Лявіт 15 разьдзел
Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Далей прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:
І гукаў СПАДАР Масею а Аарону, кажучы:
«Аб’явіце сынам Ізраэля і скажыце ім: мужчына, які мае выцёкі семя, будзе нячысты.
«І гукайце сыном Ізраелявым, і скажыце: кажная людзіна, у каторай будзе цеч ізь цела ейнага, цеч ейная нячыстая.
Хай лічыцца, што загана яго палягае або на тым, што цела яго дапускае свой выцёк, або на тым, што ўстрымліваецца ад выцёку, гэта нячыстасць яго.
І во якая будзе нечысьць ейная ў цечы ейнай: як цячэць ізь цела ейнага цеч ейная, і як запыняецца ў целе ейным цеч ейная, — гэта нечысьць ейная.
Кожны ложак, на якім ён ляжаў маючы выцёкі, будзе нячысты, а таксама ўсё, дзе ён сядзеў.
Кажная пасьцеля, на каторую ляжа маючы цеч, будзе нячыстая, і кажны спакмень на каторым сядзе, будзе нячысты.
Калі хтосьці з людзей дакранецца да яго ложка, павінен памыць адзенне сваё і вымыцца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
І хто даткнецца да пасьцелі ягонае, тый мае вымыць адзежу сваю й памыцца ў вадзе, і нячысты будзе аж да вечара.
Калі хто сеў там, дзе сядзеў той, хай памые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
І хто сядзе на які спакмень, на каторым сядзеў маючы цеч, тый мае памыць адзежу сваю й памыцца ў вадзе, і будзе нячысты аж да вечара.
Той, хто дакранецца да цела яго, маючага выцёкі, хай памые адзенне сваё, сам вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
І хто даткнецца да цела маючага цеч, тый мае вымыць адзежу сваю й памыцца ў вадзе, нячысты аж да вечара.
Калі гэткі чалавек плюне на таго, хто чысты, няхай ён вымые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
І калі плюне маючы цеч на чыстага, то гэты мае вымыць адзежу сваю й памыцца ў вадзе, і нячысты аж да вечара.
Кожнае сядло, на якім ён сядзеў, маючы выцёкі, будзе нячыстае.
І кажны паяздок, у каторым важыняўся маючы цеч, нячысты.
Кожны, хто дакранецца да чаго-колечы, што той, хто мае выцёкі семя, меў пад сабою, будзе нячысты аж да вечара. Кожны, хто пераносіць такія рэчы, хай памые адзенне сваё, сам вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
І кажны, хто даткнецца да ўсёго, што будзе пад ім, стане нячысты аж да вечара; і хто панясець іх, вымые адзежу сваю й памыецца ў вадзе, і будзе нячысты аж да вечара.
Таксама кожны, да каго дакранецца той, хто мае выцёкі, не памыўшы перш рукі, хай вымые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
І ўсі, да каго даткнецца маючы цеч, не спаласнуўшы рук сваіх у вадзе, маюць вымыць адзежу сваю й памыцца ў вадзе, і нячыстыя аж да вечара.
Кожны посуд гліняны, да якога ён дакранаецца, маючы выцёкі, хай будзе пабіты, а кожны посуд драўляны хай будзе вымыты вадой.
І судзіну гліняную, да каторае даткнецца маючы цеч, надабе разьбіць, а ўсялякую судзіну дзярвяную надабе спаласкаць вадою.
Калі паздаравее той, хто церпіць ад такой хваробы, то хай адлічыць сем дзён на сваё ачышчэнне і, памыўшы адзенне сваё і ўсё цела ў жывой вадзе, будзе чысты.
І як ачысьціцца маючы цеч ад цечы свае, тады мае ён адлічыць сем дзён дзеля свайго ачышчэньня, і вымые адзежу сваю, і змые цела свае ў жывой вадзе, і будзе чысты.
У восьмы дзень хай возьме дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, і пойдзе перад аблічча Госпада да дзвярэй палаткі сустрэчы, і аддасць іх святару.
І на восьмы дзень возьме ён сабе два туркі альбо двое галубянят, і прыйдзе перад від СПАДАРОЎ да ўходу будану збору, і аддасьць іх сьвятару.
Той складзе аднаго ў ахвяру за грэх, другога ў ахвяру цэласпалення, і такім чынам ачысціць яго святар перад Госпадам, і будзе ён ачышчаны ад выцёкаў семя свайго.
І прыгатуе сьвятар іх адно на аброк за грэх, а другое на ўсепаленьне; і адзяржыць ласкіўчыненьне яму сьвятар перад СПАДАРОМ ад цечы ягонае.
Мужчына, з якога вывяргаецца семя, хай абмые вадою ўсё цела сваё; і будзе нячысты да вечара.
І калі ў мужчыны выйдзе насеньне ляжаньня, дык мае памыць у вадзе ўсе цела свае, і нячысты будзе аж да вечара.
Адзенне і скуру, на якую выльецца семя, трэба вымыць вадою; і яны будуць нячыстыя да вечара.
І кажная адзежа й кажная скура, на каторую луча насеньне ляжаньня, мае быць вымыта ў вадзе, і нячыстая будзе да вечара.
