Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская 21 Кніга Святарская 21 разьдзел

1 Далей казаў Госпад Майсею: «Гавары сьвятарам, сынам Аарона, і кажы ім: Хай не занечышчаецца сьвятар, дакранаючыся памёршага з народу свайго.
2 Хіба толькі да блізкіх сваякоў, да бацькі і маткі, сына і дачкі, а таксама брата свайго
3 і сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім незамужняя, можна яму дакранацца і не занячысьціць сябе.
4 І хай не занячысьціць сябе сьвятар з прычыны сваякоў жонкі сваёй, бо было б гэта зьнявагаю.
5 Не павінны яны стрыгчы галавы і скраяў барады, і на целе сваім ня будуць рабіць нарэзаў.
6 Сьвятымі будуць яны перад Богам сваім і ня будуць паганіць імя Ягонае, бо яны складаюць ахвяры цэлапаленьня Госпаду і ахвяры зь яды, таму мусяць яны быць сьвятымі.
7 Ня возьмуць яны за жонку распусьніцы або зьняслаўленай; ня возьмуць жанчыны, выгнанай мужам, бо сьвятар пасьвечаны Богу.
8 Будзеш уважаць яго за сьвятара, бо ён складае хлеб Богу твайму. Дык хай будзе ён сьвяты для цябе, бо сьвяты Я, Госпад, Каторы асьвячае вас.
9 Калі дачка сьвятара паганіць сябе распустаю і няславіць імя бацькі свайго, будзе яна спалена ў агні.
10 Найвышэйшы сьвятар паміж братоў сваіх, каторага галава была памазана алеем, каторага рукі пасьвечаныя ў сьвятарства ды каторы адзеты ў сьвятыя шаты, ня будзе распускаць валасоў сваіх і разьдзіраць шатаў,
11 і ня будзе ён набліжацца да ніводнага памёршага, ня можа занячысьціцца нават з прычыны бацькі свайго і маткі.
12 Ня будзе ён выходзіць са сьвятыні і не апаганіць сьвятога месца Госпадавага, бо ён памазаны алеем памазаньня для Бога свайго. Я — Госпад.
13 За жонку возьме ён толькі дзяўчыну.
14 Ня возьме за жонку ані ўдавы, ані разьведзенай, ані зьняслаўленай, ані распусьніцы, ніводнай з такіх ня возьме, але возьме дзяўчыну спасярод сваякоў сваіх.
15 І не зьняславіць ён насеньня свайго сярод сваякоў сваіх, бо Я — Госпад, Каторы асьвячаю яго».
16 Далей казаў Госпад Майсею:
17 «Скажы Аарону: Ніхто з патомства твайго ў-ва ўсе пакаленьні іх, у каторага на целе будзе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго.
18 Ніхто, у каго на целе недахоп, не павінен прыступаць, ані сьляпы, ані кульгавы, ані маючы скалечаны твар,
19 ані хто мае зламаную нагу або зламаную руку,
20 ані гарбаты, ані кволы, ані той, хто мае бяльмо на воку, ані каросьлівы, ані паршывы, ані той, хто мае пашкоджаныя яечкі.
21 Ніводзін чалавек з патомства Аарона сьвятара, у каторага на целе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру агнявую Госпаду, Богу свайму; ён мае загану, не павінен ён прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго
22 Але можа ён есьці хлеб Бога свайго як з (дароў) сьвятых, так і з найсьвяцейшых.
23 Толькі ня будзе ён падыходзіць да заслоны і ня будзе падыходзіць да ахвярніка, бо мае загану. Ня будзе ён паганіць сьвятыню Маю, бо Я — Госпад, Каторы асьвячаю іх».
24 Майсей сказаў гэта Аарону, сынам яго і ўсім сынам Ізраэля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.