Лявіт 21 разьдзел
Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Далей сказаў Госпад да Майсея: «Гавары святарам, сынам Аарона, і кажы ім: “Хай не занячысціцца святар тым, што дакранаецца да памерлага з народа свайго.
І сказаў СПАДАР Масею: «Гукай сьвятаром Ааранёнкам і скажы ім: ніякай мертвай асобай хай ня плюгавяцца ў людзе сваім.
Хіба толькі да блізкіх сваякоў, гэта значыць да бацькі і маці, сына і дачкі, а таксама брата
Толькі да сваяка блізкога сабе, да маці свае й да айца свайго, да сына свайго й дачкі свае, да брата свайго
і сястры сваёй, дзяўчыны, што незамужняя, на ёй хай занячысціцца ён.
Й да сястры свае, дзяўчыны блізкой да сябе, што ня была замужам, зь ёю можа плюгавіцца.
І хай не занячысціць сябе святар з прычыны сваякоў жонкі сваёй, каб не зняважыць сябе.
Ён ня сплюгавіцца, як старшы ў людзе сваім, каб будзеніць сябе.
Не павінны яны стрыгчы галавы і барады ды на целе сваім не будуць рабіць нарэзаў.
Яны ня маюць рабіць плешы на галаве сваёй, канец барады свае хай ня голяць і на целе сваім хай не націнаюць націнаў.
Святымі будуць яны перад Богам сваім і не будуць паганіць імя Яго, бо яны складаюць агнявыя ахвяры Госпаду і ахвяру хлебную Богу свайму, і таму яны будуць святымі.
Сьвятымі хай будуць Богу свайму, і ня маюць будзеніць імені Бога свайго; бо агняныя аброкі СПАДАРУ, хлеб Бога свайго яны даруюць; затым будуць сьвятыя.
Не возьмуць яны за жонку распусніцы або зняслаўленай; ані той, якая адрынута мужам, бо той пасвячоны Богу свайму.
Жонкі бязулі й збудзененае яны ня возьмуць, і жонкі, разьведзенае мужам сваім, бо ён сьвяты Богу свайму.
І будзеш усвячаць яго, бо ён складае хлебную ахвяру Богу свайму. Дык хай будзе ён святы для цябе, бо святы Я, Госпад, Які асвячае вас.
Сьвяці яго, бо ён абракае хлеб Богу твайму; хай будзе ён у цябе сьвяты, бо сьвяты Я СПАДАР, пасьвячаючы вас.
Калі дачка святара паганіць сябе распустаю, то няславіць імя бацькі свайго; будзе яна спалена ў агні.
І дачка сьвятарова, калі збудзене сябе бязулствам, то яна будзене айца свайго: цяплом маюць спаліць яе.
Найвышэйшы святар паміж братоў сваіх, на галаву якога нанесены алей памазання, рукі якога пасвячоныя ў святарства ды які адзеты ў святыя шаты, не будзе распускаць валасоў сваіх і раздзіраць шатаў,
І найвышшы сьвятар із братоў сваіх, на каторага галаву ўзьліты алей памазаньня і каторы пасьвячаны адзявацца ў тую адзежу, ня мае адкрываць галавы свае й разьдзіраць адзежы свае;
і не будзе ён набліжацца да ніводнага памерлага, не занячысціцца ён нават з прычыны бацькі свайго і маці.
І да ніякага памерлага ня мае ён прыступаць; айцом а маці сваёй хай ня плюгавіцца.
Не будзе ён выходзіць са святыні і не апаганіць святога месца Госпадавага, бо ён пасвячоны алеем намашчэння для Бога свайго. Я — Госпад.
І ад сьвятыні ён ня мае адходзіць і будзеніць сьвятыню Бога свайго, бо адлучэньне алеям памазаньня Бога яго на ім. Я СПАДАР.
За жонку павінен браць ён дзяўчыну.
І ён жонку ў дзявоцтве ейным хай бярэць,
Не возьме за жонку ані ўдавы, ані разведзенай, ані зняслаўленай, ані распусніцы, ніводнай з такіх не возьме, але возьме дзяўчыну са сваякоў сваіх.
Удаву, альбо разьведзеную, альбо збудзененую, альбо бязулю, гэтыя ня мае ён браць, але адно дзяўчыну зь люду свайго мае ён браці за жонку.
І не зняславіць ён семя свайго сярод сваякоў сваіх, бо Я — Госпад, Які асвячае яго”».
І хай ня будзене насеньня свайго ў люду сваім, бо Я СПАДАР, Каторы пасьвячае яго».
Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
«Скажы Аарону: “Ніхто з патомства твайго ва ўсе пакаленні іх, у якога на целе будзе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру хлебную Богу свайму,
«Гукай Аарону, кажучы: кажны з насеньня твайго ў родах сваіх, калі будзе ў яго ган, хай ня бліжыцца абракаць хлеб Бога свайго;
бо ніхто, у каго на целе недахоп, не павінен прыступаць: ані сляпы, ані кульгавы, ані крываносы, ані скалечаны,
Бо кажны, на кім ган, ня мае бліжыцца: ані нявісны, ані кульгавы, альбо маючы сплюшчаны нос, альбо якую-колечы часьць лішне даўгую,
ані хто мае зламаную нагу або зламаную руку,
Ані такі, у каторага зломлена нага альбо зломлена рука,
ані гарбаты, ані кволы, ані той, хто мае бяльмо на воку, ані карослівы, ані той, хто мае паршу на целе або пашкоджаныя яечкі.
Ані гарбаты, ані карамжаты, альбо ў каторага бяльмо на воку, ані каросьлівы, ані шалудлівы, ані з расьцягненымі шулятамі.
Ніводзін чалавек з патомства Аарона святара, у якога на целе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру агнявую Госпаду, ані хлебную ахвяру Богу свайму; ён мае загану, не павінен ён прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго.
Кажная людзіна, у каторай ё ган, і яна з насеньня Аарона сьвятара, ня мае бліжыцца, каб дараваць агняныя аброкі СПАДАРУ: ган на ім, хай ня бліжыцца, каб дараваць хлеб Бога Свайго.
Але можа ён есці хлеб Бога свайго, як з [дароў] найсвяцейшых, так і са святых.
Хлеб Бога свайго ізь сьвятога сьвятых а ізь сьвятыняў ён можа есьці;
Толькі не будзе ён падыходзіць да заслоны і не будзе падыходзіць да ахвярніка, бо мае загану, і не павінен ён паганіць святыню Маю, бо Я — Госпад, Які асвячае іх”».
Але да запінахі ня мае ён прыходзіць, і да аброчніка ня мае ён бліжыцца, бо ган на ім; ня мае ён будзеніць сьвятыні Мае, бо Я СПАДАР, Каторы пасьвячае іх».
Майсей сказаў гэта Аарону, сынам яго ды ўсяму Ізраэлю.
І гукаў Масей Аарону а сыном ягоным а ўсім сыном Ізраелявым гэтыя словы.