Лявіт 23 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Вось што прамаўляў Госпад Майсею, кажучы:
 
І гукаў СПАДАР Масею кажучы:

«Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: “Вось якія святы ў Госпада, у якія вы будзеце склікаць сходы святых; гэтыя вось святы Мае.
 
«Гукай сыном Ізраелявым, і скажы ім: прызначаныя поры СПАДАРОВЫ, каторыя будзеце зваць сьвятымі зборамі; во поры Мае:

Шэсць дзён будзеце працаваць, а сёмы дзень — субота супачынку, сход святы, не будзеце зусім працаваць, бо гэта субота для Госпада ва ўсіх месцах пражывання вашага.
 
Шэсьць дзён рабі работу, а сёмага дня сыбота сыботаў, сьвяты збор; ніякага рамяства не рабіце; гэта сыбота СПАДАРОВА ў вусіх сялібах вашых.

Вось святы Госпада, святыя сходы, якія павінны вы святкаваць у свой час.
 
Гэта поры СПАДАРОВЫ, сьвятыя зборы, каторыя вы будзеце згукаць у пару іх:

У першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, вечарам выпадае Пасха Госпадава.
 
Першага месяца, чатырнанцатага дня месяца адвячоркам Пасха СПАДАРОВА.

А пятнаццатага дня таго самага месяца выпадае ўрачыстасць праснакоў Госпада. Сем дзён будзеце есці праснакі.
 
І пятнанцатага дня таго ж месяца сьвята праснакоў СПАДАРУ. Сем дзён ежча праснакі.

У першы дзень будзе ў вас сход святы; не будзеце выконваць ніякай працы ў той дзень,
 
На першы дзень хай будзе ў вас сьвяты збор; ніякае рамеснае работы не рабіце.

але праз сем дзён будзеце складаць Госпаду ахвяру агнявую. У сёмы ж дзень будзе сход святы, ніякай працы ў той дзень не будзеце рабіць”».
 
І абракайце сем дзён агняны аброк СПАДАРУ; сёмага дня сьвяты збор; ніякае рамеснае работы не рабіце».

Потым сказаў Госпад Майсею:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, і будзеце ўчыняць жніво, то прынясіце святару першы сноп жніва вашага.
 
«Гукай сыном Ізраелявым і кажы ім: як прыйдзеце да зямлі, каторую Я даю вам, і будзеце жаць на ёй жніво, то першы сноп жніва вашага прынясі сьвятару.

Ён уздыме сноп перад Госпадам, каб Ён быў для вас спрыяльным; у другі дзень пасля суботы асвяціць ён яго.
 
І ён будзе туды-сюды нахінаць сноп перад СПАДАРОМ, каб быў любы за вас; назаўтрае па сыбоце нахінаць яго будзе сьвятар.

Таксама ў той дзень, у якім прынясеце ў ахвяру сноп, складзіце ахвяру цэласпалення Госпаду з гадавалага ягняці, без заганы,
 
І прыгатуйце ў дзень нахінаньня сноп і баранчыка годняга на ўсепаленьне СПАДАРУ.

і разам з ім ахвяру з ежы з дзвюх дзесятых мукі, запраўленай алеем, як ахвяру агнявую на прыемны пах Госпаду, а таксама ахвяру вадкую Яму, чвэрць гіна віна.
 
І аброк яго хлебны дзьве дзясятыя часьці ценькае мукі, рашчыненае на аліве, на агняны аброк СПАДАРУ, на прыемны пах, і ўзьліваньні яго чэцьверць гіна віна.

Аж да гэтага дня не будзеце есці ані хлеба, ані сушанага зерня, ані сырога зерня новага ўраджаю, пакуль не складзеце з яго ахвяру Богу вашаму. Гэта пастанова вечная ўсім пакаленням вашым ва ўсіх месцах прабывання вашага.
 
А хлеба, ані пражаных зярнят, ані зярнят сырых ня ежча аж да тога дня, каторага прынясіце аброк Богу свайму: гэта вечная ўстава ў родах вашых, у вусіх сялібах вашых.

Адлічыце сабе ад другога дня пасля суботы, ад дня, у які прынясеце сноп для ўздымання, сем поўных тыдняў,
 
І адлічыце сабе ад заўтрашняга дня просьле сыботы, ад тога дня, каторага прынесьлі сноп нахінаньня, сем сыботаў (поўныя маюць быць),

аж да другога дня па сёмай субоце, гэта значыць пяцьдзесят дзён, і тады складзіце новую ахвяру Госпаду.
 
