Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская 17 Кніга Святарская 17 разьдзел

1 Далей сказаў Госпад Майсею:
2 «Абвясьці Аарону, і сынам яго, і ўсім сынам Ізраэля і скажы ім: Такі вось загад даў Госпад:
3 Калі хто з дому Ізраэля заб'е бычка, або авечку, або казу ў межах табару або па-за табарам
4 і не прынясе іх да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы ў ахвяру Госпаду перад скініяй Госпада, будзе вінен крыві. Ён праліў кроў і будзе вынішчаны спасярод народу свайго.
5 Дзеля таго сыны Ізраэля будуць прыводзіць ахвяры свае, каторыя дасюль складалі ў полі, да Госпада да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, да сьвятара, і будуць складаць іх як ахвяры прымірэньня для Госпада.
6 І пакрапіць сьвятар крывёй ахвярнік Госпада пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы, а тлушч спаліць на мілы пах Госпаду.
7 Ужо ня будуць складаць ахвяраў дэманам, з каторымі распусьнічалі. Гэта будзе ім пастанова вечная для пакаленьняў іх.
8 Далей скажаш ім: Калі хто з дому Ізраэля або з прыбыльцаў, каторыя жывуць сярод вас, складае ахвяру цэлапаленьня або іншую
9 і не прывядзе яе да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, каб ахвяраваць Госпаду, то будзе чалавек той выключаны з народу свайго.
10 Калі хто з дому Ізраэля або спасярод прыбыльцаў, каторыя пражываюць сярод вас, еў бы кроў, Я скірую аблічча Маё супраць такога чалавека ды вынішчу яго спаміж народу яго.
11 Бо жыцьцё цела ў крыві, і Я даў яе вам, каб на ахвярніку ачышчалі ёю душы вашыя, бо кроў гэтая ачышчае душу.
12 Дзеля таго даў Я загад сынам Ізраэля: Ніхто з вас ня будзе спажываць крыві. Таксама і прыбылец, каторы пасяліўся сярод вас, ня будзе спажываць крыві.
13 Калі хто з сыноў Ізраэля або з прыбыльцаў, каторыя пасяліліся сярод вас, зловіць дзікага зьвяра або птушку, якіх можна есьці, хай вылье зь іх кроў і закрые яе зямлёю.
14 Жыцьцё бо кожнага цела ў крыві ягонай; таму даў Я загад сынам Ізраэля: Не спажывайце крыві ніводнага цела, бо душа кожнага цела ў ягонай крыві. Кожны, хто будзе спажываць яе, загіне.
15 Кожны тутэйшы або прыбылец, каторы еў бы мяса падліны або разарванае жывёлы, хай памые адзеньне і вымыецца ў вадзе, і будзе ён нячысты да вечара, а пасьля станецца чыстым.
16 Калі ж хто не памые адзеньня ані цела свайго, будзе насіць правіну сваю».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.