1 Вось што сказаў Госпад Майсею на раўнінах Маабу каля Ярдану насупраць Ерыхону:
2 «Загадай сынам Ізраэля, каб далі левітам у спадчыну гарады, у каторых яны б жылі, і палі кругом гарадоў.
3 У гарадах будуць жыць, а ваколіцы будуць пашай для жывёлы і для ўсяго быдла іхняга.
4 Ад муроў гарадзкіх яны маюць цягнуцца на тысячу локцяў ушыркі.
5 Адмерайце за горадам дзьве тысячы локцяў з боку ўсходняга, дзьве тысячы локцяў з боку паўдзённага, дзьве тысячы локцяў з боку заходняга і дзьве тысячы локцяў з боку паўночнага, каб сам горад быў пасярэдзіне; гэта будуць палі вакол тых гарадоў.
6 Гарады, каторыя аддасьцё левітам, будуць шэсьць гарадоў прыбежышча, каб забойца мог у іх схавацца, і апрача іх яшчэ сорак два гарады.
7 Лічба гарадоў, каторыя разам з палямі будуць належаць левітам, будзе сорак восем.
8 Пры выбары гарадоў, каторые аддасьцё са спадчыны сыноў Ізраэля, так будзеце вырашаць: ад большага пакаленьня — большую іх лічбу, ад меншага — меншую. Кожнае пакаленьне павінна аддаць левітам па вялікасьці атрыманае спадчыны адпаведную лічбу гарадоў».
9 Далей сказаў Госпад Майсею:
10 «Аб'яві сынам Ізраэля і скажы ім: Калі пяройдзеце празь Ярдан у зямлю Ханаан,
11 выбярыце сабе гарады, каторыя маюць быць прыбежышчам уцекачам, каторыя, ня хочучы, пралілі кроў.
12 Гэтыя гарады будуць вам гарадамі-прыбежышчамі ад мсьціўцаў, і забойца захавае жыцьцё, дакуль не стане перад судом супольнасьці.
13 Што да гарадоў, каторыя маеце зрабіць гарадамі прыбежышча, павінна быць іх шэсьць.
14 Тры будуць за Ярданам, а тры — у зямлі Ханаан як гарады прыбежышча.
15 Іх будзе шэсьць, каб маглі да іх уцякаць тыя, што ненаўмысна пралілі кроў: як сыны Ізраэля, так і прыбыльцы або падарожнікі.
16 Калі, аднак, хто ўдарыць каго жалезам, што той памрэ, дык той, хто ўдарыў, — забойца, ён павінен памерці.
17 Калі хто каго каменем ударыў, каторым можна забіць, і забіў, падобна будзе пакараны.
18 Калі хто каго паленам так ударыў, што той памёр, — ён забойца. І будзе ён пакараны сьмерцю.
19 Мсьціўца крыві заб'е забойцу; дзе толькі зловіць яго, можа яго забіць.
20 Калі хто зь нянавісьці напаў на чалавека, або кінуў у яго штосьці з намерам забіць, так, што той памёр,
21 або калі хто ў злосьці ўдарыў кулаком, што той памёр, тады той, хто ўдарыў, мусіць быць пакараны сьмерцю, бо ён забойца; і мсьціўца крыві можа яго забіць, калі сустрэне.
22 Калі ж хто прыпадкам і безь нянавісьці ўдарыў каго або кінуў у яго чым-колечы ненаўмысна,
23 або, не бачачы яго, пусьціў у яго каменем, каторы можа забіць, і ўдарыў яго так, што той памёр, але ён ня быў яго ворагам ды не хацеў яму зла,
24 то грамада павінна судзіць забойцу і мсьціўца за кроў на гэтай аснове.
25 Грамада павінна выратаваць забойцу ад рукі мсьціўца за кроў і павінна вярнуць яго ў горад прыбежышча яго, куды ён уцёк, каб ён там жыў да сьмерці першасьвятара, каторы памазаны сьвятым алеем.
26 Калі ж забойца выйдзе за межы гораду-прыбежышча, у каторы схаваўся,
27 і калі мсьціўца крыві сустрэне яго па-за межамі гораду-прыбежышча, тады мсьціўца крыві не вінаваты, калі заб'е забойцу.
28 Да сьмерці бо першасьвятара павінен забойца прабываць у горадзе прыбежышча свайго. Па сьмерці ж першасьвятара можа ён вярнуцца да сваёй спадчыны.
29 Хай гэта будзе вам законам ва ўсе пакаленьні вашыя і ва ўсіх месцах пражываньня вашага.
30 Забойцу на падставе словаў сьведкаў караюць сьмерцю. На падставе аднаго сьведкі ніхто на сьмерць не асуджаецца.
31 Нельга прымаць выкупу за душу забойцы, каторы варты сьмерці, павінен ён быць пакараны сьмерцю.
32 Не бярыце выкупу і за ўцёкшага ў горад прыбежышча, каб яму дазволіць жыць у сваёй зямлі перад сьмерцю першасьвятара.
33 Не паганьце зямлі прабываньня вашага, бо кроў пляміць зямлю, і ніяк яна ня можа быць ачышчаная, як толькі праз кроў таго, хто праліў яе.
34 Не паганьце зямлі, на якой будзеце жыць, бо Я буду жыць з вамі. Бо Я — Госпад, Каторы жыву пасярод сыноў Ізраэля».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Лічбаў, 35 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
