Лявіт 27 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Далей казаў Госпад Майсею:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

«Кажы сынам Ізраэля і гавары ім: “Калі які чалавек складзе прысягу і ахвяруе душу Богу, то кошт яго будзе па ацаненні,
 
«Кажы сынам Ізраэля і гавары ім: Калі які чалавек дае шлюбаваньне пасьвяціць душу Госпаду па ацаненьні тваім,

дык калі б гэта быў мужчына ад дваццаці да шасцідзесяці гадоў, то будзе ён ацэнены на пяцьдзесят сікляў срэбрам па мерцы святыні,
 
дык калі б гэта быў мужчына ад дваццаці да трыццаці гадоў, то будзе ён ацэнены на пяцьдзесят сыкляў серабром па вазе сьвятыні,

а калі жанчына, то на трыццаць.
 
а калі жанчына, то будзе ацэнена на трыццаць сыкляў.

А ад пятага года да дваццатага будзе ацэнка мужчыны — дваццаць сікляў срэбра, а жанчыны — дзесяць.
 
А ад пятага году да дваццатага будзе твая ацэнка мужчыны — дваццаць сыкляў серабра па мерцы сьвятыні, а жанчыны — дзесяць.

А ад аднаго месяца да пяці гадоў будзе дадзена за мужчыну пяць сікляў, а за жанчыну — тры.
 
А ад аднаго месяца да пяці год даецца за мужчыну пяць сыкляў, а за жанчыну — тры сыклі.

Ад шасцідзесяці гадоў і вышэй за мужчыну даецца пятнаццаць сікляў, а за жанчыну — дзесяць.
 
Ад шасьцідзесяці год і вышэй за мужчыну даецца пятнаццаць сыкляў, а за жанчыну — дзесяць.

Калі б хто быў такі бедны і не мог бы заплаціць ацанення, то хай паставяць яго перад святаром, а ён ацэніць і паглядзіць: што ён можа даць, — хай тое дасць.
 
Калі б хто быў так бедны і ня мог бы заплаціць ацаненьня, то хай паставяць яго перад сьвятаром, а той ацэніць; і што ён можа даць, хай тое дасьць.

Калі хто складзе на прысягу жывёлу, якая можа складацца ў ахвяру Госпаду, то гэта будзе святое.
 
Калі гэта будзе быдла, каторае складаецца ў ахвяру Госпаду, дык усё, што шлюбаваў для Госпада, ёсьць рэччу сьвятою.

Нельга будзе яго замяніць, ані лепшае — горшым, ані горшае — лепшым. Калі б жа хто замяніў, то і тое, што заменена, і на што заменена будзе святой рэччу для Госпада.
 
Нельга яго замяніць, ані лепшае — горшым, ані горшае — лепшым. Калі б жа хто замяніў, то і тое, што заменена, і на што заменена, будзе сьвятой рэччу для Госпада.

Калі б хто ахвяраваў жывёлу нячыстую, якой нельга складаць у ахвяру Госпаду, то прывядуць яе да святара,
 
Калі б хто шлюбаваў жывёлу нячыстую, каторай ня можна складаць у ахвяру Госпаду, то прывядуць яе да сьвятара,

які ацэніць яе, ці яна добрая, ці благая, ды якую ўстановіць цану, такая і будзе.
 
каторы ацэніць яе, ці яна добрая, ці благая, ды якую ўстановіць цану, такая і будзе.

Калі хто захоча выкупіць яе, то тады той, хто складае, хай дасць пятую частку звыш ацанення.
 
Калі хто захоча выкупіць яе, то хай дадасьць пятую частку да яго ацэнкі.

Калі хто ахвяруе дом свой Госпаду як святую рэч, дык святар ацэніць той дом паводле таго, ці ён добры, ці благі. Як святар яго ацэніць, такая будзе яго вартасць.
 
Калі хто пасьвяціць дом свой Госпаду як сьвятую рэч, дык сьвятар ацэніць той дом паводле таго, ці ён добры, ці благі. Як сьвятар яго ацэніць, такая будзе ягоная вартасьць.

А калі той, хто яго ахвяраваў, захоча адкупіць яго, то дадасць пятую частку кошту яго і будзе мець дом.
 
А калі той, хто яго ахвяраваў, захоча адкупіць яго, то дадасьць пятую частку кошту яго і будзе мець дом.

Калі хто ахвяруе і пасвяціць Госпаду поле з уласнай маёмасці, то ацэнка твая павінна быць паводле засеву: калі ў зямлю засяваецца трыццаць гамэраў ячменю — хай будзе ацэнена ў пяцьдзесят сікляў срэбра.
 
Калі хто пасьвяціць Госпаду частку ўласнага поля, то ацэнка твая павінна быць паводле засеву: за засеў гамэру ячменя — пяцьдзесят сыкляў серабра.

Калі хто ахвяруе поле сваё ў год юбілейны, то хай будзе ацэнена ў столькі, колькі можа каштаваць.
 
Калі хто пасьвяціць сваё поле ў год юбілейны, твая ацэнка будзе важная.

А калі хто [ахвяруе сваю зямлю] праз некаторы час, то святар вылічыць за яго суму грошай па гадах, якія засталіся, колькасць аж да юбілею, ды будзе зніжана ацаненне.
 
Калі ж хто пасьвяціць сваю зямлю па годзе юбілейным, то сьвятар палічыць суму грошаў па гадах, каторыя застаюцца да наступнага году юбілейнага, і належна абніжыць ацэнку.

