Лявіт 24 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Далей казаў Госпад Майсею:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Загадай сынам Ізраэля, каб прынеслі табе найчысцейшага алею з аліўкавых дрэў ды празрыстага для пастаяннага гарэння свечак падсвечніка.
 
«Раскажы сыном Ізраелявым, і хай возьмуць табе алівы аліўкавае, чыстае, вытаўчанае, на сьвяценьне, каб паліць штачасны сьветач.

Будзе рыхтаваць яго Аарон за заслонай, што павешана перад сведчаннем у палатцы сустрэчы, каб гарэў заўсёды ад вечара аж да раніцы перад Госпадам. Гэта пастанова вечная для пакаленняў вашых.
 
Вонках запінахі скрыні сьветчаньня ў будане збору наснудзе гэта Аарон зь вечара да раньня перад відам СПАДАРА штачасна. Гэта — вечная ўстава ў родах вашых.

Будзе рыхтаваць ён заўсёды свечкі на найчысцейшым падсвечніку перад абліччам Госпада.
 
На сьветачу чыстым наснудзе лянпы перад СПАДАРОМ штачасна.

Вазьмі таксама мукі і спячы з яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінна быць дзве дзесятыя [эфы].
 
І вазьмі ценькае мукі й сьпячы зь яе двананцаць закрашаных букаткаў; дзьве дзясятыя ефы хай будуць у кажнай букатцы.

Пасля пакладзеш іх у два рады, па шэсць у кожным радзе, на вельмі чыстым стале перад Госпадам,
 
І палажы іх у два рады, па шэсьць у рад, на чыстым стале перад СПАДАРОМ.

ды пакладзеш на кожны рад найчысцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра агнявая для Госпада.
 
І палажы на рад чыстага кадзіла, і будзе гэта ля хлеба, на памятку, на аброк СПАДАРУ.

У кожную суботу пастаянна будуць мяняць іх перад Госпадам як дар ад сыноў Ізраэля; гэта вечная дамова.
 
Дня сыботняга, дня сыботняга прыгатуйце гэта перад СПАДАРОМ штачасна ад сыноў Ізраелявых: гэта змова вечная.

Яны будуць належаць Аарону і яго сынам, каб спажывалі іх у асвячоным месцы, бо гэта святыя рэчы для яго паміж ахвяр агнявых для Госпада. Гэта пастанова вечная».
 
І будзе Аарону а сыном ягоным, і будуць есьці яго на сьвятым месцу; бо сьвятое сьвятых гэта яму з агняных аброкаў СПАДАРОВЫХ: устава вечная».

Між сынамі Ізраэля знаходзіўся сын адной ізраэлькі, якога нарадзіла яна ад егіпцяніна. У лагеры ён палаяўся з адным ізраэльцам,
 
І вышаў сын аднае Ізраелкі, ён сын Егіпцяніна, меж сыноў Ізраелявых, і павадзіліся ў табару сын Ізраелчын і Ізраелец;

і сын ізраэлькі зблюзніў супраць імя [Госпада] і пракляў Яго. Прывялі яго да Майсея. Маці яго называлася Саламіт, дачка Дабры, з пакалення Дана.
 
І ганіў сын Ізраелчын Імя Спадарова і клёў. І прывялі яго да Масея. А імя маці ягонае было Саломіф Дыўранка, з пакаленьня Дановага;

Аддалі яго пад варту, пакуль не даведаюцца, што загадае Госпад.
 
І памясьцілі яго пад старожу, каб было наказана ім із вуснаў СПАДАРОВЫХ.

І Госпад сказаў Майсею:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Выведзі блюзнерцу за лагер, і ўсе, якія яго чулі, пакладуць рукі свае на яго галаву, і ўвесь сход укамянуе яго.
 
«Вывядзі ўлегцы маючага вонкі з табару, і ўсі, што чулі, няхай паложаць рукі свае на галаву ягоную, і ўкамянуе яго ўся грамада.

А сынам Ізраэля скажы: “Чалавек, які зблюзніць супраць Бога свайго, панясе грэх свой.
 
І сыном Ізраелявым гукай, кажучы: кажная людзіна, каторая будзе ўлегцы мець Бога свайго, тая панясець грэх свой.

І хто зблюзніць супраць імя Госпада, будзе пакараны смерцю. Увесь сход укамянуе яго, ці ён будзе прышэлец, ці тутэйшы. Хто блюзніць на імя Госпада, той будзе пакараны смерцю.
 
І хто будзе ганіць імя СПАДАРОВА, сьмерцю памрэць, каменьням укамянуюць яго ўся грамада. Як асяленец, таж тубылец, калі будзе ганіць імя СПАДАРОВА, памрэць.

Хто ўдарыць і заб’е чалавека, будзе пакараны смерцю.
 
І людзіна, што заб’ець чалавека, сьмерцю памрэць.

Хто заб’е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: гэта значыць жывёлу за жывёлу.
 
Хто заб’ець статчыну, мае заплаціць за яе, дых за дых.

Калі хто скалечыць кагосьці з суайчыннікаў сваіх, то, як ён зрабіў, так і яму зробяць.
 
І людзіна, што прычыне ган субрату свайму, то, як ён зрабіў, так мае быць зроблена яму.

Хай вернецца пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. Якім чынам ён скалечыў, тое ж самае прыйдзецца яму сцярпець.
 
Зламеньне за зламеньне, вока за вока, зуб за зуб: як ён прычыніў ган чалавеку, прычыняць так яму.

Хто заб’е жывёлу, аддасць іншую; хто заб’е чалавека, будзе пакараны смерцю.
 
І хто заб’ець статчыну, мае заплаціць за яе; а хто заб’ець чалавека, тый хай памрэць.

Роўны суд хай будзе ў вас, ці прыхадзень зграшыць, ці тутэйшы. Бо Я — Госпад, Бог ваш!”»
 
Адна ўстава хай будзе вам, як асяленцу, чужаземцу, так і тубыльцу хай будзе; бо Я СПАДАР, Бог ваш».

Потым загадаў Майсей сынам Ізраэля, каб вывелі таго, хто зблюзніў, за лагер і каб закідалі камянямі. І сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею.
 
І гукаў Масей сыном Ізраелявым; і вывялі ўлегцы маючага вонкі з табару, і ўкаменавалі яго, і зрабілі сынове Ізраелявы, як расказаў СПАДАР Масею.