Лявіт 18 разьдзел
Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
Далей казаў Госпад Майсею:
«Вучы сыноў Ізраэля і кажы ім: “Я — Госпад, Бог ваш.
«Вучы сыноў Ізраэля і кажы ім: Я — Госпад, Бог ваш.
Не рабіце паводле звычаю зямлі Егіпецкай, у якой вы жылі, і паводле неразумнасці зямлі Ханаан, у якую Я збіраюся ўвесці вас, не рабіце і не хадзіце па іх законах.
Не рабіце паводле звычаю зямлі Эгіпецкай, у каторай вы жылі. Таго, што робяць у зямлі Ханаан, у каторую Я ўвяду вас, не рабіце і не хадзіце паводле іхніх звычаяў.
Будзеце спаўняць пастановы Мае і выконваць прыказанні Мае ды жыць паводле іх. Я — Госпад, Бог ваш.
Будзеце спаўняць закон Мой і прыказаньні Мае, і хадзіць паводле іх. Я — Госпад, Бог ваш.
Беражыце пастановы Мае і закон Мой. Спаўняючы іх, чалавек будзе жыць дзякуючы ім. Я — Госпад!
Беражыце пастановы Мае і закон Мой. Спаўняючы іх, чалавек будзе жыць дзякуючы ім. Я — Госпад!
Ніводны чалавек не наблізіцца да сваяка свайго, каб выявіць заганнасць яго. Я — Госпад.
Ніхто ня можа набліжацца да сваяка, каб адкрыць голасьць ягоную. Я — Госпад.
Не адкрывай галізны бацькі і маці сваёй: бо гэта — маці твая, не выяўляй галізны яе.
Не адкрывай голасьці бацькі і маткі тваёй, бо гэта — маці твая, не адкрывай голасьць ейную.
Не адкрывай галізны жонкі бацькі твайго, бо гэта галізна бацькі твайго.
Не адкрывай голасьці жонкі бацькі твайго, бо гэта голасьць бацькі твайго.
Не адкрывай галізны сястры сваёй, дачкі бацькі твайго або дачкі маці тваёй, нягледзячы на тое, ці яна нарадзілася ў доме, ці па-за домам. Не адкрывай галізны іх.
Не адкрывай голасьці сястры тваёй, дачкі бацькі твайго або дачкі маткі тваёй, нягледзячы на тое, ці яна нарадзілася ў доме, ці па-за домам. Не адкрывай голасьці іх.
Не адкрывай галізны дачкі сына твайго або дачкі дачкі тваёй, бо гэта галізна твая.
Не адкрывай голасьці дачкі сына твайго або дачкі дачкі тваёй, бо гэта голасьць твая.
Не адкрывай галізны дачкі жонкі бацькі твайго, якую нарадзіла яна бацьку твайму, гэта сястра твая, не адкрывай галізны яе.
Не адкрывай голасьці дачкі жонкі бацькі твайго, народжанай ад бацькі твайго; гэта сястра твая, не адкрывай голасьці яе.
Не адкрывай галізны сястры бацькі свайго, бо яна сваячка бацькі твайго.
Не адкрывай голасьці сястры бацькі твайго, бо яна сваячка бацькі твайго.
Не адкрывай галізны сястры маці сваёй, бо яна сваячка маці тваёй.
Не набліжайся да сястры маткі тваёй, бо яна сваячка маткі тваёй.
Не адкрывай галізны брата бацькі свайго, не ўваходзь да жонкі яго, якая звязана з табою сваяцтвам, бо гэта цётка твая.
Не адкрывай голасьці брата бацькі твайго, ня ўваходзь да жонкі ягонай, бо гэта цётка твая.
Не адкрывай галізны нявесткі сваёй, бо яна жонка сына твайго, не адкрывай ганьбы яе.
Не адкрывай голасьці нявесткі тваёй, бо яна жонка сына твайго, не набліжайся да яе.
Не адкрывай галізны братавай сваёй, бо гэта галізна брата твайго.
Не адкрывай голасьці братавай тваёй, бо гэта голасьць брата твайго.
