1 Потым сыны Ізраэля пайшлі далей і расклаліся табарам на раўнінах Маабу на другім баку Ярдану, насупраць Ерыхону.
2 Балак, сын Цыпора, бачыў усё, што зрабіў Ізраэль Амарэйцам.
3 Дык Мааб дужа баяўся гэтага народу, бо ён быў шматлікі, і баяўся Мааб сыноў Ізраэля.
4 І сказаў Мааб старшыням спаміж Мадыянцаў: «Цяпер гэта мноства паесьць усё кругом, як вол саскубае траву на полі». Тады каралём Маабу быў Балак, сын Цыпора.
5 І паслаў ён пасланцоў да Білеама, сына Бэора, у Пэтор над Ракой Эўфрат у зямлі Амавітаў, каб паклікаць яго і сказаць яму: «Вось, выйшаў народ з Эгіпту і пакрыў паверх зямлі, і пасяліўся насупраць мяне.
6 Дык прыдзі, прашу, і пракляні мне народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне. Можа, я здолею перамагчы яго і выгнаць зь зямлі, бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраслаўлены, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».
7 І вось выбраліся старшыні Маабцаў са старшынямі Мадыянцаў у дарогу, заагледжаныя ў падарункі для вяшчуна, і прыбылі да Білеама, і перадалі яму словы Балака.
8 Ён жа ім адказаў: «Пераначуйце тут ноч, і я адкажу вам тады, як скажа мне Госпад». Дык асталіся старшыні Маабцаў у Білеама.
9 І прыйшоў Бог да Білеама, і сказаў: «Што гэта за людзі ў цябе?»
10 Білеам адказаў Богу: «Балак, сын Цыпора, кароль Маабцаў, прыслаў да мяне
11 сказаць: Гэты вось народ, каторы выйшаў з Эгіпту, пакрыў паверх зямлі. Прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я зь ім ваяваць і выгнаць яго».
12 На тое сказаў Бог Білеаму: «Ня можаш ты ісьці зь імі, нельга табе праклінаць народ, бо ён дабраслаўлены».
13 На раніцы ўстаў ён і сказаў князям Балака: «Варочайцеся ў сваю зямлю, бо Госпад не дазволіў мне ісьці з вамі».
14 Усталі тады князі Маабу, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Білеам на захацеў ісьці з намі».
15 Дык Балак паслаў яшчэ больш князёў, і болей дастойных, чым тыя.
16 Як толькі прыбылі яны да Білеама, сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Цыпора: Не адмаўляйся прыйсьці да мяне.
17 Я гатовы табе выказаць вялікую пашану, і, што захочаш, дам табе. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты».
18 Білеам адказаў: «Калі б даваў мне Балак поўны дом свой серабра і золата, то не магу пераступіць волі Госпада, Бога майго, як у малых рэчах, так і ў вялікіх.
19 Прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што скажа мне зноў Госпад».
20 Прыйшоў вось Бог да Білеама ноччу і кажа яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, то ўстань і ідзі зь імі, але зробіш толькі тое, што Я табе скажу».
21 Дык устаў Білеам, асядлаў сваю асьліцу і вырушыў разам зь імі.
22 І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў. І станў анёл Госпадаў на дарозе супраць яго, каб затрымаць яго. Ён жа ў таварыстве двух слугаў сваіх ехаў на сваёй асьліцы.
23 Калі асьліца заўважыла анёла Госпадава, які стаяў на дарозе з выцягнутым мячом, зыйшла з дарогі і пайшла ў поле. Білеам ударыў яе, хочучы завярнуць яе на дарогу.
24 Тады анёл Госпадаў стаў на цеснай дарозе паміж вінаграднікамі, і мур быў з тога і з гэтага боку.
25 Калі асьліца ўбачыла анёла Госпадава, дык прыціснулася да муру. Ён жа пачаў яе біць нанова.
26 Анёл Госпадаў перайшоў у месца так цеснае, што ані з правага, ані зь левага боку ніяк ня можна было яго абмінуць, і закрыў дарогу.
27 Калі асьліца ўбачыла анёла Госпадавага зноў, лягла пад ногі Білеама. Ён, узлаваны, яшчэ мацней біў яе палкаю.
28 Тады адкрыў Госпад вусны асьліцы, і яна сказала Білеаму: «Што я табе зрабіла? Чаму б'еш мяне трэці раз?»
29 Білеам сказаў: «Бо ты працівілася мне. Каб меў я меч у руцэ, забіў бы цябе!»
30 Асьліца сказала: «Ці ж я не твая асьліца, на каторай езьдзіш ад пачатку да сёньняшняга дня? Ці ж я мела звычку так чыніць з табой?» А ён кажа: «Ніколі».
31 Раптам адкрыў Госпад вочы Білеама, і ён угледзеў анёла Госпадава, што стаяў на дарозе з выцягнутым мячом. Пакланіўся ён тады анёлу да зямлі.
32 Сказаў яму анёл Госпадаў: «Навошта трэці раз біў ты асьліцу сваю? Я прыбыў і заступіў табе дарогу, бо нядобрая твая дарога.
33 Бачачы мяне, асьліца тры разы ўхілялася ад мяне, і каб не ўхілялася, я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую».
34 Білеам сказаў: «Саграшыў я, бо ня ведаў, што ты заступіў мне дарогу; а цяпер вось, калі табе не падабаецца, вярнуся назад».
35 Але анёл Госпадаў сказаў Білеаму: «Ідзі з тымі людзьмі, але сьцеражыся, не гавары чаго іншага, толькі тое, што я табе загадаю». І пайшоў Білеам з князямі Балака.
36 Калі пачуў Балак, што Білеам ідзе, выйшаў яму на спатканьне аж да Ір-Маабу, гораду, каторы на мяжы пры Арноне.
37 Ён сказаў Білеаму: «Ці ж не пасылаў я да цябе пасланцоў, каб паклікалі цябе? Чаму не адразу прыбыў ты да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»
38 Білеам яму адказаў: «Вось, я прыбыў да цябе. Ці ж магу што другое гаварыць, апрача таго, што мне ў вусны Бог улажыў?»
39 Дык пайшлі Балак разам з Білеамам і прыбылі ў Кірыят-Хуцот.
40 Балак пазабіваў валоў і авечак і паслаў Білеаму і князям, каторыя зь ім былі.
41 З настаньнем раніцы Балак завёў Білеама на высоты Баала, каб адтуль убачыў ён частку Ізраэльскага народу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Лічбаў, 22 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
