Лявіт 13 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Далей прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:
 
Далей казаў Госпад Майсею і Аарону:

«Калі ў якога чалавека на скуры цела з’явіцца пухліна, або гнайнік, або белая пляма, што ёсць рана праказы, то хай прывядуць яго да Аарона святара, або да аднаго з сыноў яго, святароў.
 
«Калі ў якога чалавека на скуры цела зьявіцца пухліна, або лішай, або белая пляма, што ёсьць прыкметай праказы, то хай прывядуць яго да Аарона, сьвятара, або да аднаго з сыноў яго, сьвятароў.

Калі той убачыць, што на скуры рана і валасы змянілі колер на белы ды сам выгляд плямы паглыбіцца на скуры цела, — гэта рана праказы; калі святар убачыць гэта, хай прызнае яго нячыстым.
 
Сьвятар агледзіць пляму на скуры, і калі валасы на пляме зьменяцца на белыя ды пляма паглыбіцца на скуры цела, гэта хвароба праказы. Сьвятар праверыць яго і прызнае яго нячыстым.

Калі аднак пляма на скуры будзе белая, але не ўглыбілася ў цела, ды валасы ранейшага колеру, то святар адасобіць яго на сем дзён.
 
Калі, аднак, пляма на скуры цела яго белая, але ня ўглыбіўшыся ў цела, і валасы не пабялелыя, то сьвятар адасобніць яго на сем дзён.

Сёмага дня агледзіць яго. Калі святар сцвердзіць, што пляма не павялічылася і не пашырылася на скуры па-за ранейшыя межы, то адасобіць яго яшчэ на сем дзён.
 
Сёмага дня сьвятар агледзіць яго. Калі сьвятар сьцьвердзіць, што пляма не павялічылася і не пашырылася на скуры, то адасобніць яго яшчэ на сем дзён.

Пасля сямі дзён зноў яго агледзіць. Калі пляма пацямнее і не пашырыцца на скуры, то святар прызнае яго чыстым; гэта лішай, дык хай чалавек вымые адзенне сваё і будзе чысты.
 
Пасьля сямі дзён сьвятар зноў яго агледзіць. Калі пляма пацямнела і не пашырылася на скуры, то сьвятар прызнае яго чыстым; гэта лішай, дык хай ён вымые адзеньне сваё і будзе чысты

Калі, аднак, лішай пашырыўся па скуры пасля таго, як ён быў агледжаны святаром і вернуты на ачышчэнне, хай зноў прывядуць [чалавека] да яго,
 
Калі, аднак, лішай пашырыўся па скуры пасьля таго, як ён стаў перад сьвятаром для праверкі, то ён другі раз павінен стаць перад сьвятаром.

і калі ён убачыць, што [усё] так і ёсць, прызнае яго нячыстым; гэта праказа.
 
Сьвятар агледзіць яго, і калі сьцьвердзіць, што лішай пашырыўся на скуры, прызнае яго тады нячыстым; гэта праказа.

Калі на якім чалавеку выявіцца праказа, прывядуць яго да святара.
 
Калі на якім чалавеку выявіцца праказа, хай прывядуць яго да сьвятара.

Святар агледзіць яго, і калі на скуры яго ёсць белая пухліна, парослая белымі валасамі, і на пухліне жывое мяса,
 
Калі сьвятар агледзіць яго і сьцьвердзіць, што на скуры ягонай ёсьць белая пухліна, паросшая белымі валасамі, і на пухліне жывое мяса,

хай прызнаюць застарэлую праказу, што вырасла на скуры. Тады святар прызнае яго нячыстым і не адасобіць яго, бо гэта відавочная нячыстасць.
 
гэта значыць, што на скуры цела яго застарэлая праказа. Сьвятар прызнае яго нячыстым і адасобніць яго, бо ён нячысты.

Калі ж праказа расцвіце шырока на скуры і пакрые ўсю скуру хворага ад галавы да ног, на колькі могуць бачыць вочы святара,
 
Калі ж праказа расьцьвіце на скуры і пакрые ўсю скуру хворага ад галавы да ног, на колькі могуць бачыць вочы сьвятара,

ды ўбачыць святар яго, што праказа пакрыла ўсё цела яго, то ён аб’явіць хворага чыстым, таму што ўсё перамянілася ў белае; ён чысты.
 
і ўбачыць сьвятар, што праказа пакрыла ўсё цела ягонае, то ён аб'явіць хворага чыстым, таму што ўсё (цела) перамянілася ў белае; ён чысты.

Калі выявіцца на ім жывое мяса, то ён будзе нячысты.
 
Калі выявіцца на ім жывое мяса, то ён нячысты.

