Лявіт 22 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Вось што прамовіў далей Госпад да Майсея, кажучы:
 
Вось што сказаў далей Госпад Майсею:

«Скажы Аарону і сынам яго, каб яны асцярожна абыходзіліся з тым, што пасвечана сынамі Ізраэля, і каб не знеслаўлялі святое імя Маё ў тым, што яны Мне складаюць у ахвяру. Я — Госпад.
 
«Скажы Аарону і сынам ягоным, каб яны паважалі сьвятыя дары сыноў Ізраэля і не зьнеслаўлялі сьвятое імя Маё ў тым, што яны Мне пасьвячаюць. Я — Госпад.

Скажы ім, каб ведалі аб гэтым будучыя пакаленні, калі хто з патомкаў вашых, будучы ў нячыстасці, прыступіцца да рэчаў святых, якія сыны Ізраэля пасвяцілі Госпаду, то такі чалавек будзе вынішчаны перад абліччам Маім. Я — Госпад.
 
Скажы ім, каб ведалі аб гэтым будучыя пакаленьні: Калі хто з патомкаў вашых, будучы ў нячыстасьці, прыступіцца да рэчаў сьвятых, каторыя сыны Ізраэля пасьвячаюць Госпаду, то такі чалавек будзе вынішчаны на віду Маім. Я — Госпад.

Ніводзін патомак Аарона, які быў бы пракажаны або цярпеў бы на выцёкі, не будзе магчы есці таго, што пасвечана, пакуль не паздаравее. І хто дакранецца да чаго нячыстага ад памерлага або мужчына, у якога вывяргаецца семя,
 
Ніводзін патомак Аарона, каторы быў бы пракажаны або цярпеў бы на выцёкі, ня будзе магчы есьці рэчаў сьвятых, пакуль не паздаравее. І хто дакранецца да чаго нячыстага ад памёршага або ў каго здарыцца выцёк насеньня,

або хто дакранецца да паўзуна, якім занячысціцца, або чалавека, які апаганіў бы яго нейкай сваёй нячыстасцю,
 
або хто дакранецца паўзуна, каторым занячысьціцца, або чалавека, каторы зрабіў бы яго нячыстым сваёю нячыстасьцю,

дык хто дакранецца да такіх рэчаў, будзе нячысты аж да вечара і не будзе есці таго, што пасвечана; але калі абмые сваё цела ў вадзе,
 
дык хто дакранецца такіх рэчаў, будзе нячысты аж да вечара і ня будзе есьці сьвятых рэчаў, пакуль не абмые сваё цела ў вадзе.

па захадзе сонца будзе ён ачышчаны і тады будзе есці пасвечанае, бо гэта ёсць ежа яго.
 
Па заходзе сонца будзе ён ачышчаны, і тады будзе есьці сьвятыя рэчы, бо яны ёсьць ядой ягонаю.

Не будзе ён есці мярцвячыны ані мяса жывёл, разарваных звярамі, ды не занячысціцца праз гэта. Я — Госпад.
 
Ня будзе ён есьці падліны ані мяса разьдзёртых жывёлаў, бо праз гэта стаўся б нячысты. Я — Госпад.

Хай выконваюць Мае прыказанні, каб не мелі дзеля таго граху, ды каб з гэтай прычыны не памерлі, калі спаганяць іх. Я — Госпад, Які асвячае іх.
 
Хай выконваюць Мае прыказаньні, каб ня мелі дзеля таго грэху ды каб з гэтай прычыны не памерлі, калі спаганяць іх. Я — Госпад, Які асьвячаю іх.

Ніводзін чужынец не будзе есці пасвечанага, ані пражываючы ў святара або найміт не будзе есці гэтага.
 
Ніводзін чужынец ня будзе есьці сьвятых рэчаў; ані пражываючы ў сьвятара або найміт ня будзе есьці гэтых рэчаў.

А той, каго святар купіць і хто будзе паслугачом у доме яго, тыя могуць есці гэта, таксама народжаныя ў доме яго могуць есці хлеб яго.
 
Калі ж сьвятар купіць нявольніка за грошы, той можа есьці сьвятое, таксама народжаныя ў доме яго могуць есьці хлеб ягоны.

Калі б дачка святара выйшла замуж за чужога чалавека, то яна не павінна есці гэтых асвечаных ахвяраваных дароў.
 
Калі б дачка сьвятара выйшла замуж за чужога чалавека, то яна не павінна есьці гэтых сьвятых ахвяраваных дароў.

Аднак, калі дачка святара аўдавела або была кінута і, не маючы дзяцей, вярнулася ў дом бацькі свайго, як звычайная дзяўчына, будзе жывіцца стравай бацькі свайго. Ніхто, аднак, чужы не мае права есці яе.
 
Аднак, калі дачка сьвятара аўдавела або была кінута і, ня маючы дзяцей, вярнулася ў дом бацькі свайго, як звычайная дзяўчына, будзе жывіцца стравай бацькі свайго. Ніхто аднак чужы ня мае права есьці яе.

Калі ж хто несвядома з’есць святое, хай дадасца яшчэ пятая частка да таго, што ён з’еў, і хай аддасць ён святару пасвечанае.
 
Калі ж хто несьвядома зьесьць сьвятое, аднагародзіцца за гэта сьвятару, дадаючы яшчэ пятую частку яго (вартасьці).

