Лявіт 16 разьдзел
Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Вось што сказаў Госпад Майсею па смерці двух сыноў Аарона, калі яны прыйшлі перад аблічча Госпада і былі забітыя,
Вось што сказаў Госпад Майсею па сьмерці двух сыноў Аарона, калі яны прыйшлі перад аблічча Госпада і былі забітыя,
і загадаў яму, кажучы: «Скажы Аарону, брату твайму, каб не ў кожны час уваходзіў у месца найсвяцейшае, якое ёсць за заслонай, перад перамольняй, якой накрываецца каўчэг, каб ён не памёр ад таго, што Я буду аб’яўляцца ў воблаку над перамольняй.
і загадаў яму: «Скажы Аарону, брату твайму, каб ня ў кожны час уваходзіў у Месца Найсьвяцейшае за заслону перад накрыўкай, каторая на Каўчэгу, каб ён не памёр, калі Я буду аб'яўляцца ў воблаку над накрыўкай.
Вось такім спосабам будзе ён уваходзіць у месца найсвяцейшае: хай складзе маладога бычка ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэласпалення.
Вось такім спосабам будзе ён уваходзіць у Месца Найсьвяцейше — узяўшы маладое цялё ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэлапаленьня.
Хай апранецца ён у шаты святыя льняныя, ільнянымі штанамі хай прыкрые сорам, перапаяшацца льняным поясам, а на галаву ўскладзе льняны кідар — гэта святыя шаты. Хай абмыецца вадою і апране ўсё гэта.
І хай адзенецца ён у шату сваю льняную, у споднія льняныя, перапаяшацца паясом ільняным, а на галаву ўскладзе льняны кідар — гэта сьвятыя шаты. Хай абмые цела сваё вадою і апране іх.
Ад супольнасці сыноў Ізраэля возьме двух казлоў у ахвяру за грэх і аднаго барана ў ахвяру цэласпалення.
Ад супольнасьці сыноў Ізраэля возьме двух казлоў: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэлапаленьня.
Потым Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх і ачысціць сябе і дом свой.
Потым Аарон прывядзе цялё ў ахвяру за грэх за сябе і ачысьціць сябе і дом свой.
І возьме двух казлоў, і паставіць іх як ахвяру сваю перад Госпадам, перад уваходам у палатку сустрэчы.
І возьме двух казлоў, і паставіць іх перад Госпадам перад уваходам у Палатку Сустрэчы.
Пасля кіне Аарон жэрабя на абодвух казлоў: адно жэрабя для Госпада, а другое жэрабя для Азазэля.
Пасьля кіне Аарон жэрабя на гэтых казлоў: адно жэрабя для Госпада, а другое жэрабя для Азазэля.
На якога выпала жэрабя для Госпада, таго складзе ён у ахвяру за грэх;
Потым Аарон прывядзе таго казла, на каторага выпала жэрабя для Госпада, і складзе яго ў ахвяру за грэх,
а на якога — для Азазэля, паставіць жывога перад Госпадам дзеля ачышчэння, каб выгнаць яго для Азазэля ў пустыню.
а казла, на каторага выпала жэрабя для Азазэля, паставіць жывога перад Госпадам, каб даканаць ачышчэньне і каб выгнаць яго для Азазэля ў пустыню.
Потым Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх і заб’е яго на перамаленне за сябе і за свой дом, і заб’е цяля ў ахвяру за грэх за сябе.
Потым Аарон прывядзе цялё ў ахвяру за грэх за сябе і на перамаленьне за сябе і за свой дом, і заб'е цялё ў ахвяру за грэх за сябе.
Потым возьме кадзільніцу, і напоўніць яе гарачым вуголлем з ахвярніка перад Госпадам, і, узяўшы жменю тоўчанага кадзіла для запальвання, занясе яго за заслону ў святое месца;
Пасьля возьме поўную кадзільніцу напаленых вуглёў з ахвярніка, каторы перад Госпадам, і поўныя жмені пахкага тоўчанага кадзіла і занясе за заслону;
каб пасля таго, як ён кіне кадзіла на агонь перад Госпадам, яго воблака і дым закрылі перамольню, якая над каўчэгам сведчання, і так не памрэ.
