Лявіт 11 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І прамовіў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:
 
І сказаў Госпад Майсею і Аарону:

«Вось што кажыце сынам Ізраэля: “Вось жывёлы з усіх жывёл зямных, якіх можаце есці:
 
«Вось што кажыце сынам Ізраэля: Вось жывёлы з усіх жывёлаў зямных, каторыя можаце есьці:

кожную жывёліну, у якой цалкам раздвоеныя капыты і на іх глыбокі разрэз і якая жуе жвайку, тую можаце есці.
 
кожную жывёліну, у каторай раздвоеныя капыты і на іх глыбокі разрэз, і каторая жуе жвайку, тую можаце есьці.

З тых, што маюць раздвоеныя капыты ці што жуюць жвайку, не ежце такіх: вярблюда, бо ён жуе жвайку, але не мае раздвоеных капытоў, лічы яго нячыстым,
 
З маючых раздвоеныя капыты і што жуюць жвайку ня ешце такіх: вярблюда, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для цябе;

тушканчыка, які жуе жвайку, але не мае раздвоеных капытоў, — нячысты ён,
 
тушканчыка, каторы жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для цябе;

таксама зайца, бо ён жуе жвайку, але не мае раздвоеных капытоў,
 
таксама зайца, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для цябе;

і свінню, якая, хаця мае цалкам раздвоеныя капыты, не жуе жвайку; нячыстая яна для цябе.
 
і сьвіню, каторая мае раздвоеныя капыты і на капытах разрэз глыбокі, але не жуе жвайку, нячыстая яна для цябе.

Іх мясам не карыстайцеся і да падліны іх не дакранайцеся, бо яны нячыстыя для вас.
 
Іхнім мясам не карыстайцеся і падліны іхняй не дакранайцеся, бо яны нячыстыя для вас.

Вось тыя, што родзяцца ў вадзе і якіх можна есці: кожнага з тых, што маюць плаўнікі і луску, ці ён з мора, ці з ракі, ці з ручая, есці можаце.
 
Вось гэтых жывуноў, што родзяцца ў вадзе, можна есьці: кожнага вадзянога жывуна, каторы мае плаўнік і луску, ці ён з мора, ці з ракі, ці з ручая, есьці можаце.

Якія ж з іх не маюць плаўнікоў і лускі, з ліку паўзуноў або іншых якіх жывёл, якія рухаюцца ў вадзе, гэта паганае для вас
 
Каторы ж зь іх ня мае плаўніка і лускі, ці з мора, ці з ракі, усе, што, плаваюць у вадзе, і ўсе, каторыя жывуць у вадзе, яны паганыя для вас.

і павінны быць брыдотай. Не ежце іх мяса ды высцерагайцеся іх падліны.
 
Яны будуць брыдотай для вас. Ня ешце мяса іх і высьцерагайцеся падліны іхняй.

Усе жывуны вадзяныя, якія не маюць плаўнікоў і лускі, будуць для вас нячыстымі.
 
Усе жывуны вадзяныя, ня маючыя плаўніка і лускі, будуць для вас нячыстымі.

Гэта тыя з птушак, якіх не павінны вы есці і якіх трэба высцерагацца: арла, грыфа і марскога арла,
 
З птушак гэтых павінны вы высьцерагацца і ня есьці: арла, грыфа і марскога арла,

каршука і сокала з родам яго,
 
каршука і сокала з родам яго,

усякіх гатункаў крумкачоў,
 
усякіх гатункаў крумкачоў,

страуса, савы, чайкі, ды ястраба з родам яго,
 
стравуса, савы, чайкі ды ястрабоў усякіх гатункаў,

пугача, рыбалова, ібіса,
 
пугача, рыбалова, ібіса,

лебедзя, пелікана і сыча,
 
лебедзя, пэлікана і сыча,

чаплі, бусла з родам яго, удода і кажана.
 
чаплі, буслоў усякіх гатункаў, удода і кажана.

Усе жывуны крылатыя, што ходзяць на чатырох нагах, нячыстыя будуць для вас.
 
Усе жывуны крылатыя, што на чатырох нагах, нячыстыя будуць для вас.

