Лявіт 20 разьдзел
Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
Далей казаў Госпад Майсею:
«Кажы сынам Ізраэля: “Хто з сыноў Ізраэля або з прышэльцаў, якія жывуць у Ізраэлі, дасць адно са сваіх дзяцей ідалу Малоху, будзе пакараны смерцю; народ землі хай укамянуе яго.
«Кажы сынам Ізраэля: Хто спасярод Ізраэля або спасярод прыбыльцаў, каторыя пасяліліся ў Ізраэлю, дасьць адно з сваіх дзяцей Малоху, будзе пакараны сьмерцю; землякі ягоныя ўкамянуюць яго.
І Я Сам звярну аблічча Маё супраць яго, і выкараню яго з народа яго за тое, што ён даў патомства сваё Малоху, спаганіў святыню Маю ды зняважыў святое імя Маё.
І Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць яго, і выкараню яго спаміж народу яго за тое, што ён даў патомства сваё Малоху, спаганіў сьвятыню Маю і зьняважыў сьвятое імя Маё.
Калі землякі яго закрыюць вочы свае, каб не бачыць такога чалавека, які аддаў адно са сваіх дзяцей Малоху, ды не захочуць забіць яго,
Калі землякі ягоныя закрыюць вочы свае на такога чалавека, каторы аддаў адно зь дзяцей сваіх Малоху, ды не заб'юць яго,
то Я Сам звярну аблічча Маё супраць такога чалавека і супраць яго сям’і ды выкараню яго з народа яго, а таксама тых усіх, якія спачуваюць яму ў тым, каб распуснічаць з Малохам.
то Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць такога чалавека і супраць яго сям'і, і выкараню яго спасярод народу яго, а таксама ўсіх тых, каторыя насьлядуюць яго, каторыя распусьнічаюць з Малохам.
Таксама супраць кожнай душы, якая звернецца да выклікаючых духі памерлых або да варажбітоў і будзе распуснічаць з імі, Я звярну аблічча Маё і выкараню яе з народа яе.
Таксама супраць кожнага, хто зьвернецца да выклікаючых духі памершых або да варажбітоў, каб распусьнічаць зь імі, Я зьвярну аблічча Маё, і выкараню яго спаміж яго народу.
Дык асвяціцеся і будзьце святымі, бо Я — Госпад, Бог ваш!
Дык асьвяціцеся і будзьце сьвятымі, бо Я сьвяты, Я — Госпад, Бог ваш!
Захоўвайце прыказанні Мае і выконвайце іх. Я — Госпад, Які асвячае вас!
Захоўвайце прыказаньні Мае і выпаўняйце іх. Я — Госпад, Каторы асьвячае вас!
Хто праклінае бацьку свайго і маці сваю, будзе пакараны смерцю; хто праклінаў бацьку або маці, той выклікаў смерць на сябе.
Хто праклінае бацьку і матку сваю, будзе пакараны сьмерцю; хто праклінаў бацьку або матку, той сьцягнуў сьмерць на сябе.
Калі хто будзе чужаложыць з чужою жонкай ці ўчыніць пералюб з жонкай блізкага свайго, будзе пакараны смерцю і чужаложнік, і чужаложніца.
Калі хто будзе чужаложыць з чужою жонкай, будзе пакараны сьмерцю і чужаложнік, і чужаложніца.
Калі хто ляжа з жонкаю бацькі свайго і адкрые галізну бацькі свайго, то будуць пакараны смерцю абодва, яны самі гэтую смерць сцягнуць на сябе.
Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той адкрывае голасьць бацькі; будуць пакараны сьмерцю абое, яны самі гэтую сьмерць сьцягнуць на сябе.
Хто ляжа з нявесткай, будзе разам з ёю пакараны смерцю, бо яны ўчынілі злачынства і самі гэтую смерць сцягнулі на сябе.
Хто ляжа зь нявесткай, будзе разам зь ёю пакараны сьмерцю. Яны дапусьціліся брыдоты, і самі гэтую сьмерць сьцягнулі на сябе.
Калі хто ляжа з мужчынам так, як з жанчынай, то абодва дапускаюцца брыдоты і будуць пакараныя смерцю; яны самі на сябе гэтую смерць сцягнулі.
Хто ляжа з мужчынам так, як з жанчынай, дапускаецца брыдоты. Абодва будуць пакараныя сьмерцю; яны самі на сябе гэтую сьмерць сьцягнулі.
Калі хто бярэ за жонку жанчыну і яе маці, дапускаецца злачынства: ён і яна будуць спалены ў агні, каб толькі не было распусты сярод вас.
Калі хто бярэ за жонку жанчыну і яе матку, дапускаецца распусты; ён і яна будуць спалены ў агні, каб не было распусты сярод вас.
Хто ляжа з жывёлай, будзе пакараны смерцю. Жывёлу таксама забіце.
Хто ляжа з жывёлай, выліваючы насеньне, будзе пакараны сьмерцю. Жывёлу таксама трэба забіць.