і кіне кадзіла на агонь перад Госпадам. Воблака кадзіла закрые накрыўку, каторая над Каўчэгам Сьведчаньня, і так не памрэ.
Далей возьме крыві цяляці і пакропіць пальцам сем разоў спераду перамольні. Сем разоў пакропіць перад перамольняй пальцам, змочаным у крыві.
Далей возьме крыві цяляці і пакрапіць пальцам сваім перад накрыўкай з усходу. Сем разоў пакрапіць перад накрыўкай пальцам, змочаным у крыві.
Потым заб’е казла за грэх народа і ўнясе кроў яго за заслону, як было загадана накот крыві цяляці, каб пакропіць насупраць перамольні.
Потым заб'е казла за грэх народу, і ўнясе кроў яго за заслону, і зробіць з крывёй яго тое самае, што зрабіў з крывёй цяляці, і пакрапіць ёю накрыўку зьверху і сьпераду,
І ачысціць месца святое ад нячыстасці сыноў Ізраэля ды ад злачынстваў іх паводле ўсіх іх грахоў. Паводле таго ж закону зробіць ён з палаткаю сустрэчы, якая знаходзіцца ў іх сярод нячыстасці іх жылля.
і ачысьціць Месца Сьвятое ад нячыстасьці сыноў Ізраэля і ад злачынстваў іх паводле ўсіх іхніх грахоў. Гэтак сама зробіць ён з Палаткаю Сустрэчы, якая знаходзіцца ў іх сярод іх нячыстасьці.
Ні адзін чалавек не павінен быць у палатцы сустрэчы ад хвіліны, калі святар увойдзе ў святыню, каб ачысціць сябе і дом свой і ўсю супольнасць Ізраэля, аж пакуль ён не выйдзе. Вось так ачысціць ён сябе, дом свой ды ўсю супольнасць Ізраэлеву.
Ніводзін чалавек не павінен быць у Палатцы Сустрэчы ад хвіліны, калі Аарон увойдзе, каб даканаць ачышчэньне ў Месцы Найсьвяцейшым, аж пакуль ён ня выйдзе. Вось так ачысьціць ён сябе, дом свой ды ўсю супольнасьць Ізраэлеву.
Потым выйдзе да ахвярніка, які перад Госпадам, і ачысціць яго, і возьме крыві бычка і крыві казла і памажа ёй рогі ахвярніка з усіх бакоў,
Потым выйдзе да ахвярніка, каторы перад Госпадам, і ачысьціць яго. Возьме крыві бычка і крыві казла і памажа ёю рагі ахвярніка з усіх бакоў,
і пакропіць сем разоў пальцам, умочаным у крыві. Такім чынам ачысціць яго ад нячыстасці сыноў Ізраэля і асвяціць яго.
і пакрапіць сем разоў яго пальцам, умочаным у крыві. Такім чынам ачысьціць яго ад нячыстасьці сыноў Ізраэля і асьвяціць яго.
Калі ўжо скончыць ачышчэнне месца святога, палаткі сустрэчы і ахвярніка, тады прывядзе жывога казла.
Калі ўжо скончыць ачышчэньне Месца Сьвятога, Палаткі Сустрэчы і ахвярніка, тады прывядзе жывога казла.
І ўскладзе Аарон абедзве рукі на галаву яго, і выкажа над ім усе правіны сыноў Ізраэля, усе іх злачынствы ды ўсе грахі іх, ускладзе іх на галаву яго і выганіць яго праз прызначанага чалавека ў пустыню.
І ўскладзе Аарон абедзьве рукі на галаву жывога казла, і выкажа над ім усе правіны сыноў Ізраэля, усе іхнія злачынствы ды ўсе грахі іхнія, узложыць іх на галаву казла і выганіць яго праз прызначанага чалавека ў пустыню.
Такім спосабам казёл панясе на сабе ўсе іх правіны ў зямлю бязлюдную, і выгнаны будзе казёл у пустыню.