Не адкрывай галізны жанчыны і дачкі яе. Не бяры дачкі сына яе ані дачкі яе дачкі, каб адкрыць ганьбу яе, бо яны цела яе. Гэта беззаконне.
Не адкрывай голасьці жанчыны і дачкі яе. Не бяры дачкі сына ейнага ані дачкі ейнай дачкі, каб адкрыць голасьць яе, бо яны цела яе. Гэта беззаконьне.
Не бяры сястру жонкі сваёй, саперніцу яе, каб адкрыць яе галізну, пакуль гэтая жывая.
Не бяры жанчыны разам зь яе сястрой, каб не зрабіць яе суперніцай, каб адкрыць яе голасьць за жыцьця гэтае.
Не набліжайся да жанчыны ў час яе месячніцы і не адкрывай галізну яе.
Не набліжайся да жанчыны ў час месячніцы, каб адкрыць голасьць яе.
Не кладзіся з жонкай бліжняга свайго і не спаганьвай сябе змяшэннем семя; праз гэта станешся ты нячысты.
Не ўваходзь да жонкі бліжняга твайго, выліваючы насеньне; праз гэта станешся ты нячысты.
Не аддавай дзіцяці свайго на ахвяру ідалу Малоху, каб не спаганіць імя Бога твайго. Я — Госпад.
Не аддавай дзіцяці твайго на ахвяру Малоху, каб не спаганіць імя Бога твайго. Я — Госпад.
Не спалучайся з мужчынам так, як ляжыш з жанчынаю: гэта агіда.
Не набліжайся да мужчыны так, як ляжаць з жанчынаю. Гэта агіда.
Не кладзіся з ніякаю жывёлаю, не спаганьвай сябе з ёю. Таксама і жанчына не будзе злучацца з жывёлай, бо гэта злачынства!
Не лажыся ні зь якою жывёлаю, бо праз гэта станешся нячысты. Таксама і жанчына ня будзе лажыцца з жывёлай, бо гэта злачынства.
Не паганьцеся ўсім гэтым, як апаганілі сябе ўсе народы, якія Я выганю перад вашым абліччам,
Не паганьцеся ўсім гэтым, як апаганілі сябе ўсе народы, каторыя Я выганю перад вамі,
ды якімі была спракуджана зямля, злачынствы якой Я пакараў, і выкінула з сябе жыхароў сваіх.
ды каторымі была спракуджана зямля, злачынствы каторай Я пакараў, і выкінула зь сябе жыхароў сваіх.
Дык вы пільнуйцеся пастаноў і законаў Маіх і не дапускайцеся ўсіх гэтых брыдот, ані тутэйшы, ані прышэлец, які жыве сярод вас,
Дык вы пільнуйцеся пастановаў Маіх і законаў Маіх, і не дапускайцеся ўсіх гэтых брыдотаў, ані тутэйшыя, ані прыбыльцы, каторыя жывуць сярод вас,
бо ўсіх гэтых брыдот дапускаліся жыхары зямлі, якія былі перад вамі і якія апаганілі яе.
бо ўсіх гэтых брыдотаў дапускаліся жыхары зямлі, каторыя былі перад вамі і каторыя апаганілі яе.
Дык сцеражыцеся, каб і вас яна не выкінула, калі будзеце яе паганіць, як выкінула з сябе народ, які быў перад вамі.
Дык сьцеражыцеся, каб і вас гэтая зямля ня выкінула, калі будзеце яе паганіць, як выкінула зь сябе народ, каторы быў перад вамі.
Бо кожная душа, якая б дапусцілася адной з гэтых брыдот, будзе вынішчана з народа свайго.
Бо кожны чалавек, каторы б дапускаўся адной з гэтых брыдотаў, будзе вынішчаны спасярод народу свайго.
Трымайцеся прыказанняў Маіх. Не дапускайцеся брыдотных звычаяў, як дапускаліся тыя, што былі перад вамі, не паганьцеся імі. Я — Госпад, Бог ваш”».
Трымайцеся прыказаньняў Маіх. Не дапускайцеся брыдотных звычаяў, як дапускаліся тыя, што былі перад вамі, і не паганьцеся імі. Я — Госпад, Бог ваш».