Лявіт 23 разьдзел
Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
І гукаў СПАДАР Масею кажучы:
абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім пра сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы. Вось сьвяты Мае:
«Гукай сыном Ізраелявым, і скажы ім: прызначаныя поры СПАДАРОВЫ, каторыя будзеце зваць сьвятымі зборамі; во поры Мае:
шэсьць дзён можна працаваць, а на сёмы дзень субота спакою, сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; гэта субота Гасподняя ва ўсіх селішчах вашых.
Шэсьць дзён рабі работу, а сёмага дня сыбота сыботаў, сьвяты збор; ніякага рамяства не рабіце; гэта сыбота СПАДАРОВА ў вусіх сялібах вашых.
Вось сьвяты Гасподнія, сьвяшчэнныя сходы, якія вы павінны склікаць у свой час:
Гэта поры СПАДАРОВЫ, сьвятыя зборы, каторыя вы будзеце згукаць у пару іх:
у першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца ўвечары Пасха Гасподняя;
Першага месяца, чатырнанцатага дня месяца адвячоркам Пасха СПАДАРОВА.
і на пятнаццаты дзень таго самага месяца сьвята праснакоў Госпаду; сем дзён ежце праснакі;
І пятнанцатага дня таго ж месяца сьвята праснакоў СПАДАРУ. Сем дзён ежча праснакі.
у першы дзень хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце;
На першы дзень хай будзе ў вас сьвяты збор; ніякае рамеснае работы не рабіце.
і сем дзён прыносьце ахвяры Госпаду; і на сёмы дзень таксама сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце.
І абракайце сем дзён агняны аброк СПАДАРУ; сёмага дня сьвяты збор; ніякае рамеснае работы не рабіце».
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, і будзеце жаць на ёй жніво, дык прынясеце першы сноп жніва вашага да сьвятара;
«Гукай сыном Ізраелявым і кажы ім: як прыйдзеце да зямлі, каторую Я даю вам, і будзеце жаць на ёй жніво, то першы сноп жніва вашага прынясі сьвятару.
ён падыме гэты сноп перад Госпадам, каб здабыць вам упадабаньне; на другі дзень сьвята падыме яго сьвятар;
І ён будзе туды-сюды нахінаць сноп перад СПАДАРОМ, каб быў любы за вас; назаўтрае па сыбоце нахінаць яго будзе сьвятар.
і ўдзень уздыманьня прынясеце на цэласпаленьне Госпаду ягня-адналетка, без пахібы,
І прыгатуйце ў дзень нахінаньня сноп і баранчыка годняга на ўсепаленьне СПАДАРУ.
і зь імі хлебнага прынашэньня дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у ахвяру Госпаду, дзеля прыемнай духмянасьці, і выліваньне да яго чвэрць гіна віна;
І аброк яго хлебны дзьве дзясятыя часьці ценькае мукі, рашчыненае на аліве, на агняны аброк СПАДАРУ, на прыемны пах, і ўзьліваньні яго чэцьверць гіна віна.
і ніякага новага хлеба, ні сушанага зерня, ні зерня сырога ня ежце да таго дня, калі прынесяце прынашэньні Богу вашаму: гэта вечная пастанова ў роды вашыя ва ўсіх селішчах вашых.
А хлеба, ані пражаных зярнят, ані зярнят сырых ня ежча аж да тога дня, каторага прынясіце аброк Богу свайму: гэта вечная ўстава ў родах вашых, у вусіх сялібах вашых.
Адлічэце сабе ад першага дня пасьля сьвята, ад таго дня, калі прыносіце сноп трасеньня, сем поўных тыдняў,
І адлічыце сабе ад заўтрашняга дня просьле сыботы, ад тога дня, каторага прынесьлі сноп нахінаньня, сем сыботаў (поўныя маюць быць),
да першага дня пасьля сёмага тыдня адлічэце пяцьдзясят дзён, і тады прынясеце новае хлебнае прынашэньне Госпаду:
Да заўтрашняга дня просьле сёмае сыботы далічыце пяцьдзясят дзён, і даруйце новы хлебны аброк СПАДАРУ.
