Лявіт 15 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Далей прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:
 
Далей казаў Госпад Майсею і Аарону:

«Аб’явіце сынам Ізраэля і скажыце ім: мужчына, які мае выцёкі семя, будзе нячысты.
 
«Аб'явіце сынам Ізраэля і скажыце ім: Мужчына, каторы мае выцёкі, будзе нячысты.

Хай лічыцца, што загана яго палягае або на тым, што цела яго дапускае свой выцёк, або на тым, што ўстрымліваецца ад выцёку, гэта нячыстасць яго.
 
Нячыстасьць яго палягае на тым, што ці цела яго дапускае выцёк, ці затрымоўвае яго, і гэта нячыстасьць ягоная.

Кожны ложак, на якім ён ляжаў маючы выцёкі, будзе нячысты, а таксама ўсё, дзе ён сядзеў.
 
Кожны ложак, на каторым ляжаў маючы выцёкі, будзе нячысты, а таксама ўсё, дзе ён сядзеў.

Калі хтосьці з людзей дакранецца да яго ложка, павінен памыць адзенне сваё і вымыцца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
 
Кожны, хто дакранецца яго ложка, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

Калі хто сеў там, дзе сядзеў той, хай памые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
 
Той, хто сеў на рэчы, на каторых сядзеў маючы выцёкі, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

Той, хто дакранецца да цела яго, маючага выцёкі, хай памые адзенне сваё, сам вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
 
Той, хто дакранецца цела чалавека, маючага выцёкі, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

Калі гэткі чалавек плюне на таго, хто чысты, няхай ён вымые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
 
Калі маючы выцёкі плюне на чалавека чыстага, той няхай вымые адзеньне сваё, памыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

Кожнае сядло, на якім ён сядзеў, маючы выцёкі, будзе нячыстае.
 
Кожнае сядло, на каторым сядзеў чалавек, маючы выцёкі, будзе нячыстае.

Кожны, хто дакранецца да чаго-колечы, што той, хто мае выцёкі семя, меў пад сабою, будзе нячысты аж да вечара. Кожны, хто пераносіць такія рэчы, хай памые адзенне сваё, сам вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
 
Кожны, хто дакранецца чаго-колечы, што маючы выцёкі меў пад сабою, будзе нячысты аж да вечара. Кожны, хто пераносіць такія рэчы, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

Таксама кожны, да каго дакранецца той, хто мае выцёкі, не памыўшы перш рукі, хай вымые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
 
Таксама кожны, да каго дакранецца маючы выцёкі, не памыўшы перш рукі ў вадзе, хай вымые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

Кожны посуд гліняны, да якога ён дакранаецца, маючы выцёкі, хай будзе пабіты, а кожны посуд драўляны хай будзе вымыты вадой.
 
Кожны посуд гліняны, да каторага дакранаецца маючы выцёкі, хай будзе пабіты, а кожны пасуд драўляны хай будзе вымыты вадой.

Калі паздаравее той, хто церпіць ад такой хваробы, то хай адлічыць сем дзён на сваё ачышчэнне і, памыўшы адзенне сваё і ўсё цела ў жывой вадзе, будзе чысты.
 
Калі маючы выцёкі паздаравее ад выцёкаў, тады хай адлічыць сем дзён на сваё ачышчэньне, і, памыўшы адзеньне сваё і цела сваё ў жывой вадзе, будзе чысты.

У восьмы дзень хай возьме дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, і пойдзе перад аблічча Госпада да дзвярэй палаткі сустрэчы, і аддасць іх святару.
 
У восьмы дзень возьме двух туркоў або маладых галубкоў, і пойдзе перад аблічча Госпада да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, і аддасьць іх сьвятару.

Той складзе аднаго ў ахвяру за грэх, другога ў ахвяру цэласпалення, і такім чынам ачысціць яго святар перад Госпадам, і будзе ён ачышчаны ад выцёкаў семя свайго.
 
Сьвятар складзе іх ахвяру: аднаго ў ахвяру за грэх, другога ў ахвяру цэлапаленьня, і такім чынам ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам ад выцёкаў яго.

Мужчына, з якога вывяргаецца семя, хай абмые вадою ўсё цела сваё; і будзе нячысты да вечара.
 
Калі ў каго выльецца насеньне, то ён хай абмые вадою ўсё цела сваё, і будзе нячысты да вечара.

Адзенне і скуру, на якую выльецца семя, трэба вымыць вадою; і яны будуць нячыстыя да вечара.
 
І ўсякае адзеньне, і ўсякую скуру, на каторую выльецца насеньне, трэба вымыць вадою, і яны будуць нячыстыя да вечара.

Калі мужчына ляжыць з жанчынаю і ў яго выльецца семя, хай абодва абмыюцца вадою і будуць нячыстыя да вечара.
 
