Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Лявіт 15 Лявіт 15 разьдзел

1 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:
2 абвясьцеце сынам Ізраілевым і скажэце ім: калі ў каго будзе цеча зь цела ягонага, дык ад цечы сваёй ён нячысты.
3 І вось закон пра нячыстасьць яго ад цечы ягонай: калі цячэ зь цела яго цеча ягоная, і калі затрымліваецца ў целе яго цеча ягоная, гэта нячыстасьць яго;
4 усякая пасьцель, на якую ляжа цечыўны, нячыстая, і ўсякая рэч, на якую сядзе, нячыстая;
5 і хто дакранецца да пасьцелі ягонай, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
6 хто сядзе на якую-небудзь рэч, на якой сядзеў цечыўны, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
7 і хто дакранецца да цела цечыўнага, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
8 калі цечыўны плюне на чыстага, дык гэты павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
9 і ўсякая падвода, на якой ехаў цечыўны, нячыстая;
10 і кожны, хто дакранецца да чаго-небудзь, што было пад ім, нячысты будзе да вечара; і хто панясе гэта, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
11 і кожны, да каго дакранецца цечыўны, не вымыўшы рук сваіх вадою, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
12 гліняны посуд, да якога дакранецца цечыўны, трэба разьбіць, і ўсякі драўляны посуд трэба вымыць вадою.
13 А калі цечыўны вызваліцца ад цечы сваёй, тады павінен ён адлічыць сабе сем дзён на ачышчэньне сваё і вымыць вопратку сваю і цела сваё жывою вадою, і будзе чысты;
14 і на восьмы дзень возьме ён сабе дзьвюх галубак альбо двух маладых галубоў, і прыйдзе перад аблічча Гасподняе да ўваходу ў скінію сходу, і аддасьць іх сьвятару;
15 і прынясе сьвятар з гэтых птушак адну ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам ад цечы ягонай.
16 Калі ў каго здарыцца выліваньне семені, дык ён павінен абмыць вадою ўсё цела сваё і нячысты будзе да вечара;
17 і ўсякая вопратка і ўсякая скура, на якую трапіць семя, павінна быць вымыта вадою і нячыстая будзе да вечара.
18 Калі мужчына ляжа з жанчынаю і будзе ў яго выліваньне семені, дык яны павінны абмыцца вадою і нячыстыя будуць да вечара.
19 Калі жанчына мае цечу крыві, якая цячэ зь цела яе, дык яна павінна сядзець сем дзён пад час ачышчэньня свайго, і кожны, хто дакранецца да яе, нячысты будзе да вечара;
20 і ўсё, на што яна ляжа пад час ачышчэньня свайго, нячыстае; і ўсё, на што сядзе, нячыстае;
21 і кожны, хто дакранецца да пасьцелі яе, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
22 і кожны, хто дакранецца да якой-небудзь рэчы, на якой яна сядзела, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара;
23 і калі хто дакранецца да чаго-небудзь на пасьцелі альбо на той рэчы, на якой яна сядзела, нячысты будзе да вечара;
24 калі перасьпіць зь ёю муж, дык нячыстасьць яе будзе на ім: ён нячысты будзе сем дзён, і кожная пасьцель, на якую ён ляжа, будзе нячыстая.
25 Калі ў жанчыны цячэ кроў шмат дзён не пад час ачышчэньня яе, альбо калі яна мае цечу даўжэй звычайнага ачышчэньня свайго, яна нячыстая;
26 усякая пасьцель, на якую яна ляжа пад час цечы сваёй, будзе нячыстая, гэтак сама як пасьцель пад час ачышчэньня яе; і ўсякая рэч, на якую яна сядзе, будзе нячыстая, як нячыстае гэта пад час ачышчэньня яе;
27 і кожны, хто дакранецца да іх, будзе нячысты і павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою, і нячысты будзе да вечара.
28 А калі яна вызваліцца ад цечыва свайго, тады павінна адлічыць сабе сем дзён і пасьля будзе чыстая;
29 на восьмы дзень возьме яна сабе дзьвюх галубак альбо двух маладых галубоў, і прынясе іх да сьвятара да ўваходу ў скінію сходу;
30 і прынясе сьвятар адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яе сьвятар перад Госпадам ад цечы нечысьці яе.
31 Так засьцерагайце сыноў Ізраілевых ад нячыстасьці іх, каб яны не памерлі ў нячыстасьці сваёй, апаганьваючы селішча Маё, якое сярод іх:
32 вось закон пра цечыўнага і пра тое, у каго здарыцца выліваньне семені, якое робіць яго нячыстым,
33 і пра тую, што пакутуе ачышчэньнем сваім, і пра цечыўных, мужчыну альбо жанчыну, і пра мужа, які перасьпіць з нячыстаю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Лявіт, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002