Тых, хто ходзіць на чатырох нагах, але мае голені даўжэйшыя за ногі, якімі ён скача па зямлі,
 
Спаміж лятаючых жужлаў будзеце есьці толькі тых, у каторых галені вышэй ног, каб маглі скакаць па зямлі.

вы можаце есці; гэта саранча з родам яе, ды салам з родам яго, харгол і хагаб з родам яго.
 
Спаміж іх гэтых ешце: шаранчу ўсіх гатункаў, салам усіх гатункаў, харголь і хагаб усіх гатункаў.

Усе іншыя гатункі чатырохногіх крылатых паўзуноў будуць для вас нячыстыя.
 
Усе іншыя гатункі чатырохножных жужлаў будуць для вас нячыстыя.

І хто дакранецца да іх мярцвячыны, апаганіцца і будзе нячысты да вечара.
 
Ад іх вы будзеце нячыстыя; хто дакранецца іхняй падліны, апаганіцца і будзе нячысты да вечара.

І калі б яму выпала несці нейкую мярцвячыну, хай вымые адзенне сваё і будзе нячысты да захаду сонца.
 
І калі б каму выпала несьці падліну іх, хай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да заходу сонца.

Кожная жывёла, якая мае капыт, але не раздвоены, ды не жуе жвайку, будзе нячыстая для вас, дык хто дакранецца да яе, станецца нячыстым.
 
Кожная жывёла, каторая мае капыт раздвоены, але ня мае разрэзу ды не жуе жвайку, будзе нячыстая для вас; дык хто дакранецца яе, станецца нячыстым.

З усіх жывёл чатырохногіх тыя, што ходзяць на лапах, нячыстыя будуць для вас; кожны, хто дакранецца да мярцвячыны іх, нячысты будзе да вечара.
 
З усіх жывёлаў чатырохножных тыя, што ходзяць на лапах, нячыстыя для вас; кожны хто дакранецца падліны іхняй, нячысты будзе да вечара.

Дык кожны, хто нёс бы мярцвячыну іх, хай вымые адзенне сваё і будзе нячысты да вечара, бо ўсе яны нячыстыя для вас.
 
Дык кожны, хто нёс бы падліну іхнюю, хай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара, бо ўсе яны нячыстыя для вас.

Паміж малых жывёлін, якія рухаюцца па зямлі, нячыстымі хай лічацца гэтыя: ласка, мыш ды яшчаркі з родам іх,
 
Спаміж малых жывёлін, каторыя рухаюцца па зямлі, нячыстыя гэтыя: крот, мыш ды ўсе гатункі яшчарак,

землярыйка, чарапаха, стэліён, крот і хамелеон.
 
анака, хамэлеон, летаа, хамэт і тыншамэт.

Усе гэтыя жывёлы нячыстыя. Хто дакранецца да іх мярцвячыны, будзе нячысты аж да вечара.
 
Усе гэтыя жывёлы нячыстыя. Хто дакранецца іх падліны, будзе нячысты аж да вечара.

Калі з гэтай мярцвячыны ўпадзе што-колечы, ці то на посуд драўляны, ці на адзенне, ці на скуру, ці на мяшок, то ўсякая рэч, катораю карыстаюцца, будзе нячыстай. Трэба намачыць іх у вадзе, і будуць яны нячыстыя аж да вечара, а потым будуць чыстыя.
 
Калі з гэтых падлінаў упадзе што-колечы ці то на посуд драўляны, ці на адзеньне, ці на скуру, ці на мяшок, то ўсякая рэч, катораю карыстаюцца, будзе нячыстай. Трэба намачыць іх у вадзе, і будуць яны нячыстыя аж да вечара, а потым будуць чыстыя.

А посуд гліняны, у які штосьці з гэтага ўпала, будзе нячысты і яго трэба разбіць.
 
Посуд жа гліняны, у каторы штосьці з гэтага ўпала, будзе ўнутры нячысты, і яго трэба разьбіць.

Кожная страва, якую ўжываеце, калі б на яе пацякла вада з таго посуду, будзе нячыстай, ды ўсякае пітво, якое п’юць з такога посуду, будзе нячыстым.
 