Да заўтрашняга дня просьле сёмае сыботы далічыце пяцьдзясят дзён, і даруйце новы хлебны аброк СПАДАРУ.

Прынясіце з вашых месцаў пражывання па два хлябы для ўздымання, кожны з двух дзесятых [эфы] мукі квашанай, якія спячыце як пяршыні Госпаду.
 
Ад сялібаў сваіх прынясіце хлеб нахінаньня зь дзьвюх дзясятых часьцяў ценькае мукі, ды маюць быць сьпечаныя кіслыя, першы плод СПАДАРУ.

Апрача хлеба, складзіце ў ахвяру сем ягнят без заганы, аднагадовых, аднаго маладога быка і двух бараноў. Яны будуць ахвяраю цэласпалення Госпаду разам з ахвяраю хлебнай і з вадкаю ахвярай вашай на найпрыемнейшы пах Госпаду.
 
І абрачыце разам із хлебам сем баранчыкаў, аднагодніх, і з буйнога статку аднаго бычка й два бараны; няхай будзе гэта на ўсепаленьне СПАДАРУ, і хлебны аброк і ўзьліваньне да іх на агняны аброк, на прыемны пах СПАДАРУ.

Ахвяруйце таксама аднаго казла як ахвяру за грэх і двух бараноў аднагадовых як ахвяру прымірэння.
 
Прыгатуйце з казянят аднаго на аброк за грэх і два аднагоднія баранчыкі на аброк супакойны.

І калі святар уздыме іх перад Госпадам разам з хлябамі пяршыняў і разам з двума баранамі, будзе гэта святыняй для Госпада на ўжытак святара.
 
І хай туды-сюды нахінае іх сьвятар над хлебам першага плоду нахінаньня перад СПАДАРОМ над двума баранчыкамі: сьвятымі яны будуць СПАДАРУ; сьвятару.

У той самы дзень збярыце сход, гэта будзе для вас сход святы. Ніякай работы не будзеце рабіць у той дзень. Гэта будзе вечная пастанова ва ўсіх месцах пражывання вашага, для ўсіх пакаленняў вашых.
 
І згукайце на самы гэты дзень, сьвяты збор будзе вам, і ніякае рамеснае работы не рабіце: гэта ўстава вечная ў вусіх сялібах вашых у родах вашых.

Калі будзеце жаць на зямлі вашай, не будзеце дажынаць да мяжы поля ды не будзеце збіраць да рэшты каласоў. Пакіньце іх убогім і прышэльцам. Я — Госпад, Бог ваш”».
 
І як будзеце жаць жніво зямлі вашае, не канчай канцы поля свайго, як жнеш, і засталага ад жніва свайго ня зьбірай: беднаму а асяленцу пакінь гэта. Я СПАДАР, Бог ваш».

Далей казаў Госпад Майсею:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Скажы сынам Ізраэля: “У першы дзень сёмага месяца будзе вам адпачынак, напамін, і будзе ў вас святы сход пры гуку труб.
 
«Гукай сыном Ізраелявым, кажучы: сёмага месяца, на першы дзень месяца хай будзе ў вас сыбота, сьвята трубаў, сьвяты збор.

Не будзеце рабіць аніякай работы ў той дзень, але будзеце складаць Госпаду ахвяру агнявую”».
 
Ніякае рамеснае работы не рабіце, і абрачыце агняны аброк СПАДАРУ».

Далей казаў Госпад Майсею:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Вось жа, дзесятага дня гэтага самага сёмага месяца выпадзе дзень ачышчэння, і будзе ў вас святы сход. У той дзень будзеце ўпакорваць душы вашыя і будзеце складаць Госпаду ахвяры агнявыя.
 
«Але дзясятага дня сёмага месяца гэтага, дзень ласкіўчыненьня гэта, хай будзе ў вас сьвяты збор; і марыце душы вашыя, абракайце агняны аброк СПАДАРУ.

Не будзеце рабіць у той дзень аніякай работы, бо гэта дзень ачышчэння, дзеля ачышчэння вашага перад Госпадам, Богам вашым.
 
Ніякага рамяства не рабіце гэтага самага дня, бо гэта дзень ласкіўчыненьня, каб залашчыць за вас від СПАДАРА, Бога вашага;

Усякая душа, якая не будзе посціць у той дзень, будзе вынішчана з народа свайго.
 
Бо ўсялякая душа, каторая ня будзе марыць сябе гэтага самага дня, будзе выгублена зь люду свайго.

І кожнага, хто б працаваў у той дзень, Я вынішчу з народа яго.
 
І ўсялякую душу, што будзе рабіць якое рамяство гэтага самага дня, Я выгублю тую душу з пасярод люду ейнага.

