Лявіт 10 разьдзел
Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Сыны Аарона, Надаб і Абігу, узяўшы кадзільніцы, паклалі у агонь ды яшчэ і духмянасці, складаючы ў ахвяру перад Госпадам іншы агонь, а не той, што быў загаданы.
Сыны Аарона, Надаб і Абігу, узялі кожны сваю кадзільніцу і набралі ў іх агня, паклалі на яго кадзіла і ахвяравалі перад Госпадам іншы агонь, а ня той, што быў ім загаданы.
Тады выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і яны памерлі перад Госпадам.
Тады выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і яны памерлі перад абліччам Госпада.
Дык сказаў Майсей Аарону: «Вось што сказаў Госпад: “Я аб’яўлю Сваю святасць тым, якія набліжаюцца да Мяне, ды ўслаўлюся перад усім народам”». Аарон, чуючы гэта, маўчаў.
Дык сказаў Майсей Аарону: «Вось што сказаў Госпад: Я аб'яўлю Маю сьвятасьць тым, каторыя набліжаюцца да Мяне, і аб'яўлю хвалу перад усім народам «. Аарон, чуючы гэта, маўчаў.
Тады Майсей паклікаў Місаэля і Элісафана, сыноў Азіэля, дзядзькі Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, і забярыце братоў вашых з месца святога, і вынесіце іх за лагер».
Тады Майсей паклікаў Мішаэля і Эльцафана, сыноў Узіэля, дзядзькі Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце і забярыце братоў вашых, і вынясіце іх зь Месца Сьвятога за табар».
Яны зараз пайшлі і вынеслі іх, як ляжалі яны, апранутых у шаты свае, вонкі, як ім было загадана Майсеем.
Яны зараз пайшлі і забралі іх, ляжачых у шатах сваіх, і вынесьлі за табар, як ім было загадана Майсеем.
Майсей сказаў тады Аарону, Элеязэру і Ітамару, сынам яго: «Не галіце валасоў вашых і не раздзірайце адзення, каб часам не былі вы пакараныя смерцю, ды каб не ўзняўся гнеў на ўсю супольнасць. Браты вашыя і ўвесь дом Ізраэля могуць плакаць над спаленнем, якое ўчыніў Госпад.
Майсей сказаў тады Аарону ды Элеазару і Ітамару, сынам ягоным: «Не галіце валасоў вашых і не разьдзірайце адзеньня, каб часам не былі вы пакараныя сьмерцю, ды каб не ўзгарэўся гнеў Госпадаў на ўсю супольнасьць. Але браты вашыя і ўвесь дом Ізраэля можа плакаць дзеля тых, каторых спаліў Госпад.
Вы ж не выходзьце па-за палатку сустрэчы, бо пагінеце, бо алей памазання Госпада на вас». І яны зрабілі ўсё, як Майсей ім загадаў.
Вы ж не выходзьце па-за Палатку Сустрэчы, бо пагінеце, бо алей памазаньня Госпада на вас». І яны зрабілі так, як Майсей ім загадаў.
І казаў таксама Госпад Аарону:
І казаў Госпад Аарону:
«Калі ўваходзіце ў палатку сустрэчы, то ані ты, ані твае сыны не піце віна, ані ўсяго таго, што можа п’яніць, каб не паўміралі. Гэта закон вечны ў пакаленнях вашых,
«Калі маеце ісьці ў Палатку Сустрэчы, то ані ты, ані твае сыны ня піце віна, ані ўсяго таго, што можа п'яніць, каб не паўміралі. Гэта закон вечны на ўсе пакаленьні вашыя,
каб умелі адрозніваць паміж святым і паганым, паміж нячыстым і чыстым,
каб умелі адрозьніваць паміж сьвятым і паганым, чыстым і нячыстым,
каб навучылі вы сыноў Ізраэля ўсім прыказанням Маім, якія Госпад аб’явіў ім непасрэдна праз Майсея».
каб навучылі вы сыноў Ізраэля ўсім прыказаньням Маім, якія аб'явіў Госпад ім праз Майсея».
Вось што сказаў Майсей Аарону і сынам яго, Элеязэру і Ітамару, якія засталіся: «Вазьміце ахвяру хлебную, што засталася ад агнявых ахвяр Госпада, і ежце яе прэсную каля ахвярніка, бо гэта самая святая рэч.
Вось што сказаў Майсей Аарону і застаўшымся сынам ягоным, Элеазару і Ітамару: «Вазьміце ахвяру зь яды, застаўшуюся ад ахвяраў Госпадавых, і ешце яе прэсную каля ахвярніка, бо гэта сьвятая рэч.
Ежце яе ў святым месцы, бо будзе дадзена яна табе і сынам тваім з агнявых ахвяр Госпадавых, як мне загадана.
Ешце яе ў сьвятым месцы, бо належыцца яна табе і сынам тваім з агнявых ахвяраў Госпадавых, бо так мне загадана.
Грудзіну ўздымання і лапатку даравання маеце есці на найчысцейшым месцы, ты і сыны твае, ды дочкі твае з табою; бо гэта пакінута табе і дзецям тваім з ахвяр прымірэння сыноў Ізраэля.
Грудзіну патрасаную і лапатку падыманую маеце есьці на чыстым месцы, ты і сыны твае, і дочкі твае з табою; гэта бо пакінута табе і дзецям тваім з ахвяраў прымірэньня сыноў Ізраэля.
Лапатка і грудзіна хай складаюцца з агнявымі ахвярамі тлушчу для ўздымання перад Госпадам ды хай належаць табе і сынам тваім паводле вечнага закону, як загадаў Госпад».
Лапатка падыманая і грудзіна патрасаная разам з часткамі тлустымі ахвяры цэлапаленьня, каторыя будуць трэсьці перад Госпадам, будуць належаць табе і сынам тваім як вечны закон, як загадаў Госпад».
Майсей шукаў казла ахвяры за грэх і знайшоў яго спаленага. Дык разгневаўся ён на сыноў Аарона, Элеязэра і Ітамара, ды сказаў ім:
Майсей шукаў казла ахвяры за грэх і даведаўся, што ён спалены. Дык разгневаўся ён на застаўшыхся сыноў Аарона, Элеазара і Ітамара і сказаў ім:
«Чаму не з’елі вы ахвяру за грэх у святым месцы? Гэта ж самая святая рэч. Яна дадзена вам, каб вы знімалі грахі з супольнасці для ачышчэння іх перад Госпадам.
«Чаму ня зьелі вы ахвяры за грэх у сьвятым месцы? Гэта ж сьвятая рэч. Яна дадзена вам здымаць грахі з супольнасьці, каб ачысьціць яе перад Госпадам.
А асабліва, калі частка крыві яе не была ўнесена ў месца святое, вы мусілі яе з’есці ў свяцілішчы, як загадана мне».
Вось жа кроў яго ня ўнесена ў Месца Сьвятое. Дык мусілі вы зьесьці яе ў Месцы Сьвятым, як загадана мне».
Аарон адказаў: «Складзена сёння ахвяра за грэх, і цэласпаленне іх перад Госпадам. Са мною здарылася тое, што бачыш. Калі сёння з’ем ахвяру за грэх, ці гэта ўпадабае Госпад?»
Аарон адказаў: «Вось складзеная сёньня імі ахвяра за грэх і цэлапаленьне перад Госпадам, і такое здарылася. Калі сягоньня зьем ахвяру за грэх, ці гэта ўспадабае Госпад?»
Майсей выслухаў гэта і прыняў апраўданне.
Майсей выслухаў гэта, і спадабалася яму.