Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Лічбаў 12 Лічбаў 12 разьдзел

1 Мірыям і Аарон блага гаварылі супраць Майсея з прычыны Кушыткі, каторую ўзяў ён за жонку.
2 І казалі: «Ці ж толькі праз аднаго Майсея гаварыў Госпад? Ці таксама і праз нас не гаварыў Ён?» І пачуў гэта Госпад.
3 Майсей жа быў найпакарнейшым з усіх людзей, каторыя жылі на зямлі.
4 І сказаў раптам Госпад да Майсея і да Аарона, і да Мірыям: «Толькі вы трох падыйдзіце да Палаткі Сустрэчы». І падыйшлі ўсе трое.
5 І Госпад зыйшоў у слупе воблачным і затрымаўся ля ўваходу, і паклікаў Аарона і Міріям, і ўвайшлі яны абое.
6 І сказаў Ён ім: «Слухайце словы Мае. Калі хто спаміж вас будзе прарок Госпадаў, Я аб'яўлюся яму ў зьяве, і ў снах буду казаць яму.
7 Але ня так са слугой Маім Майсеем, ён найвярнейшы ў-ва ўсім доме Маім!
8 Вуснамі ў вусны Я кажу яму, і адкрыта, а не праз бачаньні і зьявы, бачыць ён Госпада! Дык чаму асьмеліліся вы дакараць слугу Майго Майсея?»
9 І загневаўся на іх, і адыйшоў.
10 Воблака таксама зьнікла, а яно было над Скініяй. І вось Мірыям сталася ў момант белая, як сьнег, ад праказы. Калі Аарон павярнуўся да яе, спасьцярог, што яна пракажана.
11 Тады прасіў ён Майсея: «Прашу, гаспадару мой, не карай нас за грэх, каторага мы неразважна дапусьціліся.
12 Не дапусьці, каб сталася яна, як спарон, каторы напалову гнілы выходзіць з улоньня маці сваёй».
13 Дык прасіў Майсей Госпада: «Божа, прашу цябе, аздараві яе!»
14 І адказаў яму Госпад: «Калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, ці ня мусіла б яна сем дзён сароміцца? Так мае яна на сем дзён быць па-за табарам, а потым можа зноў вярнуцца».
15 Дык выдалена была Мірыям па-за табар на сем дзён, а народ ня рухаўся з таго месца, пакуль Мірыям не вярнулася.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Лічбаў, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.