Лявіт 14 разьдзел
Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
Далей казаў Госпад Майсею:
вось закон пра пракажонага, калі трэба яго ачысьціць: прывядуць яго да сьвятара
«Гэта закон адносна пракажанага ў дзень ягонага ачышчэньня: Няхай прывядуць яго да сьвятара,
а сьвятар выйдзе вонкі з табара, і калі сьвятар убачыць, што пракажоны выздаравеў ад хваробы праказы,
і сьвятар выйдзе з табару, і калі (сьвятар) сьцьвердзіць, што праказа вылечаная,
дык сьвятар загадае ўзяць дзеля цалёнага дзьвюх птушак жывых чыстых, кедровага дрэва, чырванёную нітку і ісопу,
загадае, каб за таго, каторы ачышчаны, узялі дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і кедровага дрэва, і кармазыновыя ніткі, і гізоп.
і загадае сьвятар закалоць адну птушку над гліняным посудам, над жывою вадою;
Потым сьвятар загадае забіць адну птушку над гліняным начыньнем, напоўненым жывою вадой.
а сам ён возьме жывую птушку, кедровае дрэва, чырванёную нітку і ісоп і абмочыць іх і жывую птушку ў крыві птушкі заколатай над жывою вадою,
Пасьля возьме другую жывую птушку разам з кавалкам дрэва кедровага, зь ніткамі кармазыновымі, і гізоп, і ўмочыць іх і жывую птушку ў крыві (птушкі) забітай над жывою вадою,
і пакропіць на таго, каго ачышчаюць ад праказы, сем разоў, і абвесьціць яго чыстым, і выпусьціць жывую птушку ў поле;
і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, і аб'явіць яго чыстым. А жывую птушку выпусьціць у поле.
той, каго ачышчаюць, абмые вопратку сваю, абстрыжэ ўсе валасы свае, абмыецца вадою і будзе чысты; потым увойдзе ў табар і прабудзе сем дзён па-за намётам сваім;
Ачышчаны памые адзеньне сваё, абголіць усе валасы на целе, і вымыецца ў вадзе, і будзе чысты. Пасьля ачышчаны ўвойдзе ў табар і будзе жыць сем дзён па-за сваёй палаткай.
на сёмы дзень паголіць усе валасы свае, галаву сваю, бараду сваю, бровы над вачамі сваімі, усе валасы свае паголіць, і абмые вопратку сваю, і абмые цела сваё вадою, і будзе чысты;
Сёмага дня абголіць ён усе валасы, вымые адзеньне, абголіць галаву і бараду, і бровы, абмые ўсё цела вадой і будзе чысты.
на восьмы дзень возьме ён двух бараноў без пахібы, і адну авечку гадавалую без пахібы, і тры дзясятых эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, дзеля прынашэньня хлебнага, і адзін лог алею;
Восьмага дня возьме ён двух баранчыкаў без заганы, адну гадавую авечку без заганы і тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, зьмешанай з алеем, як ахвяру зь яды, і адзін лог алею.
сьвятар ачышчальнік паставіць чалавека, якога ачышчае, зь імі прад Госпадам каля ўваходу ў скінію сходу;
Потым сьвятар, каторы ачышчае, паставіць чалавека ачышчанага з усім гэтым перад Госпадам ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.
і возьме сьвятар аднаго барана і прынясе ў ахвяру за віну, і лог алею, і прынясе гэта, трасучы прад Госпадам;
Пасьля сьвятар возьме аднаго баранчыка і складзе яго ў ахвяру за грэх, поруч лог алею, і прынясе ўсё гэта, патрасаючы перад Госпадам.
і заколе барана на тым месцы, дзе колюць ахвяру за грэх і цэласпаленьне, на месцы сьвятым, бо гэта ахвяра за віну, як і ахвяра за грэх, належыць сьвятару: гэта вялікая сьвятыня;
Далей заб'е гэтага баранчыка на месцы, на каторым забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэлапаленьня, на месцы сьвятым, бо ахвяра аднагараджэньня, як і ахвяра за грэх, належыць сьвятару; гэта сьвятая рэч.
і возьме сьвятар крыві з ахвяры за віну, і пакладзе сьвятар на край правага вуха таго, каго ачышчае, і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай;
Далей возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня і памажа ёю верх вуха чалавека ачышчанага, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
і возьме сьвятар з логу алею і палье на левую сваю далоню;
Далей сьвятар возьме з лога алею і вылье яго на сваю левую далонь.
і ўмочыць сьвятар правы палец свой у алей, які на левай далоні ягонай, і пакропіць алеем з пальца свайго сем разоў прад абліччам Госпада;
Потым сьвятар памочыць палец правай рукі ў алеі, каторы на яго левай далоні, і пакрапіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад Госпадам.
а рэшту алею, які на далоні ягонай, пакладзе сьвятар на край правага вуха таго, каго ачышчае, на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай, на кроў ахвяры за віну;
Астаткам алею, каторы на яго далоні, сьвятар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі, над крывёй яго ахвяры аднагараджэньня.