Калі мужчына ляжа з жанчынаю, і ў яго выльецца насеньне, хай абодва абмыюцца вадою, і будуць нячыстыя да вечара.

Жанчына, якая мае штомесячную крывацечу, хай яна адасобіцца на сем дзён. Кожны, хто да яе дакранецца, будзе нячысты да вечара,
 
Калі жанчына мае месячніцу, значыць, цячэньне крыві зь цела свайго, то хай яна адасобніцца на сем дзён. Кожны, хто яе дакранецца, будзе нячысты да вечара,

ды ўсё, на чым яна ляжала або сядзела ў дні адасаблення свайго, будзе нячыстым.
 
ды ўсё, на чым яна ляжала або сядзела ў дні адасабленьня, лічыцца нячыстым.

Хто дакранецца да ложка яе, хай памые адзенне сваё і сам абмыецца вадою; і будзе нячысты да вечара.
 
Хто дакранецца ложка ейнага, хай памые адзеньне сваё і сам абмыецца вадою, і будзе нячысты да вечара.

Кожны, хто дакранецца да любой рэчы, на якой яна сядзела, хай памые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
 
Кожны, хто дакранецца рэчаў, на якіх яна сядзела, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

Калі хто дакранецца да чагосьці, што ляжала на яе ложку, або да сядзення, на якім яна сядзела, будзе нячысты да вечара.
 
Калі хто дакранецца чагосьці, што ляжала на яе ложку, або рэчаў, на якіх яна сядзела, будзе нячысты да вечара.

Калі які мужчына ляжа з ёю ў час штомесячнай крывацечы, то ён будзе нячысты сем дзён; кожны ложак, на якім ён спаў, будзе нячысты.
 
Калі які мужчына ляжа тады зь ёю, то нячыстасьць ейная пераходзіць на яго, і ён будзе нячысты сем дзён. Кожны ложак, на якім ён ляжаў, будзе нячысты.

Калі жанчына церпіць цячэнне крыві многія дні, ды не ў час месячніцы, або калі пасля месячніцы кроў не спыняецца і цячэ, тады яна, як доўга будзе мець гэтую хваробу, будзе нячыстая як у час месячніцы.
 
Калі жанчына церпіць цячэньне крыві многія дні ды ня ў час месячніцы, або калі пасьля месячніцы кроў не спыняецца і цячэ, тады яна, як доўга будзе мець гэтую хваробу, будзе нячыстая як падчас месячніцы.

Кожны ложак, на якім будзе спаць у час хваробы сваёй, і рэч, на якой будзе сядзець, будуць нячыстымі.
 
Кожны ложак, на каторым будзе спаць яна падчас хваробы сваёй, і рэчы, на каторых будзе сядзець, будуць нячыстымі, як нячыстыя падчас месячніцы яе.

Хто дакранецца да іх, занячысціцца, дык хай памые адзенне сваё вадою, і сам вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
 
Хто дакранецца іх, занячысьціцца, дык хай памые адзеньне сваё вадою і сам вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.

Калі кроў затрымаецца і перастане цячы, хай адлічыць яна сем дзён; і потым будзе чыстая.
 
Калі кроў затрымаецца і спыніцца цячы, хай адлічыць яна сем дзён, і потым будзе чыстая.

Восьмага дня возьме яна за сябе дзвюх туркавак або двух маладых галубоў і прынясе святару да дзвярэй палаткі сустрэчы.
 
Восьмага дня возьме яна за сябе двух туркоў або двух маладых галубкоў і прынясе сьвятару да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы.

Святар аднаго складзе ў ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэласпалення. Гэта ачысціць яе перад Госпадам ад цячэння нячыстасці яе.
 
Сьвятар складзе аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэлапаленьне. Гэта ачысьціць яе перад Госпадам ад цячэньня нячыстасьці яе.

Дык вучыце сыноў Ізраэля, каб высцерагаліся нячыстасці, каб не памерлі ў нячыстасці сваёй, паганячы дом Мой, які ёсць паміж імі.
 
Дык вучыце сыноў Ізраэля, каб высьцерагаліся нячыстасьці і каб не памерлі ў нячыстасьці сваёй, паганячы дом Мой, каторы ёсьць паміж іх.

Гэта закон адносна таго, хто мае выцёкі семя і з якога вывяргаецца семя, і ён стаецца нячыстым,
 
Гэта закон адносна таго, хто мае выцёкі насеньня і стаецца нячыстым,

і [адносна той], якая аддзяляецца ў час месячніцы або якая несупынна мае крывацечу, а таксама [адносна] чалавека, які спіць з нячыстай».
 
а таксама жанчыны, маючай месячніцу, ды агулам мужчыны і жанчыны, маючых выцёкі, таксама мужчыны, каторы ляжа з жанчынай нячыстай».