Яны ж [святары] не будуць паганіць святых дароў, якія сыны Ізраэля складаюць у ахвяру Госпаду,
 
Яны ж (сьвятары) ня будуць паганіць сьвятых дароў, каторыя сыны Ізраэля складаюць у ахвяру Госпаду,

і не павінны сцягваць на сябе віну, калі будуць есці пасвечанае сваё. Я — Госпад, Які асвячае іх».
 
і не павінны сьцягваць на сябе віну, калі будуць есьці сьвятыя рэчы. Я — Госпад, Каторы асьвячаю іх».

Далей прамаўляў Госпад Майсею, кажучы:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

«Гавары Аарону і сынам яго і ўсім сынам Ізраэля ды кажы ім: “Калі хто з дому Ізраэля або з прышэльцаў, якія жывуць сярод вас, выконваючы прысягу, па якой або па добрай волі сваёй складае ахвяру сваю, якую прыносіць Госпаду на цэласпаленне,
 
«Гавары Аарону, і сынам ягоным, і ўсім сынам Ізраэля ды кажы ім: Калі хто спасярод Ізраэля або спаміж прыбыльцаў, якія пражываюць у Ізраэлю, па шлюбаваньню якім або па добрай волі сваёй складае ахвяру сваю, каторую прыносіць Госпаду на цэлапаленьне,

то, каб была яна спрыяльнай для вас, трэба прыносіць самца беззаганнага з цялят, з бараноў ды з казлоў; мужчынскага роду.
 
то, каб была прынятаю, мусяць прынесьці цялятаў, бараноў або козаў без заганы мужчынскага роду.

Калі будзе мець загану, не складайце ў ахвяру, бо не будзе яна для вас спрыяльнай.
 
Ніякай жывёлы, маючаю загану, не складайце ў ахвяру, бо ня будзе яна для вас спрыяльнай.

Калі хто захоча скласці Госпаду ахвяру прымірэння, каб выпаўніць прысягу або па добрай волі, ці гэта з валоў, ці з авечак, то хай будзе яна без заганы, каб была прынятай.
 
Калі хто захоча скласьці Госпаду ахвяру прымірэньня, каб выпаўніць шлюбаваньне або як дар дабравольны, ці гэта з валоў, ці з авец, то хай будзе яна без заганы, каб была прынятай.

Не складайце Госпаду ў ахвяру жывёлін сляпых, скалечаных, кульгавых, апухлых, паршывых, у балячках, ды не давайце такіх у агнявую ахвяру на ахвярніку для Госпада.
 
Не складайце Госпаду ў ахвяру жывёлін сьляпых, скалечаных, кульгавых, апухлых, паршывых, у балячках. Ня будзеце такіх жывёлін складаць на ахвярніку ў ахвяру цэлапаленьня Госпаду.

Цяля або барана някшталтнага ці хворага можаш скласці як ахвяру добраахвотную, але як ахвяра прысягі не будзе прынятая.
 
Цялё або барана някшталтнага ці хворага можаш скласьці як ахвяру дабравольную, але як шлюбаваная ахвяра ня будзе прынятая.

Жывёлу, у якой яечкі сціснутыя, разбітыя, вырваныя або выразаныя, не складайце ў ахвяру Госпаду. І не будзеце такога рабіць наогул у вашай зямлі,
 
Жывёлу, у каторай яечкі сьціснутыя, разьбітыя, вырваныя або выразаныя, не складайце ў ахвяру Госпаду. І ня будзеце такога рабіць у вашай зямлі,

ані з рук чужынцаў не будзеце складаць такіх жывёлін як ахвяру з ежы Богу вашаму, таму што гэта ўсё сапсаванае і заганнае, і дзеля таго не будуць яны для вас карыснымі”».
 
ані з рук чужынцаў ня будзеце складаць такіх жывёлін у дар Богу вашаму, таму што гэты недахоп іхні ёсьць заганаю, і дзеля таго ня будуць яны для вас карыснымі».

Далей казаў Госпад Майсею:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

«Калі народзіцца табе цяля, або ягня, або казляня, то будзе яно сем дзён пад вымем маткі сваёй. Пачынаючы ад восьмага дня і далей будзе яно прыемнай ахвярай агнявой для Госпада.
 
«Калі народзіцца табе цялё, або ягнё, або казлянё, то будзе яно сем дзён пры матцы. Пачынаючы ад восьмага дня і далей будзе яно прыемнай ахвярай агнявой для Госпада.

Але ані каровы, ані авечкі не забівайце ў адзін дзень разам з іх малым.
 
Але ані каровы, ані авечкі не забівайце ў адзін дзень разам зь іх малым.

Калі складаеце ахвяру дзеля выказу падзякі Госпаду, складайце яе так, каб магла яна быць прыемнай;
 
Калі складаеце Госпаду ахвяру падзякі, складайце яе так, каб была яна прыемнай;

у той самы дзень з’ежце яе; хай не застаецца з яе нічога да раніцы другога дня. Я — Госпад.
 
у той самы дзень зьешце яе; хай не застаецца зь яе нічога да раніцы другога дня. Я — Госпад.

Беражыце прыказанні Мае і спаўняйце іх. Я — Госпад.
 
Беражыце прыказаньні Мае і спаўняйце іх. Я — Госпад.

Не паганьце імя Маё святое, каб быў Я святым паміж сыноў Ізраэля. Я Госпад, Які асвячае вас
 
Не паганьце імя Маё сьвятое, каб быў Я сьвятым паміж сыноў Ізраэля. Я — Госпад, Каторы асьвячае вас

ды Які вывеў з зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам. Я — Госпад».
 
і Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб быць вашым Богам. Я — Госпад».