Лявіт 7 разьдзел

Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І вось закон пра ахвяру павіннасьці: гэта вялікая сьвятыня;
 
Вось закон адносна ахвяры аднагараджэньня. Гэта сьвятая рэч.

ахвяру павіннасьці трэба калоць на тым месцы, дзе заколваецца цэласпаленьне, і крывёю яе крапіць на ахвярнік з усіх бакоў:
 
На тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэлапаленьня, будуць забіваць ахвяру аднагараджэньня, і кроў яе выльюць вакол ахвярніка;

ахвяравальнік павінен прынесьці зь яе ўвесь тлушч, курдзюк і лой які пакрывае вантробы,
 
але ўвесь тлушч зь яе будзе складзены ў ахвяру: курдзюк, тлушч, пакрываючы нутро,

і абедзьве ныркі і лой, што на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, што на печані; з ныркамі хай ён аддзеліць гэта:
 
абедзьве ныркі, а тлушч на вантробе разам з ныркамі хай будзе аддзелены.

і спаліць гэта сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду; гэта ахвяра за віну.
 
Спаліць гэта ўсё сьвятар на ахвярніку на мілы пах Госпаду. Такая вось ахвяра аднагараждэньня.

Увесь мужчынскі пол сьвятарскага роду можа есьці яе; на сьвятым месцы павінен есьці яе: гэта вялікая сьвятыня.
 
Кожны мужчына са сьвятарскага роду будзе спажываць гэтае мяса на сьвятым месцы. Бо гэта вялікая сьвятая рэч.

Як пра ахвяру за грэх, так і пра ахвяру за віну закон адзін: яна належыць сьвятару, які ачышчае ёю.
 
Для ахвяры за грэх і для ахвяры аднагараджэння закон адзін: Яна належыць сьвятару, каторы складаў гэтую ахвяру.

І калі сьвятар прыносіць чыю-небудзь ахвяру цэласпаленьня, скура ад ахвяры цэласпаленьня, якую ён прыносіць, належыць сьвятару;
 
Сьвятар, каторы складае ахвяру цэлапаленьня, атрымоўвае скуру жывёлы, каторую склаў ў ахвяру.

і любое прынашэньне хлебнае, якое печанае ў печы, і любое гатаванае ў печы, і любое гатаванае ў горшчыку альбо на патэльні, належыць сьвятару, які прыносіць яго;
 
Таксама кожная ахвяра зь яды, смажаная ў печы, у гаршчку або на патэльні, належыць сьвятару, каторым гэтая ахвяра складзена.

і ўсякае прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем і сухое, належыць усім сынам Ааронавым, як аднаму, так і другому.
 
Але кожная ахвяра зь яды з алеем або сухая, належыць усім сынам Аарона, як адному, так і другому.

Вось закон пра ахвяру мірную, якую прыносяць Госпаду:
 
Вось закон адносна ахвяры прымірэньня, каторую складаюць Госпаду:

калі хто ў падзяку прыносіць яе, дык пры ахвяры падзякі ён павінен прынесьці прэсныя хлябы, зьмяшаныя з алеем, і прэсныя ляпёшкі, памазаныя алеем, і пшанічную муку, насычаную алеем, хлябы, зьмяшаныя з алеем;
 
Калі хто складае гэтую ахвяру як падзяку, то хай далучыць да гэтай ахвяры падзякі таксама прэсныя аладкі з алеем, і прэсныя сухарыкі, запраўленыя алеем, і пшанічную муку з алеем.

акрамя ляпёшак няхай ён прыносіць у прынашэньне сваё квашаны хлеб, пры мірнай ахвяры падзякі;
 
Таксама хай прыносіць аладкі зь цеста квашанага пры ахвяры прымірэньня ў падзяку.

адно што-небудзь з усяго прынашэньня свайго няхай прынясе ён у прынашэньне Госпаду: гэта належыць сьвятару, які кропіць крывёю мірнай ахвяры;
 
З усіх ахвяраў хай адна будзе ахвяраваная як асаблівы дар Госпаду. Яна будзе належаць сьвятару, каторы вылье кроў прымірэньня.

мяса мірнай ахвяры падзякі трэба зьесьці ў дзень прынашэньня яе, нельга пакідаць зь яе да раніцы.
 
Мяса ахвяраў прымірэньня ў падзяку мусіць быць зьедзена ў той самы дзень, нельга нічога зь іх пакідаць да раніцы.

А калі хто прыносіць ахвяру па абяцаньні альбо ад руплівасьці, дык ахвяру яго трэба есьці ў дзень прынашэньня, і на другі дзень рэшту яе есьці можна,
 
Калі хто складае ахвяру як шлюбаваньне або з добрай волі, то ахвяру яго трэба есьці ў дзень ахвяраваньня, але і на другі дзень можна есьці застаўшаеся.

а рэшту ахвярнага мяса да трэцяга дня трэба спаліць на агні;
 
Калі што застанецца на трэці дзень, тое трэба спаліць.

а калі будуць есьці мяса мірнай ахвяры на трэці дзень, дык яна ня будзе спрыяльная: хто яе прынясе, таму не залічыцца: гэта апаганьваньне, і хто будзе есьці яе, той прыме на сябе грэх;
 
Калі хто зьесьць штосьці з ахвяры прымірэньня на трэці дзень, то такая ахвяра ня будзе прынятая; ня будзе яна залічана таму, хто яе склаў, бо гэта зьнявага; а той, хто будзе яе есьці, дапусьціцца грэху.

