Лявіт 24 разьдзел
Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Далей казаў Госпад Майсею:
Далей казаў Госпад Майсею:
«Загадай сынам Ізраэля, каб прынеслі табе найчысцейшага алею з аліўкавых дрэў ды празрыстага для пастаяннага гарэння свечак падсвечніка.
«Загадай сынам Ізраэля, каб прынесьлі табе да сьвечніка найчысьцейшага алею, выціснутага з алівак, празрыстага, для пастаяннага гарэньня сьвечак сьвечніка.
Будзе рыхтаваць яго Аарон за заслонай, што павешана перад сведчаннем у палатцы сустрэчы, каб гарэў заўсёды ад вечара аж да раніцы перад Госпадам. Гэта пастанова вечная для пакаленняў вашых.
Прыгатуе яго Аарон за заслонай сьведчаньня ў Палатцы Сустрэчы, каб заўсёды ад вечара аж да раніцы гарэў перад Госпадам. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых.
Будзе рыхтаваць ён заўсёды свечкі на найчысцейшым падсвечніку перад абліччам Госпада.
Прыгатуе ён тыя сьвечкі на чыстым сьвечніку, каб гарэлі заўсёды перад Госпадам.
Вазьмі таксама мукі і спячы з яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінна быць дзве дзесятыя [эфы].
Вазьмі таксама мукі і сьпячы зь яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінна быць дзьве дзесятых эфы.
Пасля пакладзеш іх у два рады, па шэсць у кожным радзе, на вельмі чыстым стале перад Госпадам,
Пасьля пакладзеш іх у два рады, па шэсьць у кожным радзе, на чыстым стале перад Госпадам,
ды пакладзеш на кожны рад найчысцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра агнявая для Госпада.
і пакладзеш на кожны рад найчысьцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра, паленая для Госпада.
У кожную суботу пастаянна будуць мяняць іх перад Госпадам як дар ад сыноў Ізраэля; гэта вечная дамова.
У кожную суботу пастаянна будуць класьці іх перад Госпадам як дар ад сыноў Ізраэля; гэта запавет вечны.
Яны будуць належаць Аарону і яго сынам, каб спажывалі іх у асвячоным месцы, бо гэта святыя рэчы для яго паміж ахвяр агнявых для Госпада. Гэта пастанова вечная».
Яны належацца Аарону і яго сынам, каб спажывалі іх у асьвечаным месцы, бо гэта сьвятыя рэчы, якія належаць яму спаміж ахвяраў агнявых для Госпада. Гэта пастанова вечная».
Між сынамі Ізраэля знаходзіўся сын адной ізраэлькі, якога нарадзіла яна ад егіпцяніна. У лагеры ён палаяўся з адным ізраэльцам,
Між сынамі Ізраэля знаходзіўся сын адной Ізраэлькі, народжаны ад Эгіпцяніна. У табары ён павадзіўся з адным Ізраэльцам,
і сын ізраэлькі зблюзніў супраць імя [Госпада] і пракляў Яго. Прывялі яго да Майсея. Маці яго называлася Саламіт, дачка Дабры, з пакалення Дана.
і сын Ізраэлькі зблюзьніў супраць імя (Госпада) і пракляў Яго. Прывялі яго да Майсея. Маці яго называлася Шэляміт, дачка Дыбры, з пакаленьня Дана.
Аддалі яго пад варту, пакуль не даведаюцца, што загадае Госпад.
Аддалі яго пад варту, пакуль ня высьветліцца прысуд ад Госпада.
І Госпад сказаў Майсею:
І Госпад сказаў Майсею:
«Выведзі блюзнерцу за лагер, і ўсе, якія яго чулі, пакладуць рукі свае на яго галаву, і ўвесь сход укамянуе яго.
«Выведзі блюзьнерцу за табар, і ўсе, каторыя яго чулі, паложаць рукі свае на ягоную галаву, і ўвесь сход укамянуе яго.
А сынам Ізраэля скажы: “Чалавек, які зблюзніць супраць Бога свайго, панясе грэх свой.
А сынам Ізраэля скажы: Чалавек, каторы зблюзьніць супраць Бога свайго, адкажа за свой грэх.
І хто зблюзніць супраць імя Госпада, будзе пакараны смерцю. Увесь сход укамянуе яго, ці ён будзе прышэлец, ці тутэйшы. Хто блюзніць на імя Госпада, той будзе пакараны смерцю.
І хто зблюзьніць супраць імя Госпада, будзе пакараны сьмерцю. Увесь сход укамянуе яго, ці ён будзе прыхадзень, ці тутэйшы. Хто блюзьніць на імя Госпада, той будзе пакараны сьмерцю.
Хто ўдарыць і заб’е чалавека, будзе пакараны смерцю.
Хто ўдарыць і заб'е чалавека, будзе пакараны сьмерцю.
Хто заб’е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: гэта значыць жывёлу за жывёлу.
Хто заб'е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: жывёлу за жывёлу.
Калі хто скалечыць кагосьці з суайчыннікаў сваіх, то, як ён зрабіў, так і яму зробяць.
Хто скалечыць бліжняга, будзе пакараны; як ён зрабіў, так і яму зробяць.
Хай вернецца пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. Якім чынам ён скалечыў, тое ж самае прыйдзецца яму сцярпець.
Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. У які спосаб ён скалечыў, такім чынам і ён будзе скалечаны.
Хто заб’е жывёлу, аддасць іншую; хто заб’е чалавека, будзе пакараны смерцю.
Хто заб'е жывёлу, аддасьць іншую (жывёлу); хто заб'е чалавека, будзе пакараны сьмерцю.
Роўны суд хай будзе ў вас, ці прыхадзень зграшыць, ці тутэйшы. Бо Я — Госпад, Бог ваш!”»
Роўны суд хай будзе ў вас, ці прыхадзень саграшыць, ці тутэйшы. Бо Я — Госпад, Бог ваш!»
Потым загадаў Майсей сынам Ізраэля, каб вывелі таго, хто зблюзніў, за лагер і каб закідалі камянямі. І сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею.
Потым загадаў Майсей сынам Ізраэля вывесьці блюзьнерцу за табар і закідаць каменьнямі. І сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею.