Лявіт 8 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Вось гэта прамовіў Госпад Майсею, кажучы:
 
Вось гэта сказаў Госпад Майсею:

«Вазьмі Аарона і сыноў яго, адзенне іх і алей намашчэння, бычка на ахвяру за грэх, двух бараноў і кош прэсных хлябоў.
 
«Вазьмі Аарона і сыноў ягоных, адзеньне, алей памазаньня, бычка на ахвяру за грэх, два бараны і кош прэсных хлябоў.

Пасля збяры ўсю супольнасць ля ўваходу ў палатку сустрэчы».
 
Пасьля зьбяры ўсю супольнасьць ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы».

Майсей зрабіў так, як яму Госпад загадаў, і калі ўся супольнасць сабралася ля ўваходу ў палатку сустрэчы,
 
Майсей зрабіў так, як яму Госпад загадаў, і супольнасьць сабралася ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.

сказаў: «Вось, даручэнне, якое загадаў Госпад выканаць!»
 
Сказаў ім Майсей: «Вось даручэньне, якое загадаў Госпад выканаць!»

І ў той жа момант прывёў Аарона і сыноў яго. І калі абмыў іх вадою,
 
І прывёў Майсей Аарона і сыноў ягоных, і абмыў вадой.

усклаў на святара шаты льняныя і падперазаў яго поясам ды адзеў на яго верхняе фіялетавае адзенне, і наверх усклаў эфод:
 
І ўсклаў на яго шату льняную, і падперазаў яго паясом, і адзеў на яго верхнюю шату, і наверх усклаў эфод, і апаясаў яго паясом эфоду, і прымацаваў на ім эфод.

і гэты эфод моцна сцягнуў поясам і ўсклаў яму нагруднік, на якім размясціў урым і тумім,
 
І ўсклаў яму нагруднік, на якім разьмясьціў урым і тумім,

таксама пакрыў галаву яму кідарам, і на яго спераду паклаў залатую бляху, святую дыядэму, так, як загадаў Майсею Госпад.
 
і ўсклаў яму на галаву кідар і на ім залатую бляху, сьвятую дыядэму, як загадаў Майсею Госпад.

Потым узяў Майсей алей намашчэння, якім і памазаў скінію разам з усёй яе маёмасцю, і пасвяціў гэта.
 
Потым узяў Майсей алей памазаньня, і памазаў Скінію разам з усім, што ў ёй было, і пасьвяціў гэтыя рэчы.

І калі пакрапіў ён ім ахвярнік сем разоў, памазаў яго, а таксама ўвесь посуд яго, ды ўмывальнік з падножжам яго пасвяціў алеем.
 
І пакрапіў ён ахвярнік сем разоў, і памазаў ахвярнік разам зь яго прыналежнасьцямі, таксама ўмывальнік і яго падставу, каб пасьвяціць іх.

А выліўшы яго на галаву Аарона, памазаў яго.
 
А потым паліў ім галаву Аарона, і памазаў яго, каб пасьвяціць яго.

Таксама і прыведзеных сыноў яго апрануў ён у тунікі льняныя і падперазаў іх поясам; і ўсклаў мітры, як загадаў Госпад Майсею.
 
Прывёў ён таксама сыноў Аарона і апрануў іх у шаты, падперазаў іх паясамі і ўсклаў на іх галовы мітры, як загадаў яму Госпад.

І прывёў [Майсей] бычка на ахвяру за грэх. І калі Аарон і сыны яго ўсклалі рукі свае на галаву яго,
 
І прывёў (Майсей) бычка на ахвяру за грэх. Аарон і сыны ягоныя ўсклалі рукі свае на галаву ахвяры за грэх.

забіў яго, ды, намачыўшы палец у крыві яго, памазаў рогі ахвярніка кругом і ачысціў яго; рэшту крыві выліў на падножжа яго і так пасвяціў яго, ачышчаючы.
 
І Майсей забіў яго, ды, узяўшы крыві яго, пальцам памазаў рагі ахвярніка кругом, і такім чынам ачысьціў ахвярніка. Астатак крыві выліў на падставу ахвярніка і так пасьвяціў яго, ачышчаючы.

А тлушч, які пакрывае вантробы, і сальнік печані, і абедзве ныркі разам з тлушчам іх спаліў на ахвярніку,
 
Пасьля ўзяў увесь тлушч, каторы на нутры, і тлушч на вантробе, і абедзьве ныркі разам з тлушчам, ды спаліў іх на ахвярніку,

а бычка, і скуру яго, і мяса яго, і нечыстоты яго спаліў у агні па-за лагерам, так, як загадаў Майсею Госпад.
 
а бычка і скуру яго, і мяса яго, і нячыстасьці ягоныя спаліў у агні па-за табарам, бо так загадаў Майсею Госпад.

Потым прывёў барана на ахвяру цэласпалення. Калі Аарон і сыны яго ўсклалі на галаву яго рукі свае,
 
Потым прывёў (Майсей) барана на ахвяру цэлапаленьня. Аарон і сыны ягоныя ўсклалі на галаву яго рукі свае.

закалоў яго і пакрапіў кругом ахвярніка крывёю яго,
 
Майсей забіў яго і пакрапіў кругом ахвярніка крывёю,

пасля рассек самога барана на часткі і спаліў на агні галаву, і члены цела, і тлушч.
 