Святар, убачыўшы жывое мяса, прызнае яго нячыстым; бо жывое мяса нячыстае; гэта праказа.
 
Сьвятар, убачыўшы жывое мяса, прызнае яго нячыстым; бо жывое мяса нячыстае; гэта праказа.

Калі ж жывое мяса станецца зноў белым, хай ён прыйдзе да святара,
 
Калі ж жывое мяса станецца зноў белым, хай ён прыйдзе да сьвятара.

які, агледзеўшы гэта, прызнае яго чыстым; ён чысты.
 
Сьвятар яго агледзіць і сьцьвердзіць, што плямы сталіся белымі і прызнае яго чыстым; ён чысты.

Калі ў каго на скуры цела была скула і зажыла,
 
Калі ў каго на скуры цела была скула і зажыла,

але на месцы скулы з’явіцца белая пухліна або чырвоная пляма, то [гэты] чалавек павінен паказацца святару.
 
але на месцы скулы будзе белая пухліна, або белая пляма, або чырвоная, то ён павінен паказацца сьвятару.

Калі той убачыць, што месца плямы паглыблена адносна скуры і валасы змянілі колер на белы, ён прызнае тады яго нячыстым. Гэта хвароба праказы, каторая зацвіла на скуле.
 
Сьвятар агледзіць яго і сьцьвердзіць, што тая пляма паглыблена адносна скуры і што валасы на ёй пабялеўшыя, і прызнае тады яго нячыстым. Гэта хвароба праказы, каторая зацьвіла на скуле.

Калі ж валасы ранейшага колеру, і рана цемнаватая, і скура паблізу не сапсаваная, хай адасобіць яго на сем дзён.
 
Калі, аднак, сьвятар сьцьвердзіць, што там няма белых валасоў, і што пляма не паглыблена адносна скуры, і што яна пацямнеўшы, то сьвятар адасобніць яго на сем дзён.

Калі ж яна разрасцецца, то святар прызнае на ім праказу. Гэта бо хвароба праказы.
 
Калі ж яна пашырыцца на скуры, то сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта бо хвароба праказы.

Калі, аднак, пляма застанецца на тым самым месцы і не пашырыцца, то гэта рана на скуле, і святар прызнае яго чыстым.
 
Калі, аднак, пляма застанецца бязь зьмены і не пашырыцца, то гэта шнар на скуле, і сьвятар прызнае яго чыстым.

Калі хто мае на сваёй скуры апёк, ды калі на месцы апёку паявіцца чырвоная або белая пляма,
 
Калі хто мае на сваёй скуры апёк, і калі на той скуры паявіцца чырвоная або белая пляма,

дык святар агледзіць яго. І вось, валасы змянілі колер на белы, і месца яе паглыблена адносна акружаючай скуры, значыць гэта праказа, якая зацвіла на апёку; святар прызнае яго нячыстым, бо гэта хвароба праказы з’явілася на ране.
 
дык сьвятар агледзіць яго. Калі сьцьвердзіць, што валасы на пляме пабялеўшы, і калі выглядае, што пляма паглыблена адносна акружаючай скуры, значыць, гэта праказа, каторая зацьвіла на апёку. Сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.

Калі, аднак, святар сцвердзіць, што на пляме няма белых валасоў і што яна не паглыблена адносна акружаючай скуры, ды што яна пацямнелая, дык святар адасобіць яго на сем дзён.
 
Калі, аднак, сьвятар сьцьвердзіць, што на пляме няма белых валасоў і што яна не паглыблена адносна акружаючай скуры, ды што яна пацямнеўшы, дык сьвятар адасобніць яго на сем дзён.

Сёмага дня зноў яго агледзіць. Калі пляма пашырыцца на скуры, то прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.
 
Сёмага дня сьвятар зноў яго агледзіць. Калі пляма пашырылася на скуры, то сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.

Калі, аднак, пляма не пашырыцца па скуры, але пацямнее, значыць гэта пухліна ад апёку, таму прызнае яго чыстым, бо гэта ёсць рана ад апёку.
 
Калі, аднак, пляма не пашырыцца на скуры, але пацямнее, значыць, гэта шнар ад апёку. Сьвятар прызнае яго чыстым, бо гэта ёсьць шнар ад апёку.

Калі ў мужчыны або жанчыны на галаве або барадзе з’явіцца пляма,
 
Калі ў мужчыны або жанчыны на галаве або барадзе зьявіцца пляма,

хай агледзіць яе святар, і калі яна будзе паглыблена адносна акружаючай скуры і валасы на ёй сталіся жоўтымі і тонкімі, дык святар прызнае іх нячыстымі. Гэта паршывасць, праказа галавы або барады.
 
