1 Далей казаў Госпад Майсею:
2 «Гэта закон адносна пракажанага ў дзень ягонага ачышчэньня: Няхай прывядуць яго да сьвятара,
3 і сьвятар выйдзе з табару, і калі (сьвятар) сьцьвердзіць, што праказа вылечаная,
4 загадае, каб за таго, каторы ачышчаны, узялі дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і кедровага дрэва, і кармазыновыя ніткі, і гізоп.
5 Потым сьвятар загадае забіць адну птушку над гліняным начыньнем, напоўненым жывою вадой.
6 Пасьля возьме другую жывую птушку разам з кавалкам дрэва кедровага, зь ніткамі кармазыновымі, і гізоп, і ўмочыць іх і жывую птушку ў крыві (птушкі) забітай над жывою вадою,
7 і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, і аб'явіць яго чыстым. А жывую птушку выпусьціць у поле.
8 Ачышчаны памые адзеньне сваё, абголіць усе валасы на целе, і вымыецца ў вадзе, і будзе чысты. Пасьля ачышчаны ўвойдзе ў табар і будзе жыць сем дзён па-за сваёй палаткай.
9 Сёмага дня абголіць ён усе валасы, вымые адзеньне, абголіць галаву і бараду, і бровы, абмые ўсё цела вадой і будзе чысты.
10 Восьмага дня возьме ён двух баранчыкаў без заганы, адну гадавую авечку без заганы і тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, зьмешанай з алеем, як ахвяру зь яды, і адзін лог алею.
11 Потым сьвятар, каторы ачышчае, паставіць чалавека ачышчанага з усім гэтым перад Госпадам ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.
12 Пасьля сьвятар возьме аднаго баранчыка і складзе яго ў ахвяру за грэх, поруч лог алею, і прынясе ўсё гэта, патрасаючы перад Госпадам.
13 Далей заб'е гэтага баранчыка на месцы, на каторым забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэлапаленьня, на месцы сьвятым, бо ахвяра аднагараджэньня, як і ахвяра за грэх, належыць сьвятару; гэта сьвятая рэч.
14 Далей возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня і памажа ёю верх вуха чалавека ачышчанага, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
15 Далей сьвятар возьме з лога алею і вылье яго на сваю левую далонь.
16 Потым сьвятар памочыць палец правай рукі ў алеі, каторы на яго левай далоні, і пакрапіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад Госпадам.
17 Астаткам алею, каторы на яго далоні, сьвятар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі, над крывёй яго ахвяры аднагараджэньня.
18 А астатак алею на яго далоні вылье ён на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак ачысьціць яго перад Госпадам.
19 Пасьля сьвятар складзе ахвяру за грэх і ачысьціць таго, хто ачышчаецца, ад нячыстасьці яго. Далей складзе ахвяру цэлапаленьня,
20 і складзе гэтую ахвяру на ахвярніку разам з ахвярай зь яды. І так сьвятар ачысьціць таго чалавека, і будзе ён чысты.
21 Калі ж хто бедны ды жыве ў нястачы, то хай возьме аднаго барана ў ахвяру аднагараджэньня для патрасаньня, каб быць ачышчаным, а таксама дзесятую частку эфы мукі, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды, і адзін лог алею,
22 і два туркі або двое маладых галубкоў, на што будзе здольная рука яго; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэлапаленьне.
23 І прынясе іх на восьмы дзень свайго ачышчэньня да сьвятара да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы перад Госпада.
24 Сьвятар возьме ягнё за грэх і лог алею ды разам патрасе перад Госпадам.
25 І заб'е барана ў ахвяру за грэх. Пасьля возьме сьвятар кроў ахвяры за грэх і памажа верх правага вуха ачышчанага чалавека, і вялікі палец яго правай рукі, і вялікі палец яго правай нагі.
26 Далей сьвятар налье алею на сваю левую далонь
27 і, памачыўшы ў ім палец правай рукі сваёй, пакрапіць сем разоў перад абліччам Госпада.
28 Далей сьвятар памажа алеем, які ў яго на далоні, верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі ў месцы крыві ахвяры аднагараджэньня.
29 Астатак жа алею, што застаўся на левай руцэ яго, вылье сьвятар на галаву таго, хто ачышчаецца, каб перапрасіць за яго Госпада.
30 Пасьля ахвяруе аднаго турка або маладога галубка, каторага прынясе рука таго, хто ачышчаецца,
31 і ахвяруе аднаго за грэх, а другога на цэлапаленьне разам з ахвярай зь яды, і так ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам.
32 Такая вось ахвяра пракажанага, якому не стае (маёмасьці) ў часе ачышчэньня свайго».
33 Гэта вось казаў Госпад Майсею і Аарону:
34 «Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, каторую Я дам вам на ўласнасьць, і калі б зьявілася праказа на дамах пасяленьня вашага,
35 хай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць сьвятара: «Здаецца мне, што праказа завялася ў маім доме».
36 Сьвятар загадае, каб прынялі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб не запаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе сьвятар, каб агледзець дом.
37 І калі б заўважыў на сьценах яго нібы ямінкі, цьвільлю пакрытыя, і зеленявыя, уеўшыся ў сьцяну,
38 тады выйдзе з дому да дзьвярэй і зараз жа зачыніць яго на сем дзён.
39 Сёмага дня, вярнуўшыся, агледзіць дом. І калі заўважыць, што язва пашырылася,
40 загадае тое каменьне заражанае вырваць ды выкінуць за горад на нячыстае месца.
41 Дом жа кругом унутры абскрабуць і абскрэбкі выкінуць на месца нячыстае за горадам.
42 Пасьля возьмуць іншыя каменьні і пакладуць на месца папярэдніх каменьняў, ды возьмуць іншую заправу і атынкуюць дом.
43 Калі ж пляма зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі каменьні, а дом абскрэблі і атынкавалі,
44 дык прыйдзе сьвятар і агледзіць яго. І калі сьцьвердзіць, што зараза ў доме пашырылася, значыць, гэта ліхая праказа, і дом нячысты.
45 Тады дом гэты зараз жа разьбяруць, а каменьне, і дрэва, і ўвесь попел дому таго выкінуць за горад у нячыстае месца.
46 Калі б хто ўвайшоў у дом, калі ён зачынены, будзе ён нячысты да вечара,
47 а калі б хто спаў у ім або еў штосьці, хай памые адзеньне сваё.
48 Калі вось сьвятар прыйдзе, і агледзіць яго, і сьцьвердзіць, што зараза не пашырылася ў гэтым доме па атынкаваньні, дык прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылекавана.
49 Каб ачысьціць дом, сьвятар возьме дзьве птушкі, кавалак дрэва кедровага, ніткі кармазыновыя і гізоп.
50 І заб'е адну птушку над пасудзінай глінянай над жывою вадою.
51 Пасьля возьме кедровага дрэва, гізоп, ніткі кармазыновыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў жывой вадзе, і пакрапіць сем разоў дом.
52 Такім чынам ачысьціць крывёй птушкі, і вадой жывой, і дрэвам кедровым, і ніткамі кармазыновымі, і гізопам.
53 А жывую птушку пусьціць за горадам на полі. Такім чынам ачысьціць дом, і ён будзе чыстым.
54 Гэта закон адносна ўсякай заразы, праказы і паршывасьці,
55 праказы адзеньня і дому, пухліны, скулаў і белых плямаў,
56 каб навучыць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Святарская, 14 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