пасьля пасек барана на часткі і спаліў галаву, і кавалкі, і тлушч,

Абмыўшы найперш нутро і ногі, спаліў ён цэлага барана на ахвярніку, і гэта была ахвяра цэласпалення на найпрыемнейшы пах, агнявая ахвяра Госпаду, як загадаў Госпад Майсею.
 
а нутро і ногі памыў вадой. І спаліў Майсей усяго барана ў агні на ахвярніку. Гэта цэлапаленьне на мілы пах, гэта ахвяра Госпаду, як загадаў Госпад Майсею.

Потым прывёў і другога барана на [ахвяру] пасвячэння святароў. Аарон і сыны яго ўсклалі свае рукі на галаву яго.
 
Потым прывялі другога барана, барана пасьвячэньня сьвятароў. Аарон і сыны ягоныя ўсклалі свае рукі на галаву яго.

Майсей забіў яго ды ўзяў крыху крыві яго і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
 
Майсей забіў яго і ўзяў крыху крыві ягонай, і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.

Прывёў ён і сыноў Аарона; і калі крывёй ахвяраванага барана памазаў верх правага вуха кожнага з іх ды вялікія пальцы правай рукі і нагі, то рэшту крыві пакрапіў вакол ахвярніка.
 
І прывёў Майсей сыноў Аарона, і памазаў крывёй верх правага вуха іхняга, і вялікі палец правай рукі іхняй, і вялікі палец правай нагі іхняй, і пакрапіў Майсей крывёю ахвярнік з усіх бакоў.

Потым узяў тлушч і курдзюк, і ўвесь тлушч, які пакрывае вантробы ды сальнік печані, і абедзве ныркі з іх тлушчам, ды правую лапатку,
 
Потым узяў тлушч, хвост і ўвесь тлушч, каторы на нутры разам з тлушчам на вантробе, абедзьве ныркі і іхні тлушч, і правую лапатку,

і з каша праснакоў, які стаяў перад Госпадам, узяў адзін праснак, адну аладку, скропленую алеем, і адзін сухарык, і паклаў на тлушч і на правую лапатку,
 
і з каша праснакоў, каторы стаяў перад Госпадам, узяў адзін праснак, адну аладку на алеі і адзін сухарык, і палажыў на тлушч і на правую лапатку.

перадаючы ўсё разам на рукі Аарона і сыноў яго. Той, пасля таго, як яны ўзнялі гэта перад Госпадам,
 
І палажыў усё гэта на рукі Аарона і сыноў яго, і патрос гэтым перад абліччам Госпада.

прыняўшы назад з рук іх, спаліў на ахвярніку на ахвяру цэласпалення, і гэта была ахвяра пасвячэння на пах найпрыемнейшы: гэта была ахвяра агнявая для Госпада.
 
Пасьля ўзяў усё гэта Майсей з рук іхніх і спаліў на ахвярніку разам з цэлапаленьнем. Гэта была ахвяра пасьвячэньня на мілы пах, ахвяра агнявая для Госпада.

Потым прынёс грудзіну і падняў яе перад Госпадам; гэта была яго частка з барана, ахвяры пасвячэння, як загадаў Госпад Майсею.
 
Потым Майсей узяў грудзіну і патрос яе перад Госпадам; гэта была частка Майсею з барана, ахвяры пасьвячэньня, як загадаў Госпад Майсею.

Потым Майсей узяў крыху алею намашчэння і крыху крыві з ахвярніка і пакрапіў зверху Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іх. Гэтак пасвяціў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іх.
 
Потым Майсей узяў крыху алею памазаньня і крыху крыві з ахвярніка і пакрапіў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іхнія. Гэтак пасьвяціў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іхнія.

Па пасвячэнні іх і шатаў іх загадаў ім, кажучы: «Зварыце мяса ля ўваходу ў палатку і там ежце яго; таксама ежце хлябы [ахвяры] пасвячэння, што ляжаць у кашы, як мне было загадана: “Аарон і сыны яго будуць іх есці,”
 
Па пасьвячэньні іх і шатаў іхніх Майсей загадаў ім: «Зварыце мяса ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы і там ешце яго з хлебам, каторы ў кашы пасьвячэньня, як мне было загадана: «Аарон і сыны яго будуць яго есьці,»

а што застанецца з мяса і хлябоў, спаліце агнём.
 
а што застанецца зь мяса і хлябоў, спаліце агнём.

Ад уваходу ў палатку сустрэчы не адыдзецеся сем дзён, аж да дня, калі споўніцца час пасвячэння вашага, бо сем дзён будзе працягвацца пасвячэнне.
 
Ад уваходу ў Палатку Сустрэчы не адыходзьцеся сем дзён, аж да дня заканчэньня пасьвячэньня вашага, бо сем дзён будзе працягвацца пасьвячэньне.

І што адбылося сёння, так загадаў Госпад, каб рабілася дзеля іх ачышчэння.
 
І што я зрабіў сягоньня, так загадаў Госпад рабіць, каб ачысьціць вас.

Ля ўваходу ў палатку сустрэчы заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце Госпада, каб не паўміралі, бо мне гэтак загадана».
 
Ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце Госпада, каб не паўміралі, бо гэтак мне было загадана».

І зрабілі Аарон і сыны яго ўсё, што сказаў Госпад праз Майсея.
 
І зрабілі Аарон і сыны ягоныя ўсё, што загадаў ім Госпад праз Майсея.