хай агледзіць яе сьвятар, і калі сьцьвердзіць, што яна паглыблена адносна акружаючай скуры, і што валасы на ёй сталіся жоўтыя і тонкія, дык сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта паршывасьць, праказа галавы або барады.

Калі ж ён убачыць, што пляма паршывасці не змянілася адносна прылеглага цела і што валасы на ёй не чорныя, дык адасобіць іх на сем дзён.
 
Калі ж сьвятар агледзіць пляму, і яна не паглыблена адносна скуры, і валасы на ёй ня чорныя, дык адасобніць яго (чалавека) на сем дзён.

У сёмы дзень агледзіць пляму, і калі пляма не разраслася і на ёй няма жоўтых валасоў, ды калі месца плямы не паглыбілася адносна скуры,
 
У сёмы дзень сьвятар агледзіць пляму, і калі сьцьвердзіць, што пляма не пашырылася, і што на ёй няма жоўтых валасоў, і калі пляма не паглыбілася адносна скуры,

то чалавек паголіцца, але не абголіць месца плямы, і святар зноў адасобіць яго на сем дзён.
 
то чалавек паголіцца, але не абголіць месца плямы, і сьвятар зноў адасобніць яго на сем дзён.

Сёмага дня, калі святар убачыць, што пляма трымаецца свайго месца і не паглыбілася адносна скуры, то святар прызнае яго чыстым. Памыўшы адзенне, будзе ён чыстым.
 
Сёмага дня, калі сьвятар убачыць, што пляма трымаецца свайго месца і не паглыбілася адносна скуры, то сьвятар прызнае яго чыстым. Памыўшы адзеньне, будзе ён чыстым.

А калі пасля ачышчэння зноў разрасцецца паршывасць на скуры,
 
А калі пасьля ачышчэньня зноў зьявіцца пляма на скуры,

то не будзе ўжо больш высвятляць, ці не змяніўся колер валасоў на жоўты, бо ён відавочна нячысты.
 
дык сьвятар аглядзіць яго. Калі сьцьвердзіць, што пляма пашырылася на скуры яго, то ўжо не патрабуе шукаць жоўтых валасоў, бо ясна, што ён нячысты.

Калі ж пляма застаецца ды не будзе на ёй чорнага воласу, то хай ведае, што чалавек здаровы, і хай святар смела заяўляе, што ён чысты.
 
Калі ж пляма застаецца ў сваім выглядзе, ды ня бачна на ёй чорнага воласу, то хай ведае, што чалавек здаровы, і хай сьвятар сьмела заяўляе, што ён чысты.

Калі ў мужчыны або жанчыны на скуры цела іх з’явіцца шмат плям белых,
 
Калі ў мужчыны або жанчыны паявіцца на скуры цела іхняга шмат плямаў белых,

хай агледзіць іх святар. Калі сцвердзіць, што на іх скуры бледнавата-белыя плямы, дык хай ведае, што гэта крапіўка з’явілася на скуры. Ён чысты.
 
хай агледзіць іх сьвятар. Калі сьцьвердзіць, што на іх скуры сьветлыя белыя плямы, дык гэта толькі крапіўка, каторая закрасавала на скуры. Ён чысты.

Калі з чыёй галавы выпадаюць валасы, то ён лысы, і ён чысты.
 
Калі з чыёй галавы выпадуць валасы, то ён лысы, і ён чысты.

Калі ў каго выпадуць валасы з ілба, ён паўлысы, і ён чысты.
 
Калі ў каго лоб палысее, ён лысы, і ён чысты.

А калі на лысіне або на залысіне з’явіцца пляма белая або чырвоная, значыць, гэта праказа, каторая закрасавала на лысіне або вылыселым чале.
 
Але калі на лысіне або лысеючым чале паявіцца пляма белая або чырвоная, значыць, гэта праказа, каторая закрасавала на лысіне або палыселым чале.

Хай святар агледзіць яго, і вось, пухліна белая або чырвоная на залысіне, падобная да праказы на скуры цела,
 
Дык калі сьвятар сьцьвердзіць, што ў яго пухліна белая або чырвоная на лысеючым чале, падобная да праказы на скуры цела,

гэта значыць чалавек нячысты, пракажаны. У яго на галаве праказа.
 
гэта значыць чалавек пракажаны, нячысты. У яго на галаве праказа.

Пракажаны, крануты гэтай хваробай, будзе мець разадранае адзенне, нячэсаныя валасы на галаве і бараду заслоненую і будзе крычаць: “Нячысты, нячысты!”
 
Пракажаны, крануты гэтай хваробай, будзе мець разадранае адзеньне, нячэсаныя валасы на галаве і бараду заслоненую і будзе крычаць: «Нячысты, нячысты!»