а рэшту алею, які на далоні ў сьвятара, пакладзе ён на галаву таго, каго ачышчае, і ачысьціць яго сьвятар перад абліччам Госпада;
А астатак алею на яго далоні вылье ён на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак ачысьціць яго перад Госпадам.
і ўчыне сьвятар ахвяру за грэх і ачысьціць чалавека ад нечысьці ягонай; пасьля таго заколе ахвяру цэласпаленьня;
Пасьля сьвятар складзе ахвяру за грэх і ачысьціць таго, хто ачышчаецца, ад нячыстасьці яго. Далей складзе ахвяру цэлапаленьня,
і пакладзе сьвятар цэласпаленьне і прынашэньне хлебнае на ахвярнік; і ачысьціць яго сьвятар, і ён будзе чысты.
і складзе гэтую ахвяру на ахвярніку разам з ахвярай зь яды. І так сьвятар ачысьціць таго чалавека, і будзе ён чысты.
Калі ж ён бедны і ня мае дастатку, дык няхай возьме аднаго барана ў ахвяру павіннасьці дзеля трасеньня, каб ачысьціць сябе, і адну дзесяцярыну эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае, і лог алею,
Калі ж хто бедны ды жыве ў нястачы, то хай возьме аднаго барана ў ахвяру аднагараджэньня для патрасаньня, каб быць ачышчаным, а таксама дзесятую частку эфы мукі, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды, і адзін лог алею,
і дзьве галубкі альбо два маладыя галубы, што дастане рука ягоная, адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне;
і два туркі або двое маладых галубкоў, на што будзе здольная рука яго; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэлапаленьне.
і прынясе іх на восьмы дзень ачышчэньня свайго сьвятару да ўваходу ў скінію сходу, перад аблічча Госпада;
І прынясе іх на восьмы дзень свайго ачышчэньня да сьвятара да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы перад Госпада.
сьвятар возьме барана ахвяры за віну і лог алею, і прынясе гэта сьвятар, трасучы перад Госпадам;
Сьвятар возьме ягнё за грэх і лог алею ды разам патрасе перад Госпадам.
і заколе барана ў ахвяру павіннасьці, і возьме сьвятар крыві ахвяры павіннасьці, і пакладзе на край правага вуха таго, каго ачышчае, і на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай;
І заб'е барана ў ахвяру за грэх. Пасьля возьме сьвятар кроў ахвяры за грэх і памажа верх правага вуха ачышчанага чалавека, і вялікі палец яго правай рукі, і вялікі палец яго правай нагі.
і налье сьвятар алею на левую сваю далонь,
Далей сьвятар налье алею на сваю левую далонь
і алеем, які на левай далоні ягонай, пакропіць сьвятар правым пальцам сваім сем разоў перад абліччам Гасподнім;
і, памачыўшы ў ім палец правай рукі сваёй, пакрапіць сем разоў перад абліччам Госпада.
і пакладзе сьвятар алею, які на далоні ягонай, на край правага вуха таго, каго ачышчае, на вялікі палец правай рукі ягонай і на вялікі палец правай нагі ягонай, на месца крыві з ахвяры за віну;
Далей сьвятар памажа алеем, які ў яго на далоні, верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі ў месцы крыві ахвяры аднагараджэньня.
а рэшту алею, які на далоні ў сьвятара, пакладзе ён на галаву таго, каго ачышчае, каб ачысьціць яго перад абліччам Госпада;
Астатак жа алею, што застаўся на левай руцэ яго, вылье сьвятар на галаву таго, хто ачышчаецца, каб перапрасіць за яго Госпада.
і прынясе адну галубку, альбо аднаго маладога голуба, што дастане рука,
Пасьля ахвяруе аднаго турка або маладога галубка, каторага прынясе рука таго, хто ачышчаецца,
з таго, што дастане рука ягоная, адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, разам з прынашэньнем хлебным; і ачысьціць сьвятар чалавека перад абліччам Госпада.
і ахвяруе аднаго за грэх, а другога на цэлапаленьне разам з ахвярай зь яды, і так ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам.
Вось закон пра пракажонага, які ў час ачышчэньня свайго ня мае дастатку.
Такая вось ахвяра пракажанага, якому не стае (маёмасьці) ў часе ачышчэньня свайго».
І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:
Гэта вось казаў Госпад Майсею і Аарону:
калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаанскую, якую Я даю вам у валоданьне, і Я навяду струплю праказы на дамы ў зямлі валоданьня вашага,
«Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, каторую Я дам вам на ўласнасьць, і калі б зьявілася праказа на дамах пасяленьня вашага,
тады той, чый дом, павінен пайсьці і сказаць сьвятару: у мяне на доме паявілася як бы струпля.
хай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць сьвятара: «Здаецца мне, што праказа завялася ў маім доме».
Сьвятар загадае апаражніць дом, перш чым сьвятар увойдзе аглядаць струплю, каб не зьнячысьцілася ўсё, што ў доме; пасьля гэтага прыйдзе сьвятар аглядаць дом.
