1 Вось што сказаў далей Госпад Майсею:
2 «Скажы Аарону і сынам ягоным, каб яны паважалі сьвятыя дары сыноў Ізраэля і не зьнеслаўлялі сьвятое імя Маё ў тым, што яны Мне пасьвячаюць. Я — Госпад.
3 Скажы ім, каб ведалі аб гэтым будучыя пакаленьні: Калі хто з патомкаў вашых, будучы ў нячыстасьці, прыступіцца да рэчаў сьвятых, каторыя сыны Ізраэля пасьвячаюць Госпаду, то такі чалавек будзе вынішчаны на віду Маім. Я — Госпад.
4 Ніводзін патомак Аарона, каторы быў бы пракажаны або цярпеў бы на выцёкі, ня будзе магчы есьці рэчаў сьвятых, пакуль не паздаравее. І хто дакранецца да чаго нячыстага ад памёршага або ў каго здарыцца выцёк насеньня,
5 або хто дакранецца паўзуна, каторым занячысьціцца, або чалавека, каторы зрабіў бы яго нячыстым сваёю нячыстасьцю,
6 дык хто дакранецца такіх рэчаў, будзе нячысты аж да вечара і ня будзе есьці сьвятых рэчаў, пакуль не абмые сваё цела ў вадзе.
7 Па заходзе сонца будзе ён ачышчаны, і тады будзе есьці сьвятыя рэчы, бо яны ёсьць ядой ягонаю.
8 Ня будзе ён есьці падліны ані мяса разьдзёртых жывёлаў, бо праз гэта стаўся б нячысты. Я — Госпад.
9 Хай выконваюць Мае прыказаньні, каб ня мелі дзеля таго грэху ды каб з гэтай прычыны не памерлі, калі спаганяць іх. Я — Госпад, Які асьвячаю іх.
10 Ніводзін чужынец ня будзе есьці сьвятых рэчаў; ані пражываючы ў сьвятара або найміт ня будзе есьці гэтых рэчаў.
11 Калі ж сьвятар купіць нявольніка за грошы, той можа есьці сьвятое, таксама народжаныя ў доме яго могуць есьці хлеб ягоны.
12 Калі б дачка сьвятара выйшла замуж за чужога чалавека, то яна не павінна есьці гэтых сьвятых ахвяраваных дароў.
13 Аднак, калі дачка сьвятара аўдавела або была кінута і, ня маючы дзяцей, вярнулася ў дом бацькі свайго, як звычайная дзяўчына, будзе жывіцца стравай бацькі свайго. Ніхто аднак чужы ня мае права есьці яе.
14 Калі ж хто несьвядома зьесьць сьвятое, аднагародзіцца за гэта сьвятару, дадаючы яшчэ пятую частку яго (вартасьці).
15 Яны ж (сьвятары) ня будуць паганіць сьвятых дароў, каторыя сыны Ізраэля складаюць у ахвяру Госпаду,
16 і не павінны сьцягваць на сябе віну, калі будуць есьці сьвятыя рэчы. Я — Госпад, Каторы асьвячаю іх».
17 Далей казаў Госпад Майсею:
18 «Гавары Аарону, і сынам ягоным, і ўсім сынам Ізраэля ды кажы ім: Калі хто спасярод Ізраэля або спаміж прыбыльцаў, якія пражываюць у Ізраэлю, па шлюбаваньню якім або па добрай волі сваёй складае ахвяру сваю, каторую прыносіць Госпаду на цэлапаленьне,
19 то, каб была прынятаю, мусяць прынесьці цялятаў, бараноў або козаў без заганы мужчынскага роду.
20 Ніякай жывёлы, маючаю загану, не складайце ў ахвяру, бо ня будзе яна для вас спрыяльнай.
21 Калі хто захоча скласьці Госпаду ахвяру прымірэньня, каб выпаўніць шлюбаваньне або як дар дабравольны, ці гэта з валоў, ці з авец, то хай будзе яна без заганы, каб была прынятай.
22 Не складайце Госпаду ў ахвяру жывёлін сьляпых, скалечаных, кульгавых, апухлых, паршывых, у балячках. Ня будзеце такіх жывёлін складаць на ахвярніку ў ахвяру цэлапаленьня Госпаду.
23 Цялё або барана някшталтнага ці хворага можаш скласьці як ахвяру дабравольную, але як шлюбаваная ахвяра ня будзе прынятая.
24 Жывёлу, у каторай яечкі сьціснутыя, разьбітыя, вырваныя або выразаныя, не складайце ў ахвяру Госпаду. І ня будзеце такога рабіць у вашай зямлі,
25 ані з рук чужынцаў ня будзеце складаць такіх жывёлін у дар Богу вашаму, таму што гэты недахоп іхні ёсьць заганаю, і дзеля таго ня будуць яны для вас карыснымі».
26 Далей казаў Госпад Майсею:
27 «Калі народзіцца табе цялё, або ягнё, або казлянё, то будзе яно сем дзён пры матцы. Пачынаючы ад восьмага дня і далей будзе яно прыемнай ахвярай агнявой для Госпада.
28 Але ані каровы, ані авечкі не забівайце ў адзін дзень разам зь іх малым.
29 Калі складаеце Госпаду ахвяру падзякі, складайце яе так, каб была яна прыемнай;
30 у той самы дзень зьешце яе; хай не застаецца зь яе нічога да раніцы другога дня. Я — Госпад.
31 Беражыце прыказаньні Мае і спаўняйце іх. Я — Госпад.
32 Не паганьце імя Маё сьвятое, каб быў Я сьвятым паміж сыноў Ізраэля. Я — Госпад, Каторы асьвячае вас
33 і Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб быць вашым Богам. Я — Госпад».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Святарская, 22 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