Увесь час, пакуль апанаваны праказай, нячысты; будзе жыць асобна па-за лагерам.
 
Увесь час сваёй хваробы ён будзе нячыстым. Будзе жыць асобна па-за табарам.

Калі на якімсьці адзенні з’явіцца праказа, ці на адзенні ваўняным, ці на льняным,
 
Калі на якімсьці адзеньні паявіцца праказа, ці на адзеньні ваўняным, ці на льняным,

ці на аснове, ці на ўтоку льняным, ці ваўняным, ці на скуры, ці на якім вырабе скураным,
 
ці на аснове, ці на ўтоку льняным, ці ваўняным, ці на скуры, ці на якім вырабе скураным,

і калі з’явіцца пляма зеленаватая або чырванаватая на адзенні, або на скуры, на ўтоку або аснове, або на якім другім вырабе скураным, трэба лічыць, што гэта хвароба праказы, і трэба паказаць святару.
 
і калі паявіцца пляма зелянявая або чырванявая на адзеньні або на скуры, на ўтоку або аснове, або на якім другім вырабе скураным, гэта хвароба праказы. Трэба паказаць гэта сьвятару.

Ён агледзіць заражанае плямай і замкне на сем дзён.
 
Сьвятар агледзіць заражанае і замкне (заражанае) на сем дзён.

Сёмага дня агледзіць зноў, і калі заўважыць, што яна пашырылася на адзенні, або аснове, або на ўтоку, або на скуры, або на якім іншым вырабе, зробленым са скуры, то гэта праказа ліхая, хай прызнае ён адзенне ды ўсё тое, на чым яна будзе знойдзена, нячыстым. Запаланела ёй адзенне ды ўсё, на чым была знойдзена.
 
Сёмага дня агледзіць зноў пляму, і калі яна пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на скуры, або на якім іншым вырабе, зробленым са скуры, то гэта праказа ліхая; усё, на чым яна знойдзена, — нячыстае.

І ён павінен спаліць гэта агнём.
 
І ён павінен спаліць гэтае адзеньне, ці аснову, ці ўток ільняны, ці ваўняны, ці выраб скураны, на якіх будзе гэтая зараза, бо гэта злаякасная праказа, яна павінна быць спалена агнём.

Калі ж аднак убачыць, што яна не пашырылася на адзенні або на аснове, або на ўтоку, або на якім скураным вырабе,
 
Калі, аднак, сьвятар сьцьвердзіць, што пляма не пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на якім скураным вырабе,

то ў такім выпадку святар загадае вымыць рэч, на якой ёсць зараза, і замкне яе яшчэ на сем дзён.
 
то ў такім выпадку сьвятар загадае вымыць рэч, заражаную язвай, і замкне яе яшчэ на сем дзён.

Калі па вымыцці святар убачыць, што пляма не змяніла свайго віду, то гэта рэч нячыстая, хоць і пляма не пашырылася. Спаліш тое агнём, бо прымяшалася зараза ці з аднаго, ці з другога боку.
 
Калі па вымыцьці сьвятар сьцьвердзіць, што пляма не зьмяніла свайго віду, то, значыць, гэта нячыстае, хоць пляма не пашырылася. Спаліш тое незалежна ад таго, ці рэч заражаная з аднога, ці з другога боку.

А калі па вымыцці пляма станецца святлейшай, то святар адарве гэтае месца і аддзеліць ад цэлага.
 
А калі сьвятар сьцьвердзіць па вымыцьці, што пляма сталася сьвятлейшай, то ён адарве гэтае месца ад адзеньня або скуры, або асновы, або ўтоку.

А калі пляма зноў з’явіцца на тых рэчах, якія раней былі незаражаныя, то гэта лятучая і вандроўная праказа; спалі гэта агнём.
 
А калі пляма зноў зьявіцца на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на якім-колечы вырабе скураным, гэта красаваньне праказы; спаліш у агні тое, на чым ёсьць зараза.

Аднак тое, што ты вымыў ды з чаго знікла пляма, тое памый яшчэ раз, і будзе яно чыстым.
 
Аднак тое адзеньне, або аснова, або ўток, або які іншы выраб скураны, каторы ты вымыў і з каторага зьнікла пляма, хай будзе вымыты паўторна, і будзе ён чысты.

Гэта вось закон адносна праказы на адзенні ваўняным ці льняным, на аснове, або ўтоку, або на якім скураным вырабе, каб прызнаць іх чыстымі, ці нячыстымі».
 
Гэта вось закон адносна праказы на адзеньні ваўняным ці льняным, на аснове, або на ўтоку, або на якім скураным вырабе, каб прызнаць іх чыстымі ці нячыстымі».