мяса ад гэтага, калі яно дакранецца да чаго-небудзь нячыстага, нельга есьці, а трэба спаліць яго на агні, а мяса чыстае можа есьці кожны чысты:
 
Мяса, каторае дакраналася чаго нячыстага, нельга есьці, але спальваецца яно на агні; а мяса чыстае можа есьці кожны чысты.

а калі якая душа, маючы на сабе нячыстасьць, будзе есьці мяса мірнай ахвяры Гасподняй, дык зьнішчыцца душа тая з народу свайго;
 
Калі аднак хто, будучы ў нячыстасьці, будзе есьці мяса ахвяры прымірэньня, каторая для Госпада, то будзе выключаны з народу свайго.

а калі якая душа, дакрануўшыся да чаго-небудзь нячыстага, да нячыстасьці чалавечай, альбо да нячыстага быдла, альбо да якога-небудзь нячыстага гада, будзе есьці мяса мірнай ахвяры Гасподняй, дык зьнішчыцца душа тая з народу свайго.
 
Калі хто дакранецца якойсьці нячыстасьці чалавечай, або нячыстасьці жывёлы, або нячыстага паўзуна, і будзе есьці мяса ахвяры прымірэньня, каторая для Госпада, той будзе выключаны з народу свайго».

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

скажы сынам Ізраілевым, ніякага тлушчу ні з вала, ні з авечкі, ні з казла ня ежце;
 
«Скажы сынам Ізраэля: Нельга вам есьці тлушч цялят, авец і казлоў.

тлушч зь мёртвага і тлушч з разадранага зьверам можна ўжываць на ўсякую справу; а есьці, ня ежце яго:
 
Можна карыстацца тлушчам зьвяроў мёртвых або разьдзёртых у кожнай патрэбе, але ня ешце яго;

бо хто будзе есьці тлушч з быдла, якое прыносіцца ў ахвяру Госпаду, зьнішчыцца душа тая з народу свайго;
 
калі хто будзе есьці тлушч жывёлаў, складаных на ахвяру цэлапаленьня для Госпада, той будзе выключаны з народу свайго.

і ніякай крыві ня ежце ва ўсіх селішчах вашых ні з птушак, ні з быдла;
 
Дзе толькі будзеце жыць, нельга вам есьці ніякай крыві, ані крыві птушак, ані крыві быдла.

а хто будзе есьці якую-небудзь кроў, зьнішчыцца душа тая з народу свайго.
 
Хто будзе есьці якую-колечы кроў, той будзе выключаны з народу свайго».

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

скажы сынам Ізраілевым: хто прыносіць мірную ахвяру сваю Госпаду, той зь мірнай ахвяры частку павінен прынесьці ў прынашэньне Госпаду;
 
«Скажы сынам Ізраэля: Хто складае ахвяру прымірэньня для Госпада, хай прынясе свой дар Госпаду з ахвяры прымірэньня.

сваімі рукамі павінен ён прынесьці ў ахвяру Госпаду: тлушч з грудзінай павінен ён прынесьці ў ахвяру Госпаду: тлушч з грудзінай павінен ён прынесьці, патрасаючы грудзінай перад абліччам Гасподнім;
 
Сваімі рукамі хай прынясе ён ахвяру агнявую для Госпада: тлушч з грудзіны і грудзіну, каб трэсьці імі перад Госпадам.

тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным;
 
Тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным.

і правы плячук, як паднашэньне, зь мірных ахвяраў вашых аддавайце сьвятару:
 
Таксама правую лапатку аддасьцё сьвятару як частку сьвятарскую з ахвяраў прымірэньня.

хто з сыноў Ааронавых прыносіць кроў зь мірнай ахвяры і тлушч, таму і правая лапатка на долю;
 
Каторы з сыноў Аарона складае ў ахвяру кроў і тлушч ахвяры прымірэньня, той як сваю частку атрымае правую лапатку,

бо Я бяру ад сыноў Ізраілевых зь мірных ахвяраў іхніх грудзіну патрасаньня і плячук паднашэньня, і аддаю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечную дзялянку ад сыноў Ізраілевых.
 
бо грудзіну патрасаную і лапатку падыманую Я бяру ад сыноў Ізраэля зь іхніх ахвяраў прымірэньня і даю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечны закон ад усяго народа Ізраэльскага».

Вось дзялянка Аарону і дзялянка сынам ягоным з ахвяраў Гасподніх з дня, калі яны стануць прад Госпадам дзеля сьвяшчэнадзеяньня,
 
Гэта ёсьць частка з ахвяраў, паленых для Госпада, каторая належыцца Аарону і сынам ягоным ад дня пасьвячэньня іх на сьвятароў Госпадавых.

якое загадаў Гасподзь даваць ім з дня памазаньня іх ад сыноў Ізраілевых. Гэта вечная пастанова ў роды іхнія.
 
У дзень, калі іх Госпад памазаў, загадаў Ізраэлю даваць ім гэта. Гэта пастанова вечная ў пакаленьні іхнія.

Вось закон пра цэласпаленьне, пра прынашэньне хлебнае, пра ахвяру за грэх, пра ахвяру за віну, пра ахвяру прысьвячэньня і пра ахвяру мірную,
 
Гэта вось закон адносна ахвяры цэлапаленьня, ахвяры зь яды, ахвяры за грэх, ахвяры аднагараджэньня, ахвяры пасьвячэньня і ахвяры прымірэньня.

які даў Гасподзь Майсею на гары Сінай, калі загадаў сынам Ізраілевым, у пустыні Сінайскай, прыносіць Госпаду прынашэньні іхнія.
 
Гэта загадаў Госпад Майсею на гары Сынай ў дзень, калі загадаў сынам Ізраэля складаць ахвяры Госпаду ў пустыні Сынайскай.