абмыў нутро і ногі і спаліў як цэлапаленьне на ахвярніку.

І прынёс прынашэньне ад народу: і ўзяў ад народу казла за грэх, і закалоў яго, і прынёс яго ў ахвяру за грэх, як і першага.
 
Потым склаў ён ахвяру за народ. Узяў казла, каторы быў прызначаны на ахвяру за грэх народу, і забіў яго, і ахвяраваў за грэх, як і першага.

і прынёс цэласпаленьне і ўчыніў яго паводле статуту.
 
Пасьля ўзяў ахвяру цэлапаленьня і ахвяраваў яе паводле пастановы.

І прынёс прынашэньне хлебнае і напоўніў ім рукі свае, і спаліў на ахвярніку звыш ранішняга цэласпаленьня.
 
І прынёс ён ахвяру зь яды, і напоўніў ёю руку сваю ды спаліў на ахвярніку, апрача ранішняй ахвяры цэлапаленьня.

І закалоў вала і барана, якія ад народу, у ахвяру мірную; і сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў;
 
Пасьля забіў вала і барана, ахвяры прымірэньня ад народу; сыны ж яго далі яму кроў, каторую выліў ён кругом ахвярніка.

паднесьлі і тлушч з вала, і з барана курдзюк, і здор, што на вантробах, і ныркі і сальнік на печані,
 
Тлушч жа вала і хвост барана, і ныркі з лоем, і тлушч на вантробе

і паклалі: тлушч на грудзіну, і ён спаліў тлушч на ахвярніку;
 
палажылі на грудзіну; і тлушч быў спалены на ахвярніку;

а грудзіну і правы плячук прынёс Аарон, трасучы перад абліччам Гасподнім, як загадаў Майсей.
 
а грудзіна і правае плячо Аарон прынёс, патрасаючы перад Госпадам, як загадаў яму Майсей.

І падняў Аарон рукі свае, павярнуўшыся да людзей, і дабраславіў іх, і сышоў, учыніўшы ахвяру за грэх, цэласпаленьне і ахвяру мірную.
 
І падняў Аарон рукі ў бок народу і дабраславіў яго, і па заканчэньні ахвяраў за грэх, ахвяраў цэлапаленьня і ахвяраў прымірэньня зыйшоў уніз.

І ўвайшлі Майсей і Аарон у скінію сходу, і выйшлі, і дабраславілі народ. І зьявілася слава Гасподняя ўсяму народу:
 
Потым Майсей і Аарон увайшлі ў Палатку Сустрэчы і, выйшаўшы адтуль, дабраславілі народ. У гэты час аб'явіліся хвала Госпада ўсяму народу.

і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў на ахвярніку цэласпаленьня і тлушч; і бачыў увесь народ і ўсклікнуў з радасьці, і ўпаў на аблічча сваё.
 
І вось агонь выйшаў ад Госпада, і спаліў ахвяру цэлапаленьня разам з тлушчам, які быў на ахвярніку. Калі ўбачылі гэта людзі, узрадаваліся вельмі, падаючы тварам да зямлі.