Дык нічога не будзеце рабіць у той дзень. Гэта будзе пастанова вечная для ўсіх пакаленняў вашых, ва ўсіх месцах пражывання вашага.
 
Ніякага рамяства не рабіце; гэта ўстава вечная ў родах вашых, у вусіх сялібах вашых.

Гэта субота супачынку вашага, і будзеце вы посціць; з вечара дзевятага дня да вечара дзесятага дня будзеце святкаваць суботу вашую».
 
Гэта вам сыбота сыботаў, і марыце душы вашы, зь дзявятага дня месяца ўвечары; ад вечара да вечара сьвяткуйце сыботы свае».

Зноў сказаў Госпад Майсею:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Скажы сынам Ізраэля: “У пятнаццаты дзень гэтага сёмага месяца будзе свята палатак, сем дзён Госпадавых.
 
«Гукай сыном Ізраелявым, кажучы: зь пятнанцатага дня гэтага сёмага месяца сьвята будак, сем дзён СПАДАРУ.

У першы дзень — святы сход; у той дзень не рабіце ніякай работы.
 
Першага дня сьвяты збор, ніякае рамеснае работы не рабіце.

Усе сем дзён складайце агнявую ахвяру Госпаду. Восьмага дня будзе ў вас святы сход і складзеце агнявую ахвяру Госпаду. Гэта — сход: не рабіце ніякай работы.
 
Сем дзён абракайце агняны аброк СПАДАРУ; восьмага дня сьвяты збор хай будзе ў вас; і абрачыце агняны аброк СПАДАРУ; гэта дзень узьдзержлівасьці, і не рабіце ніякае рамеснае работы.

Гэтыя вось святы Госпадавы, у якія будзеце склікаць святыя сходы, у якіх будзеце складаць агнявыя ахвяры Госпаду: цэласпаленні, ахвяры хлебныя, крывавыя ахвяры ды вадкія ахвяры, кожную ў свой дзень,
 
Гэта поры СПАДАРОВЫ, каторыя вы маеце агалашаць, як сьвятыя зборы, каб абракаць агняны аброк СПАДАРУ, усепаленьне, аброк хлебны, аброк зарэзаньня, узьліваньне, кажны ў свой дзень,

апрача субот Госпадавых і апрача дароў вашых, ды апрача ўсяго, што будзеце ахвяраваць на прысягу або добраахвотна дасцё Госпаду.
 
Апрача сыботаў СПАДАРОВЫХ, і апрача дароў вашых, і апрача ўсіх аброкаў вашых, і апрача ўсіх самахотных вашых, што вы даіце СПАДАРУ.

Дык вось, у пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі збярэце ўсе плады зямлі, будзеце святкаваць урачыстасць Госпада сем дзён; у першы дзень і восьмы будзе адпачынак.
 
Але пятнанцатага дня сёмага месяца, як вы зьбіраеце ўвод зямлі, сьвяткуйце сьвята СПАДАРОВА сем дзён: першага дня сыбота і восьмага дня сыбота.

У першы дзень возьмеце сабе найпрыгажэйшыя плады дрэва, лісты пальмавыя ды галіны дрэў густалістых і пруты вербаў рачных, і будзеце весяліцца перад Госпадам, Богам вашым, сем дзён.
 
І вазьміце сабе першага дня садавіну харошых дзерваў, пагоны пальмавыя і галінкі дзерваў густых і вербаў рэчных, і весяліцеся перад СПАДАРОМ, Богам вашым, сем дзён.

Будзеце святкаваць гэтую ўрачыстасць штогод сем дзён. Гэта будзе пастанова вечная для вашых пакаленняў. У сёмы месяц будзеце святкаваць гэтае свята.
 
сьвяціце гэтае сьвята СПАДАРОВА сем дзён у годзе: гэта ўстава вечная ў родах вашых. Сёмага месяца сьвяціце яго.

Сем дзён будзеце жыць у палатках. Кожны, хто з роду Ізраэля, будзе жыць у палатках,
 
У будках маеце жыць сем дзён; кажны тубылец Ізраелец жыві ў будках,

каб навучаліся нашчадкі вашыя, што пасяліў Я сыноў Ізраэля жыць у палатках, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!”»
 
Каб ведалі роды вашыя, што ў будках асяліў Я сыноў Ізраелявых, як вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае. Я СПАДАР, Бог ваш».

Так вось расказаў Майсей сынам Ізраэля пра ўрачыстасці Госпадавы.
 
І гукаў Масей сыном Ізраелявым праз поры СПАДАРОВЫ.