Такім спосабам казёл забярэ з сабой усе іхнія правіны ў зямлю бязьлюдную, і выганіць ён казла ў пустыню.
Тады Аарон увойдзе ў палатку сустрэчы, здыме шаты льняныя, якія перш надзеў, уваходзячы ў месца святое, ды пакладзе іх там.
Тады Аарон увойдзе ў Палатку Сустрэчы, здыме шаты льняныя, каторыя надзеў, уваходзячы ў Месца Сьвятое, ды пакладзе іх там.
І абмые цела сваё вадою ў святым месцы, і ўскладзе шаты свае, і потым выйдзе, і складзе ахвяру цэласпалення за сябе і за народ, і ачысціць сябе і народ.
І абмые цела вадою ў сьвятым месцы, ускладзе шаты, і выйдзе, і складзе ахвяру цэлапаленьня за сябе і за народ, і ачысьціць сябе і народ.
Таксама тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку.
Таксама тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку.
А чалавек, які выгнаў казла адпушчэння [для Азазэля], памые адзенне сваё і цела вадою, а потым вернецца ў лагер.
А чалавек, каторы выгнаў казла для Азазэля, памые адзеньне, абмые цела вадою, а потым вернецца ў табар.
А бычка і казла, якія былі забіты за грэх і кроў якіх была ўнесена, каб споўніць ачышчэнне ў святым месцы, вынесуць за лагер і спаляць агнём і скуру, і мяса іх, і нячыстасць.
А бычка за грэх і казла за грэх, каторых кроў унесена была для ачышчэньня Месца Сьвятога, вынясуць за табар і спаляць разам са скураю, мясам і нячыстасьцю іхняй.
Той, хто спаліць іх, вымые адзенне сваё і цела вадою, а пасля вернецца ў лагер.
Той, хто спаліць іх, вымые адзеньне сваё і абмые цела сваё вадою, а пасьля вернецца ў табар.
Гэта будзе вам вечнай пастановай: у сёмы месяц, у дзесяты дзень месяца, упакорвайце душы вашы, не выконвайце ніякай працы ані тутэйшы, ані прыбылец, які паселіцца паміж вамі.
Гэта будзе вам вечнай пастановай: у сёмы месяц, у дзесяты дзень месяца, прыгнятайце душы вашыя пакутаю, не выконвайце ніякай працы ані тутэйшы, ані прыбылец, каторы паселіцца паміж вамі.
У той дзень будзе перамаленне вашае і ачышчэнне; ад усіх грахоў вашых ачысціцеся перад абліччам Госпада.
У той дзень будзе перамаленьне вашае дзеля ачышчэньня ад усіх грахоў вашых, каб былі вы чыстымі перад абліччам Госпада.
Гэта для вас субота супачынку, упакорвайце душы вашыя ў пастанове вечнай.
Гэта для вас субота супачынку, прыгнятайце душы вашыя пакутаю. Гэта пастанова вечная.
Ачышчаць будзе святар, які быў памазаны і рукі якога пасвячоны, каб ён выконваў святарства на месцы бацькі свайго; і ўскладзе ён ільняныя шаты, адзенне святое,
Ачышчаць будзе сьвятар, каторы быў памазаны і пасьвячаны на сьвятарства на месца бацькі свайго. І ўскладзе ён на сябе льняныя шаты, адзеньне сьвятое,
і ачысціць месца найсвяцейшае і палатку сустрэчы, ахвярнік, а таксама святароў ды ўвесь народ супольнасці.
і ачысьціць Месца Найсьвяцейшае і Палатку Сустрэчы, ахвярнік, а таксама сьвятароў і ўвесь народ супольнасьці.
Гэта будзе для вас пастанова вечная, каб раз у год ачышчаць сыноў Ізраэля ад усіх іх грахоў». І зрабіў ён, як загадаў Госпад Майсею.
Гэта будзе для вас пастанова вечная, каб раз у год ачышчаць сыноў Ізраэля ад усіх іхніх грахоў». І зрабіў ён, як загадаў Госпад Майсею.