Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская 15 Кніга Святарская 15 разьдзел

1 Далей казаў Госпад Майсею і Аарону:
2 «Аб'явіце сынам Ізраэля і скажыце ім: Мужчына, каторы мае выцёкі, будзе нячысты.
3 Нячыстасьць яго палягае на тым, што ці цела яго дапускае выцёк, ці затрымоўвае яго, і гэта нячыстасьць ягоная.
4 Кожны ложак, на каторым ляжаў маючы выцёкі, будзе нячысты, а таксама ўсё, дзе ён сядзеў.
5 Кожны, хто дакранецца яго ложка, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
6 Той, хто сеў на рэчы, на каторых сядзеў маючы выцёкі, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
7 Той, хто дакранецца цела чалавека, маючага выцёкі, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
8 Калі маючы выцёкі плюне на чалавека чыстага, той няхай вымые адзеньне сваё, памыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
9 Кожнае сядло, на каторым сядзеў чалавек, маючы выцёкі, будзе нячыстае.
10 Кожны, хто дакранецца чаго-колечы, што маючы выцёкі меў пад сабою, будзе нячысты аж да вечара. Кожны, хто пераносіць такія рэчы, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
11 Таксама кожны, да каго дакранецца маючы выцёкі, не памыўшы перш рукі ў вадзе, хай вымые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
12 Кожны посуд гліняны, да каторага дакранаецца маючы выцёкі, хай будзе пабіты, а кожны пасуд драўляны хай будзе вымыты вадой.
13 Калі маючы выцёкі паздаравее ад выцёкаў, тады хай адлічыць сем дзён на сваё ачышчэньне, і, памыўшы адзеньне сваё і цела сваё ў жывой вадзе, будзе чысты.
14 У восьмы дзень возьме двух туркоў або маладых галубкоў, і пойдзе перад аблічча Госпада да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, і аддасьць іх сьвятару.
15 Сьвятар складзе іх ахвяру: аднаго ў ахвяру за грэх, другога ў ахвяру цэлапаленьня, і такім чынам ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам ад выцёкаў яго.
16 Калі ў каго выльецца насеньне, то ён хай абмые вадою ўсё цела сваё, і будзе нячысты да вечара.
17 І ўсякае адзеньне, і ўсякую скуру, на каторую выльецца насеньне, трэба вымыць вадою, і яны будуць нячыстыя да вечара.
18 Калі мужчына ляжа з жанчынаю, і ў яго выльецца насеньне, хай абодва абмыюцца вадою, і будуць нячыстыя да вечара.
19 Калі жанчына мае месячніцу, значыць, цячэньне крыві зь цела свайго, то хай яна адасобніцца на сем дзён. Кожны, хто яе дакранецца, будзе нячысты да вечара,
20 ды ўсё, на чым яна ляжала або сядзела ў дні адасабленьня, лічыцца нячыстым.
21 Хто дакранецца ложка ейнага, хай памые адзеньне сваё і сам абмыецца вадою, і будзе нячысты да вечара.
22 Кожны, хто дакранецца рэчаў, на якіх яна сядзела, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
23 Калі хто дакранецца чагосьці, што ляжала на яе ложку, або рэчаў, на якіх яна сядзела, будзе нячысты да вечара.
24 Калі які мужчына ляжа тады зь ёю, то нячыстасьць ейная пераходзіць на яго, і ён будзе нячысты сем дзён. Кожны ложак, на якім ён ляжаў, будзе нячысты.
25 Калі жанчына церпіць цячэньне крыві многія дні ды ня ў час месячніцы, або калі пасьля месячніцы кроў не спыняецца і цячэ, тады яна, як доўга будзе мець гэтую хваробу, будзе нячыстая як падчас месячніцы.
26 Кожны ложак, на каторым будзе спаць яна падчас хваробы сваёй, і рэчы, на каторых будзе сядзець, будуць нячыстымі, як нячыстыя падчас месячніцы яе.
27 Хто дакранецца іх, занячысьціцца, дык хай памые адзеньне сваё вадою і сам вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
28 Калі кроў затрымаецца і спыніцца цячы, хай адлічыць яна сем дзён, і потым будзе чыстая.
29 Восьмага дня возьме яна за сябе двух туркоў або двух маладых галубкоў і прынясе сьвятару да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы.
30 Сьвятар складзе аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэлапаленьне. Гэта ачысьціць яе перад Госпадам ад цячэньня нячыстасьці яе.
31 Дык вучыце сыноў Ізраэля, каб высьцерагаліся нячыстасьці і каб не памерлі ў нячыстасьці сваёй, паганячы дом Мой, каторы ёсьць паміж іх.
32 Гэта закон адносна таго, хто мае выцёкі насеньня і стаецца нячыстым,
33 а таксама жанчыны, маючай месячніцу, ды агулам мужчыны і жанчыны, маючых выцёкі, таксама мужчыны, каторы ляжа з жанчынай нячыстай».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.