ад селішчаў вашых прыносьце два хлебныя прынашэньні, якія павінны складацца зь дзьвюх дзясятых долі эфы пшанічнай мукі і павінны быць сьпечаныя кіслыя, першы плод Госпаду;
Ад сялібаў сваіх прынясіце хлеб нахінаньня зь дзьвюх дзясятых часьцяў ценькае мукі, ды маюць быць сьпечаныя кіслыя, першы плод СПАДАРУ.
разам з хлябамі пастаўце сем ягнят без пахібы, адналетак, і з буйнога быдла адно цяля і двух бараноў; хай будзе гэта на цэласпаленьне Госпаду, і хлебнае прынашэньне і выліваньне да іх, у ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.
І абрачыце разам із хлебам сем баранчыкаў, аднагодніх, і з буйнога статку аднаго бычка й два бараны; няхай будзе гэта на ўсепаленьне СПАДАРУ, і хлебны аброк і ўзьліваньне да іх на агняны аброк, на прыемны пах СПАДАРУ.
Падрыхтуйце таксама са статку коз аднаго казла ў ахвяру за грэх і двух ягнят-адналетак у ахвяру мірную;
Прыгатуйце з казянят аднаго на аброк за грэх і два аднагоднія баранчыкі на аброк супакойны.
сьвятар павінен прынесьці гэта, трасучы перад Госпадам, разам з трасёнымі хлябамі першага плоду і з двума ягнятамі, і гэта будзе сьвятыняю Госпаду: сьвятару;
І хай туды-сюды нахінае іх сьвятар над хлебам першага плоду нахінаньня перад СПАДАРОМ над двума баранчыкамі: сьвятымі яны будуць СПАДАРУ; сьвятару.
і склікайце народ у гэты дзень, сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ва ўсіх селішчах вашых у роды вашыя.
І згукайце на самы гэты дзень, сьвяты збор будзе вам, і ніякае рамеснае работы не рабіце: гэта ўстава вечная ў вусіх сялібах вашых у родах вашых.
Калі будзеце жаць жніво на зямлі вашай, не дажынай да краю поля твайго, калі жнеш, і рэштак ад жніва твайго не зьбірай: беднаму і прыхадню пакінь гэта. Я Гасподзь, Бог ваш.
І як будзеце жаць жніво зямлі вашае, не канчай канцы поля свайго, як жнеш, і засталага ад жніва свайго ня зьбірай: беднаму а асяленцу пакінь гэта. Я СПАДАР, Бог ваш».
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
скажы сынам Ізраілевым: у сёмы месяц, у першы дзень месяца хай будзе ў вас спакой, сьвята трубаў, сьвяшчэнны сход;
«Гукай сыном Ізраелявым, кажучы: сёмага месяца, на першы дзень месяца хай будзе ў вас сыбота, сьвята трубаў, сьвяты збор.
ніякай працы не рабеце і прыносьце ахвяру Госпаду.
Ніякае рамеснае работы не рабіце, і абрачыце агняны аброк СПАДАРУ».
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
таксама на дзявяты дзень сёмага месяца гэтага, дзень ачышчэньня, хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход: упакорвайце душы вашыя і прыносьце ахвяру Госпаду:
«Але дзясятага дня сёмага месяца гэтага, дзень ласкіўчыненьня гэта, хай будзе ў вас сьвяты збор; і марыце душы вашыя, абракайце агняны аброк СПАДАРУ.
ніякай працы не рабеце ў дзень гэты, бо гэта дзень ачышчэньня, каб ачысьціць вас перад абліччам Госпада, Бога вашага;
Ніякага рамяства не рабіце гэтага самага дня, бо гэта дзень ласкіўчыненьня, каб залашчыць за вас від СПАДАРА, Бога вашага;
і ўсякая душа, якая не ўпакорыць сябе ў дзень гэты, зьнішчыцца з народу свайго;
Бо ўсялякая душа, каторая ня будзе марыць сябе гэтага самага дня, будзе выгублена зь люду свайго.
і калі якая душа будзе рабіць якую-небудзь працу ў дзень гэты, Я зьнішчу тую душу з народу яе;
І ўсялякую душу, што будзе рабіць якое рамяство гэтага самага дня, Я выгублю тую душу з пасярод люду ейнага.
