Лявіт 14 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

«Гэта закон адносна пракажанага, калі належыць яму ачышчацца: прывядуць яго да святара,
 
«Гэта закон адносна пракажанага ў дзень ягонага ачышчэньня: Няхай прывядуць яго да сьвятара,

а ён выйдзе з лагера і, калі выявіць, што праказа вылечаная,
 
і сьвятар выйдзе з табару, і калі (сьвятар) сьцьвердзіць, што праказа вылечаная,

загадае, каб за таго, які ачышчаны, узялі дзве птушкі жывыя, чыстыя, і кедравага дрэва, і кармазынавыя ніткі, і гізоп.
 
загадае, каб за таго, каторы ачышчаны, узялі дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і кедровага дрэва, і кармазыновыя ніткі, і гізоп.

Потым святар загадае забіць адну птушку ў гліняным начынні над жывою вадой.
 
Потым сьвятар загадае забіць адну птушку над гліняным начыньнем, напоўненым жывою вадой.

Пасля другую жывую птушку разам з кавалкам дрэва кедравага, з ніткамі кармазынавымі і з гізопам умочыць у крыві птушкі, забітай над жывою вадою,
 
Пасьля возьме другую жывую птушку разам з кавалкам дрэва кедровага, зь ніткамі кармазыновымі, і гізоп, і ўмочыць іх і жывую птушку ў крыві (птушкі) забітай над жывою вадою,

і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, каб той быў ачышчаным па законе. А жывую птушку выпусціць, каб ляцела ў поле.
 
і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, і аб'явіць яго чыстым. А жывую птушку выпусьціць у поле.

Калі ачышчаны памые адзенне сваё, абголіць усе валасы на целе і вымыецца ў вадзе, і, ачышчаны, увойдзе ў лагер, аднак будзе жыць сем дзён па-за сваёй палаткай.
 
Ачышчаны памые адзеньне сваё, абголіць усе валасы на целе, і вымыецца ў вадзе, і будзе чысты. Пасьля ачышчаны ўвойдзе ў табар і будзе жыць сем дзён па-за сваёй палаткай.

І сёмага дня абголіць ён валасы на галаве, бараду і бровы, ды валасы на ўсім целе, і вымые адзенне і цела сваё вадой, і будзе чысты.
 
Сёмага дня абголіць ён усе валасы, вымые адзеньне, абголіць галаву і бараду, і бровы, абмые ўсё цела вадой і будзе чысты.

Восьмага дня возьме ён двух бараноў без заганы, адну гадавалую авечку без плямы і тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, змешанай з алеем, як ахвяру [з ежы] і адзін лог алею.
 
Восьмага дня возьме ён двух баранчыкаў без заганы, адну гадавую авечку без заганы і тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, зьмешанай з алеем, як ахвяру зь яды, і адзін лог алею.

Потым святар, які ачышчае, паставіць гэтага чалавека з усім гэтым перад Госпадам ля ўваходу ў палатку сустрэчы.
 
Потым сьвятар, каторы ачышчае, паставіць чалавека ачышчанага з усім гэтым перад Госпадам ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.

Пасля возьме аднаго барана і складзе яго ў ахвяру за грэх, поруч лог алею, уздымаючы ўсё гэта перад Госпадам.
 
Пасьля сьвятар возьме аднаго баранчыка і складзе яго ў ахвяру за грэх, поруч лог алею, і прынясе ўсё гэта, патрасаючы перад Госпадам.

І заб’е барана на месцы, на якім звычайна забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэласпалення, на месцы святым. Як ахвяра за грэх, так і ахвяра за праступак належыць святару, гэта святая рэч!
 
Далей заб'е гэтага баранчыка на месцы, на каторым забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэлапаленьня, на месцы сьвятым, бо ахвяра аднагараджэньня, як і ахвяра за грэх, належыць сьвятару; гэта сьвятая рэч.

Далей возьме святар кроў ахвяры аднагараджэння і памажа ёю верх вуха чалавека ачышчанага, а таксама вялікі палец яго правай рукі ды вялікі палец яго правай нагі.
 
Далей возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня і памажа ёю верх вуха чалавека ачышчанага, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.

Далей святар з лога алею вылье на сваю левую далонь
 
Далей сьвятар возьме з лога алею і вылье яго на сваю левую далонь.

і памочыць правы палец у ім ды пакропіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад Госпадам.
 
Потым сьвятар памочыць палец правай рукі ў алеі, каторы на яго левай далоні, і пакрапіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад Госпадам.

Рэштай алею ў левай руцэ святар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі; над крывёй ахвяры за праступак.
 
Астаткам алею, каторы на яго далоні, сьвятар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі, над крывёй яго ахвяры аднагараджэньня.