Сьвятар загадае, каб прынялі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб не запаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе сьвятар, каб агледзець дом.
Калі ён, агледзеўшы струплю, убачыць, што струпля на сьценах дома складаецца зь зеленаватых альбо чырванаватых ямін, якія будуць заглыбленыя ў сьцяне,
І калі б заўважыў на сьценах яго нібы ямінкі, цьвільлю пакрытыя, і зеленявыя, уеўшыся ў сьцяну,
дык сьвятар выйдзе з дома да дзьвярэй дома і замкне дом на сем дзён.
тады выйдзе з дому да дзьвярэй і зараз жа зачыніць яго на сем дзён.
На сёмы дзень зноў прыйдзе сьвятар, і калі ўбачыць, што струпля пашырылася па сьценах дома,
Сёмага дня, вярнуўшыся, агледзіць дом. І калі заўважыць, што язва пашырылася,
дык сьвятар загадае выламаць камяні, на якіх струпля, і выкінуць іх за горадам на месца нячыстае;
загадае тое каменьне заражанае вырваць ды выкінуць за горад на нячыстае месца.
а дом усярэдзіне няхай увесь выскабляць, і абмазку, якую саскобляць, высыплюць за горадам на месца нячыстае;
Дом жа кругом унутры абскрабуць і абскрэбкі выкінуць на месца нячыстае за горадам.
і возьмуць іншыя камяні і ўставяць замест тых камянёў, і возьмуць іншую абмазку і абмажуць дом.
Пасьля возьмуць іншыя каменьні і пакладуць на месца папярэдніх каменьняў, ды возьмуць іншую заправу і атынкуюць дом.
Калі струпля зноў аб’явіцца і будзе цьвісьці на доме пасьля таго, як выламалі камяні і выскаблілі дом і абмазалі,
Калі ж пляма зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі каменьні, а дом абскрэблі і атынкавалі,
дык сьвятар прыйдзе і агледзіць, і калі струпля на доме пашырылася, дык гэта едкая праказа на доме, нячысты ён;
дык прыйдзе сьвятар і агледзіць яго. І калі сьцьвердзіць, што зараза ў доме пашырылася, значыць, гэта ліхая праказа, і дом нячысты.
трэба зламаць гэты дом, і камяні яго і дрэва яго і ўсю абмазку дома і вынесьці за горад на месца нячыстае;
Тады дом гэты зараз жа разьбяруць, а каменьне, і дрэва, і ўвесь попел дому таго выкінуць за горад у нячыстае месца.
хто ўваходзіць у дом увесь той час, калі ён замкнуты, той нячысты да вечара;
Калі б хто ўвайшоў у дом, калі ён зачынены, будзе ён нячысты да вечара,
і хто сьпіць у доме тым, той павінен вымыць вопратку сваю; і хто есьць у доме тым, той павінен вымыць вопратку сваю.
а калі б хто спаў у ім або еў штосьці, хай памые адзеньне сваё.
А калі сьвятар прыйдзе і ўбачыць, што струпля на доме не пашырылася пасьля таго, як абмазалі дом, дык сьвятар абвесьціць дом чыстым, бо струпля прайшла.
Калі вось сьвятар прыйдзе, і агледзіць яго, і сьцьвердзіць, што зараза не пашырылася ў гэтым доме па атынкаваньні, дык прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылекавана.
І каб ачысьціць дом, возьме ён дзьвюх птушак, кедровага дрэва, чырванёную нітку і ісопу,
Каб ачысьціць дом, сьвятар возьме дзьве птушкі, кавалак дрэва кедровага, ніткі кармазыновыя і гізоп.
і заколе адну птушку над гліняным посудам, над жывою вадою;
І заб'е адну птушку над пасудзінай глінянай над жывою вадою.
і возьме кедровае дрэва і ісоп, і чырванёную нітку і жывую птушку, і абмочыць іх у крыві птушкі заколатай і ў жывой вадзе, і пакропіць дом сем разоў;
Пасьля возьме кедровага дрэва, гізоп, ніткі кармазыновыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў жывой вадзе, і пакрапіць сем разоў дом.
і ачысьціць дом крывёю птушкі і жывою вадою, і жывою птушкаю і кедровым дрэвам і ісопам і чырванёнаю ніткаю;
Такім чынам ачысьціць крывёй птушкі, і вадой жывой, і дрэвам кедровым, і ніткамі кармазыновымі, і гізопам.
і пусьціць жывую птушку за горадам у поле і ачысьціць дом, і будзе чысты.
А жывую птушку пусьціць за горадам на полі. Такім чынам ачысьціць дом, і ён будзе чыстым.
Вось закон пра ўсякую струплю праказы і пра пархатасьць,
Гэта закон адносна ўсякай заразы, праказы і паршывасьці,
і пра праказу на вопратцы і на доме, і пра пухліну, і пра лішаі, і пра плямы, —
праказы адзеньня і дому, пухліны, скулаў і белых плямаў,
каб указаць, калі гэта нячыстае і калі чыстае: вось закон пра праказу.
каб навучыць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».