Кожная страва, каторую ясьцё, калі б на яе пацякла вада з таго посуду, будзе нячыстай, і ўсякае пітво, каторае п'юць з такога посуду, нячыстае.

На што толькі нешта з гэтае мярцвячыны ўпадзе, тое будзе нячыстым; печ ці грубка маюць быць знішчаны, бо яны нячыстыя, і будуць нячыстыя для вас.
 
На што толькі нешта з гэтае падліны ўпадзе, тое будзе нячыстым; печ ці грубка маюць быць зьнішчаны, бо яны нячыстыя, і будуць нячыстыя для вас.

Толькі крыніцы і студні ды ўсё, дзе сабрана вада, будзе чыстым. Але той, хто дакранецца да той мярцвячыны, будзе нячысты.
 
Толькі крыніцы і студні, дзе ёсьць вада, будуць чыстымі. Але той, хто дакранецца той падліны, будзе нячысты.

Калі што-колечы ад падліны ўпадзе на насенне, не спаганіць яго,
 
Калі што-колечы ад падліны ўпадзе на насеньне, не паганіць яго,

але калі б якое насенне намачыла вада і такога дакранулася штосьці ад мярцвячыны, то яно будзе для вас нячыстым.
 
але калі б зерне было мокрае і такога дакранулася штосьці ад падліны, то яно будзе для вас нячыстым.

Калі здохне жывёла, якую вам можна есці, дык калі б хто дакрануўся да мярцвячыны, будзе нячысты да вечара,
 
Калі здохне жывёла, каторую вам можна есьці, дык калі б хто дакрануўся яе, будзе нячысты да вечара.

і хто з’есць штосьці з яе або панясе падліну яе, хай памые адзенне сваё; і будзе нячысты да вечара.
 
Калі хто зьесьць такой падліны, то хай памые адзеньне і будзе нячысты да вечара. Таксама і той, хто будзе несьці такую падліну, хай вымые адзеньне і будзе нячысты да вечара.

Усякая жывёліна, якая поўзае па зямлі, — гэта брыдота, нельга яе ўжываць у ежу.
 
Усякая жывёліна, каторая поўзае па зямлі — гэта брыдота, нельга яе есьці.

Што-колечы, што поўзае на жываце і на чатырох нагах, або мае многа ног, або цягнецца па зямлі, не ежце гэтага, бо гэта брыдота.
 
Што-колечы поўзае па зямлі на жываце і на чатырох нагах, або мае многа ног, або цягнецца па зямлі, ня ешце гэтага, бо гэта брыдота.

Не паганьце душ вашых якімі-небудзь паўзунамі і не дакранайцеся ні да каго з іх, каб не сталіся нячыстымі.
 
Не паганьце душаў вашых якімі-небудзь паўзунамі і не дакранайцеся да іх, каб ня сталіся нячыстымі.

Я — Госпад, Бог ваш. Асвячайцеся ды будзьце святымі, бо Я — святы! Не паганьце душ вашых якім-колечы паўзуном, які поўзае па зямлі,
 
Я — Госпад, Бог ваш. Асьвячайцеся ды будзьце сьвятымі, бо Я — Сьвяты! Не паганьце душаў вашых якім-колечы паўзуном, каторы поўзае па зямлі,

бо Я — Госпад, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам. Будзьце святымі, бо Я — святы!
 
бо Я — Госпад, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб быць вашым Богам. Будзьце сьвятымі, бо Я — Сьвяты!

Гэта вось закон адносна жывёлы і птушак ды ўсякага жывуна, які рухаецца ў вадзе і поўзае па зямлі,
 
Гэта вось закон адносна быдла і птушак ды ўсякага жывуна, каторы жыве ў вадзе і поўзае па зямлі,

каб адрознівалі, што чыстае, а што нячыстае, ды ведалі, што маеце есці, а чым маеце брыдзіцца”».
 
каб адрозьнівалі, што чыстае, а што нячыстае, ды ведалі, што маеце есьці, а чым маеце брыдзіцца».