І ускладзе на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак ачысціць яго перад Госпадам.
 
А астатак алею на яго далоні вылье ён на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак ачысьціць яго перад Госпадам.

Пасля святар складзе ахвяру за грэх і ачысціць таго, хто ачышчаецца ад нячыстасці яго. Далей заб’е ахвяру цэласпалення
 
Пасьля сьвятар складзе ахвяру за грэх і ачысьціць таго, хто ачышчаецца, ад нячыстасьці яго. Далей складзе ахвяру цэлапаленьня,

і складзе яе на ахвярніку разам з ахвярай хлебнай, і чалавек будзе ачышчаны па законе.
 
і складзе гэтую ахвяру на ахвярніку разам з ахвярай зь яды. І так сьвятар ачысьціць таго чалавека, і будзе ён чысты.

Калі ж хто бедны і рука яго не можа знайсці таго, што прадпісана, хай возьме барана ў ахвяру за праступак для ўздымання, каб ачысціў яго святар, а таксама дзесятую частку мукі, запраўленай алеем, у ахвяру і адзін лог алею,
 
Калі ж хто бедны ды жыве ў нястачы, то хай возьме аднаго барана ў ахвяру аднагараджэньня для патрасаньня, каб быць ачышчаным, а таксама дзесятую частку эфы мукі, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды, і адзін лог алею,

і дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, якіх зможа знайсці рука яго; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую — на цэласпаленне.
 
і два туркі або двое маладых галубкоў, на што будзе здольная рука яго; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэлапаленьне.

Ды прынясе іх на восьмы дзень свайго ачышчэння святару да дзвярэй палаткі сустрэчы перад Госпадам.
 
І прынясе іх на восьмы дзень свайго ачышчэньня да сьвятара да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы перад Госпада.

Святар возьме ягня за грэх і лог алею ды разам уздыме перад Госпадам.
 
Сьвятар возьме ягнё за грэх і лог алею ды разам патрасе перад Госпадам.

І заб’е барана ў ахвяру за грэх, кроўю яго памажа верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, і вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
 
І заб'е барана ў ахвяру за грэх. Пасьля возьме сьвятар кроў ахвяры за грэх і памажа верх правага вуха ачышчанага чалавека, і вялікі палец яго правай рукі, і вялікі палец яго правай нагі.

Далей святар налье алею на сваю левую далонь
 
Далей сьвятар налье алею на сваю левую далонь

і, памачыўшы ў ёй палец правай рукі, пакропіць сем разоў перад Госпадам.
 
і, памачыўшы ў ім палец правай рукі сваёй, пакрапіць сем разоў перад абліччам Госпада.

Далей святар памажа верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, і таксама вялікі палец яго правай рукі ды вялікі палец яго правай нагі над месцам крыві, што праліта ў ахвяру за праступак.
 
Далей сьвятар памажа алеем, які ў яго на далоні, верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі ў месцы крыві ахвяры аднагараджэньня.

Рэшту ж алею, што застаўся на левай руцэ, вылье на галаву чалавека, які ачышчаецца, каб перапрасіць за яго перад Госпадам.
 
Астатак жа алею, што застаўся на левай руцэ яго, вылье сьвятар на галаву таго, хто ачышчаецца, каб перапрасіць за яго Госпада.

Пасля ахвяруе туркавак або маладых галубоў, якіх знойдзе яго рука,
 
Пасьля ахвяруе аднаго турка або маладога галубка, каторага прынясе рука таго, хто ачышчаецца,

аднаго за праступак, а другога на цэласпаленне разам з ахвярай хлебнай, і так ачысціць яго святар перад Госпадам.
 
і ахвяруе аднаго за грэх, а другога на цэлапаленьне разам з ахвярай зь яды, і так ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам.

Такая вось ахвяра пракажанага, які не ў стане мець усяго для ачышчэння свайго».
 
Такая вось ахвяра пракажанага, якому не стае (маёмасьці) ў часе ачышчэньня свайго».

Гэта вось прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:
 
Гэта вось казаў Госпад Майсею і Аарону:

«Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, якую Я дам вам ва ўласнасць, калі б з’явілася пляма праказы на дамах пасялення вашага,
 
«Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, каторую Я дам вам на ўласнасьць, і калі б зьявілася праказа на дамах пасяленьня вашага,

хай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць святару, кажучы: “Здаецца мне, што праказа завялася ў маім доме”.
 
хай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць сьвятара: «Здаецца мне, што праказа завялася ў маім доме».

І той загадае, каб вынеслі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб не запаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе пасля святар, каб агледзець дом.
 
Сьвятар загадае, каб прынялі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб не запаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе сьвятар, каб агледзець дом.