Калі мужчына ляжыць з жанчынаю і ў яго выльецца семя, хай абодва абмыюцца вадою і будуць нячыстыя да вечара.
І жонка калі ляжа з мужам насеньням ляжаньня, то яны маюць памыцца ў вадзе, і нячыстыя будуць аж да вечара.
Жанчына, якая мае штомесячную крывацечу, хай яна адасобіцца на сем дзён. Кожны, хто да яе дакранецца, будзе нячысты да вечара,
І калі ў жонкі будзе цеч, цеч крыві ў целе ейным, то сем дзён мае яна быць у вадлучэньню сваім. І кажны, хто даткнецца да яе, стане нячысты аж да вечара.
ды ўсё, на чым яна ляжала або сядзела ў дні адасаблення свайго, будзе нячыстым.
І ўсе, на чым яна ляжа ў працягу адлучэньня свайго, стане нячыстае; і ўсе, на чым сядзе, стане нячыстае.
Хто дакранецца да ложка яе, хай памые адзенне сваё і сам абмыецца вадою; і будзе нячысты да вечара.
І кажны, хто даткнецца да пасьцелі ейнае, мае вымыць адзежу сваю й памыцца ў вадзе, і нячысты будзе аж да вечара.
Кожны, хто дакранецца да любой рэчы, на якой яна сядзела, хай памые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
І кажны, хто даткнецца да якога знадбеня, на каторым яна сядзела, мае вымыць адзежу сваю й памыецца ў вадзе, і нячысты будзе аж да вечара.
Калі хто дакранецца да чагосьці, што ляжала на яе ложку, або да сядзення, на якім яна сядзела, будзе нячысты да вечара.
І калі на пасьцелі цеч альбо на тым спакменню, на каторым яна сядзела, тый, што даткнецца да яго, нячысты будзе аж да вечара.
Калі які мужчына ляжа з ёю ў час штомесячнай крывацечы, то ён будзе нячысты сем дзён; кожны ложак, на якім ён спаў, будзе нячысты.
Калі лежма ляжыць чалавек ізь ёй, то адлучэньне ейнае будзе на ім, і ён нячысты будзе сем дзён, і кажная пасьцеля, на каторай ён ляжа, будзе нячыстая.
Калі жанчына церпіць цячэнне крыві многія дні, ды не ў час месячніцы, або калі пасля месячніцы кроў не спыняецца і цячэ, тады яна, як доўга будзе мець гэтую хваробу, будзе нячыстая як у час месячніцы.
І калі ў жонкі вельмі цячэць кроў шмат дзён ня ў часе адлучэньня ейнага, альбо калі яна мае цеч звыш адлучэньня свайго, то ўвесь час цечы нечысьці свае, які ў працягу адлучэньня свайго, будзе нячыстая яна.
Кожны ложак, на якім будзе спаць у час хваробы сваёй, і рэч, на якой будзе сядзець, будуць нячыстымі.
Кажная пасьцеля, на каторай яна ляжа ўсі дні цечы свае, як пасьцеля адлучэньня ейнага будзе ёй; і кажны знадбень, на каторы яна сядзе, будзе нячысты, як нечысьць адлучэньня ейнага.
Хто дакранецца да іх, занячысціцца, дык хай памые адзенне сваё вадою, і сам вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара.
І кажны, хто даткнецца да іх, стане нячысты, і мае вымыць адзежу сваю й памыцца ў вадзе, і нячысты будзе аж да вечара.
Калі кроў затрымаецца і перастане цячы, хай адлічыць яна сем дзён; і потым будзе чыстая.
І як яна ачысьціцца ад цечы свае, тады мае адлічыць сем дзён, і потым будзе чыстая.
Восьмага дня возьме яна за сябе дзвюх туркавак або двух маладых галубоў і прынясе святару да дзвярэй палаткі сустрэчы.
На восьмы дзень возьме яна сабе два туркі альбо двое галубянят, і прынясець іх да сьвятара да ўходу будану збору;
Святар аднаго складзе ў ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэласпалення. Гэта ачысціць яе перад Госпадам ад цячэння нячыстасці яе.
І прыгатуе сьвятар адно на аброк за грэх, адругое на ўсепаленьне; і дастане ласкіўчыненьне ёй сьвятар перад СПАДАРОМ ад цечы нечысьці ейнае.
Дык вучыце сыноў Ізраэля, каб высцерагаліся нячыстасці, каб не памерлі ў нячыстасці сваёй, паганячы дом Мой, які ёсць паміж імі.
Гэтак адлучайце сыноў Ізраелявых ад нечысьці іхнае, і яны не памруць у нечысьці сваёй, плюгавячы вітальню Маю, каторая сярод іх».
Гэта закон адносна таго, хто мае выцёкі семя і з якога вывяргаецца семя, і ён стаецца нячыстым,
Гэта права праз маючага цеч і праз выходзячае зь яго насеньне ляжаньня, што плюгаве яго гэтым,
і [адносна той], якая аддзяляецца ў час месячніцы або якая несупынна мае крывацечу, а таксама [адносна] чалавека, які спіць з нячыстай».
І праз хварэючую адлучэньням сваім, і ў каторых цячэць цеч іхная ў мужчыны і ў жонкі, і праз чалавека, каторы паляжыць ізь нячыстай.