Калі той, хто ахвяраваў зямлю, захоча выкупіць яе, то дадасць пятую частку грошай ацанення і будзе мець яе.
 
Калі той, хто пасьвяціў зямлю, адкупіць яе, то дадасьць пятую частку вышэй ацэнкі і будзе мець яе.

А калі ён не захоча выкупляць ды калі прадасць яе каму іншаму, то ўжо больш яе нельга будзе выкупіць.
 
А калі ён ня выкупіць зямлі, і калі гэтая зямля будзе прададзена каму іншаму, то ня можа быць выкупленая.

Аднак, калі яна адыдзе ў год юбілею, то будзе святой рэччу для Госпада, як поле пад клятвай; валодаць ёю будзе святар.
 
У такім выпадку, калі зямля ў юбілейным годзе станецца свабоднай, будзе яна належаць Госпаду як рэч сьвятая, як зямля пад клятвай. Станецца яна ўласнасьцю сьвятара.

А калі хто захоча ахвяраваць Госпаду зямлю купленую, якая не з уласнасці продкаў,
 
А калі хто пасьвяціць Госпаду зямлю, купленую не з уласнасьці продкаў,

то святар вылічыць суму ацанення за [зямлю] паводле колькасці гадоў да юбілейнага года, і той, хто ахвяраваў, аддасць яе ў той самы дзень як святую рэч для Госпада.
 
то сьвятар палічыць вялікасьць ацэнкі да юбілейнага году, і павінен ён аддаць яшчэ таго самага дня Госпаду суму ацаненьня як сьвятую рэч.

У год юбілейны зямля вернецца да ранейшага ўладальніка, які прадаў яе і валодаў [ёю] як часткай сваёй уласнасці.
 
У год юбілейны зямля вернецца да таго, ад каго была куплена, чыёй была ўласнасьцю.

Кожная ацэнка павінна быць паводле сікля святыні. Адзін сікль раўняецца дваццаці гэрам.
 
Кожная твая ацэнка павінна быць паводле сыклю сьвятыні. Адзін сыкль раўняецца дваццаці герам.

Ніхто не можа пасвяціць і ахвяраваць Госпаду першароднае з жывёлы, якое і так належыць Госпаду, ці то вол, ці то авечка, бо яны Госпадавы.
 
Ніхто ня можа пасьвяціць і шлюбаваць Госпаду першароднае з быдла, якое і так належыць Госпаду, ці то вол, ці то авечка, бо яны — Госпадавы.

Калі гэта жывёла нячыстая, то можа выкупіць [яе] той, хто складае, паводле ацанення, дадаўшы яшчэ пятую частку кошту; калі ж ён не захоча выкупіць, то будзе прададзена за столькі, колькі будзе.
 
Калі гэта жывёла нячыстая, то можна яе выкупіць за суму тваёй ацэнкі, дадаючы да яе адну пятую. Калі ня будзе выкуплена, то прадасца па суме тваёй ацэнкі.

Калі нейкі чалавек пасвяціць штосьці з сваёй уласнасці Госпаду як клятву: чалавека, жывёлу або поле, то гэта рэч не можа быць ані прададзена, ані выкуплена. Усё, што толькі калісьці будзе пасвечана, — гэта будзе рэч найсвяцейшая для Госпада.
 
Калі хто пасьвяціць штосьці з сваёй уласнасьці Госпаду як клятву: чалавека, жывёлу або частку ўласнай зямлі — то гэта рэч ня будзе ані прададзена, ані выкуплена. Кожная клятва — гэта рэч найсьвяцейшая для Госпада.

Ніводзін чалавек, які пасвячоны Госпаду як клятва, не можа быць выкуплены, павінен быць ён забіты.
 
Ніводзін чалавек, каторы пасьвячаны Госпаду як клятва, ня можа быць выкуплены, павінен быць ён забіты.

Кожная дзесяціна зямлі з пасеву або з пладоў дрэў ёсць Госпадава, гэта святая рэч для Госпада.
 
Кожная дзесяціна зямлі з пасеву зямлі і з пладоў дрэваў ёсьць Госпадава, гэта сьвятая рэч для Госпада.

Калі б хто хацеў выкупіць частку сваёй дзесяціны, то дадасць да яе адну пятую.
 
Калі б хто хацеў выкупіць частку сваёй дзесяціны, то дадасьць да яе адну пятую.

Кожная дзесяціна з валоў, авечак, коз, якія праходзяць пад палкай пастуха, кожнае, што пройдзе дзесятым, будзе святой рэччу для Госпада.
 
Кожная дзесяціна з валоў, авец, козаў, каторыя праходзяць пад палкай пастыра, ёсьць пасьвечаныя Госпаду.

Не будзе адрознівацца, што добрае, а што благое, і не будзе рабіцца ніякай замены. Калі хто аднак зробіць замену, то абедзве жывёліны, — якая заменена і на якую заменена, — будуць пасвячоны і не могуць быць выкуплены”».
 
Ня будзе адрознівацца, што добрае, а што благое, і ня будзе рабіцца ніякай замены. Калі хто, аднак, зробіць замену, то абедзьве жывёліны, і адна, і другая, будуць пасьвечаныя Госпаду. Ня могуць яны быць выкуплены».

Такія вось прыказанні, якія даў Госпад Майсею для сыноў Ізраэля на гары Сінай.
 
Такія вось прыказаньні, якія даў Госпад Майсею і сынам Ізраэля на гары Сынай.