І калі б заўважыў на сценах яго нібы ямінкі, пакрытыя агіднай плесенню або чырванню, якія пашыраюцца на [усё] астатняе,
 
І калі б заўважыў на сьценах яго нібы ямінкі, цьвільлю пакрытыя, і зеленявыя, уеўшыся ў сьцяну,

тады выйдзе з дому да дзвярэй і зараз жа зачыніць яго на сем дзён.
 
тады выйдзе з дому да дзьвярэй і зараз жа зачыніць яго на сем дзён.

Сёмага дня, вярнуўшыся, агледзіць дом. І калі заўважыць, што пляма-язва разраслася,
 
Сёмага дня, вярнуўшыся, агледзіць дом. І калі заўважыць, што язва пашырылася,

загадае тое каменне, на якім зараза, вырваць ды выкінуць яго за горадам у нячыстым месцы,
 
загадае тое каменьне заражанае вырваць ды выкінуць за горад на нячыстае месца.

дом жа кругом унутры абскрэбсці і абскрэбкі высыпаць у месцы нячыстым за горадам.
 
Дом жа кругом унутры абскрабуць і абскрэбкі выкінуць на месца нячыстае за горадам.

Пасля ўзяць другія каменні замест тых, што былі вынесены, і абтынкаваць дом іншай глінай.
 
Пасьля возьмуць іншыя каменьні і пакладуць на месца папярэдніх каменьняў, ды возьмуць іншую заправу і атынкуюць дом.

Калі ж пляма зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі каменні, а дом абскрэблі і абтынкавалі іншай глінай,
 
Калі ж пляма зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі каменьні, а дом абскрэблі і атынкавалі,

дык прыйдзе святар і агледзіць, што зараза ў доме разраслася; значыць, гэта ліхая праказа, і дом нячысты.
 
дык прыйдзе сьвятар і агледзіць яго. І калі сьцьвердзіць, што зараза ў доме пашырылася, значыць, гэта ліхая праказа, і дом нячысты.

Тады дом гэты зараз жа разбяруць. Каменне з яго, і дрэва, і ўвесь попел з дому таго выкінуць за горадам у нячыстым месцы.
 
Тады дом гэты зараз жа разьбяруць, а каменьне, і дрэва, і ўвесь попел дому таго выкінуць за горад у нячыстае месца.

Калі б хто ўвайшоў у дом, калі ён закрыты, будзе ён нячысты да вечара,
 
Калі б хто ўвайшоў у дом, калі ён зачынены, будзе ён нячысты да вечара,

а калі б хто спаў у ім або еў штосьці, хай памые адзенне сваё.
 
а калі б хто спаў у ім або еў штосьці, хай памые адзеньне сваё.

Калі вось святар прыйдзе і агледзіць, што зараза не разраслася ў гэтым доме па новым абтынкаванні, дык прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылечана.
 
Калі вось сьвятар прыйдзе, і агледзіць яго, і сьцьвердзіць, што зараза не пашырылася ў гэтым доме па атынкаваньні, дык прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылекавана.

Каб ачысціць дом, ён возьме дзве птушкі, кавалак дрэва кедравага, ніткі кармазынавыя і гізоп.
 
Каб ачысьціць дом, сьвятар возьме дзьве птушкі, кавалак дрэва кедровага, ніткі кармазыновыя і гізоп.

І заб’е адну птушку ў пасудзіне глінянай над жывой вадою.
 
І заб'е адну птушку над пасудзінай глінянай над жывою вадою.

Пасля возьме кедравага дрэва, гізоп, ніткі кармазынавыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў жывой вадзе і пакропіць сем разоў дом.
 
Пасьля возьме кедровага дрэва, гізоп, ніткі кармазыновыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў жывой вадзе, і пакрапіць сем разоў дом.

Такім чынам ачысціць ён крывёй птушкі гэты дом і вадой жывой, і жывой птушкай, і дрэвам кедравым, і гізопам, і ніткамі кармазынавымі.
 
Такім чынам ачысьціць крывёй птушкі, і вадой жывой, і дрэвам кедровым, і ніткамі кармазыновымі, і гізопам.

Жывую птушку пусціць за горадам свабодна ляцець у поле. Такім чынам ачысціць дом, і ён будзе чыстым.
 
А жывую птушку пусьціць за горадам на полі. Такім чынам ачысьціць дом, і ён будзе чыстым.

Гэта закон адносна ўсякай праказы і паршывасці,
 
Гэта закон адносна ўсякай заразы, праказы і паршывасьці,

праказы адзення і дому, пухліны, скулы і белай плямы,
 
праказы адзеньня і дому, пухліны, скулаў і белых плямаў,

каб можна было ведаць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».
 
каб навучыць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».