ніякай працы не рабеце: гэта пастанова вечная ў роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых;
Ніякага рамяства не рабіце; гэта ўстава вечная ў родах вашых, у вусіх сялібах вашых.
гэта вам субота спакою, і ўпакорвайце душы вашыя, зь вечара дзявятага дня месяца; ад вечара да вечара сьвяткуйце суботу вашую.
Гэта вам сыбота сыботаў, і марыце душы вашы, зь дзявятага дня месяца ўвечары; ад вечара да вечара сьвяткуйце сыботы свае».
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
скажы сынам Ізраілевым, зь пятнаццатага дня таго самага сёмага месяца сьвята кучак, сем дзён Госпаду;
«Гукай сыном Ізраелявым, кажучы: зь пятнанцатага дня гэтага сёмага месяца сьвята будак, сем дзён СПАДАРУ.
у першы дзень сьвяшчэнны сход, ніякай працы не рабеце;
Першага дня сьвяты збор, ніякае рамеснае работы не рабіце.
сем дзён прыносьце ахвяру Госпаду; на восьмы дзень сьвяшчэнны сход хай будзе ў вас, і прыносьце ахвяру Госпаду: гэта адданьне сьвята, ніякай працы не рабеце.
Сем дзён абракайце агняны аброк СПАДАРУ; восьмага дня сьвяты збор хай будзе ў вас; і абрачыце агняны аброк СПАДАРУ; гэта дзень узьдзержлівасьці, і не рабіце ніякае рамеснае работы.
Вось сьвяты Гасподнія, у якія трэба склікаць сьвяшчэнныя сходы, каб прыносіць у ахвяру Госпаду цэласпаленьне, хлебнае прынашэньне, заколатыя ахвяры і паліваньні, кожнае ў свой дзень,
Гэта поры СПАДАРОВЫ, каторыя вы маеце агалашаць, як сьвятыя зборы, каб абракаць агняны аброк СПАДАРУ, усепаленьне, аброк хлебны, аброк зарэзаньня, узьліваньне, кажны ў свой дзень,
апрача субот Гасподніх і апрача дароў вашых, і апрача ўсіх абяцаньняў вашых і апрача ўсяго, што прыносіце з руплівасьці вашай, што вы даяце Госпаду.
Апрача сыботаў СПАДАРОВЫХ, і апрача дароў вашых, і апрача ўсіх аброкаў вашых, і апрача ўсіх самахотных вашых, што вы даіце СПАДАРУ.
А на пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі вы зьбіраеце творы зямлі, сьвяткуйце сьвята Гасподняе сем дзён: у першы дзень спакой і ў восьмы дзень спакой;
Але пятнанцатага дня сёмага месяца, як вы зьбіраеце ўвод зямлі, сьвяткуйце сьвята СПАДАРОВА сем дзён: першага дня сыбота і восьмага дня сыбота.
у першы дзень вазьмеце сабе галінкі прыгожых дрэў, галінкі пальмавыя і галінкі дрэў шырокалістых і вербаў рачных, і весялецеся прад Госпадам, Богам вашым сем дзён
І вазьміце сабе першага дня садавіну харошых дзерваў, пагоны пальмавыя і галінкі дзерваў густых і вербаў рэчных, і весяліцеся перад СПАДАРОМ, Богам вашым, сем дзён.
і сьвяткуйце гэта сьвята Гасподняе сем дзён у год: гэта пастанова вечная ў роды вашыя: на сёмым месяцы сьвяткуйце яго;
сьвяціце гэтае сьвята СПАДАРОВА сем дзён у годзе: гэта ўстава вечная ў родах вашых. Сёмага месяца сьвяціце яго.
у намётах жывеце сем дзён; кожны тубылец Ізраільцянін павінен жыць у намёце,
У будках маеце жыць сем дзён; кажны тубылец Ізраелец жыві ў будках,
каб ведалі роды вашыя, што ў намётах пасяліў Я сыноў Ізраілевых, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.
Каб ведалі роды вашыя, што ў будках асяліў Я сыноў Ізраелявых, як вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае. Я СПАДАР, Бог ваш».
І абвясьціў Майсей сынам Ізраілевым пра сьвяты Гасподнія.
І гукаў Масей сыном Ізраелявым праз поры СПАДАРОВЫ.