Калі жанчына злучыцца з якой-небудзь жывёлай, адразу забі іх разам, хай будуць пакараныя смерцю; самі гэтую смерць на сябе сцягнулі.
Калі жанчына наблізіцца да якой жывёлы, каб зь ёй легчы, заб'еш жанчыну і жывёлу. Абое будуць пакараныя сьмерцю; самі гэтую сьмерць на сябе сьцягнулі.
Калі хто возьме сваю сястру, дачку бацькі свайго або маці сваёй, і будзе аглядаць яе галізну, а яна будзе аглядаць галізну брата, гэта сорам; хай будуць забітыя перад народам сваім; дзеля таго, што ён адкрыў галізну сястры сваёй, панясе ён правіннасць сваю.
Калі хто возьме сваю сястру, дачку бацькі свайго або маткі сваёй, і будзе аглядаць яе голасьць, а яна будзе аглядаць яго голасьць, гэта сорам; хай будуць забітыя перад народам сваім; дзеля таго, што ён адкрыў голасьць сястры сваёй, грэху дапусьціўся ён.
Калі хто ляжа з жанчынай у час месячніцы і адкрые яе галізну, то ён адкрывае крыніцу яе крыві, і яна таксама адкрывае крыніцу сваёй крыві; абодва вынішчаны будуць з народа свайго.
Калі хто ляжа з жанчынай у час месячніцы і адкрые яе голасьць, то ён адкрывае крыніцу яе крыві, і яна таксама адкрывае крыніцу сваёй крыві; абодва вынішчаны будуць спасярод народу свайго.
Не адкрывай галізны сястры маці сваёй або сястры бацькі свайго, хто так робіць, галізну цела свайго адкрывае; панясуць абодва правіннасць сваю.
Не аткрывай голасьці сястры маткі тваёй або сястры бацькі твайго, бо гэта было б тое самае, што адкрыць уласнае цела. Грэх свой яны панясуць самі.
Хто ляжа з жонкай стрыя або вуя свайго, той адкрывае галізну блізкага свайго, абодва панясуць грэх свой, памруць бяздзетныя.
Хто ляжа са сваёй цёткай, той адкрывае голасьць дзядзькі свайго. Самі яны панясуць грэх свой, памруць бязьдзетныя.
Хто бярэ жонку брата свайго, гэта нячыстасць. Адкрыў ён галізну свайго брата, будуць яны бяздзетныя.
Хто бярэ жонку брата свайго, гэта паскудства. Адкрыў ён голасьць свайго брата, будуць яны бязьдзетныя.
Захоўвайце ўсе пастановы ды ўсе законы Мае і выконвайце іх, каб вас не выкінула зямля, у якую вы збіраецеся ўвайсці і жыць там.
Захоўвайце ўсе пастановы Мае і ўсе законы Мае і выконвайце іх, каб ня выкінула вас зямля, у каторую Я ўвяду вас, каб вы там жылі.
Не жывіце паводле звычаяў народаў, якія Я збіраюся выгнаць перад вамі. Бо ўсяго гэтага дапускаліся яны, і таму сталіся для Мяне брыдкімі”.
Не рабіце паводле звычаяў народу, каторы Я выганю перад вамі. Бо ўсяго гэтага дапускаліся яны, і таму сталіся для Мяне брыдкімі.
Вось жа, сказаў Я вам: “Вы возьмеце зямлю іх, Я дам яе вам у спадчыну — зямлю, што ацякае малаком і мёдам. Я — Госпад, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад іншых народаў.
Вось жа сказаў Я вам: Вы возьмеце зямлю іхнюю, Я дам яе вам на ўласнасьць, зямлю, ацякаючую малаком і мёдам. Я Госпад, Бог ваш, Каторы аддзяліў вас ад іншых народаў.
Дык адрознівайце жывёлу чыстую ад нячыстай і птушку чыстую ад нячыстай, каб не апаганілі вы душ вашых жывёлай і птушкамі ды ўсім другім, што рухаецца па зямлі і што Я вылучыў вам як нячыстае.
Дык адрозьнівайце жывёлу чыстую ад нячыстай і птушку чыстую ад нячыстай, каб не апаганілі вы душаў вашых жывёлай, і птушкамі, ды ўсім другім, што рухаецца па зямлі, і што Я вылучыў вам як нячыстае.
Будзьце перад Мною святымі, бо Я святы, Я — Госпад, і Я аддзяліў вас ад другіх народаў, каб вы былі Маімі.
Будзьце перад Мною сьвятымі, бо Я сьвяты, Я — Госпад, Каторы аддзяліў вас ад другіх народаў, каб вы былі Маімі.
Мужчына або жанчына, якія будуць варажыць або прадказваць будучыню і выклікаць духаў памерлых, будуць пакараныя смерцю. Хай закідаюць іх каменнем; яны самі заслужылі такую смерць”».
Мужчына або жанчына, калі будуць яны выклікаць духаў памершых або варажыць, будуць пакараныя сьмерцю. Укамянуеце іх; яны самі заслужыліся на такую сьмерць».