1 Далей казаў Госпад Майсею:
2 «Аб'яві Аарону і скажы яму: Калі будзеш запальваць лямпы, то на пярэднім баку сьвечніка павінны гарэць сем лямпаў».
3 Аарон зрабіў гэтак і на пярэднім баку сьвечніка запаліў лямпы, як загадаў Госпад Майсею.
4 Такі вось быў выраб сьвечніка: куты ён быў з золата, ад падставы аж да кветак быў каваны. Быў ён зроблены паводле ўзору, які паказаў Госпад Майсею.
5 І сказаў зноў Госпад Майсею:
6 «Вазьмі левітаў спаміж сыноў Ізраэля і ачысьці іх.
7 Ачысьці іх так: пакрапі іх вадой ахвяры за грэх, і хай паголяць яны ўсе валасы на целе, і хай вымыюць адзеньне сваё, і будуць чыстымі.
8 Потым возьмуць цялё са статку і ахвяру з мукі, запраўленай алеем, а другое цялё са статку ты возьмеш у ахвяру за грэх.
9 Прывядзі левітаў перад Палатку Сустрэчы і зьбяры ўсю супольнасьць Ізраэля.
10 Калі левіты зьбяруцца перад Госпадам, хай сыны Ізраэля пакладуць на іх рукі свае.
11 Потым Аарон як патрасанае перад Госпадам ахвяруе левітаў ад сыноў Ізраэля, каб былі служыцелямі Ягонымі.
12 А левіты хай ускладуць рукі свае на галовы цялят, і ты аднаго зь іх складзеш у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру Госпаду на цэлапаленьне, каб ачысьціць іх.
13 Потым паставіш левітаў перад Ааронам і яго сынамі і ахвяруеш іх як патрасанае Госпаду.
14 Выдзелі левітаў спаміж сыноў Ізраэля, каб былі яны Маімі.
15 А потым хай прыходзяць і служаць у Палатцы Сустрэчы, калі ты іх ачысьціш і ахвяруеш іх як ахвяру пасьвячэньня.
16 Яны бо Мне аддадзены спасярод сыноў Ізраэля. Узяў Я іх замест першародных, якія родзяцца ў Ізраэля.
17 Мае бо ўсе першародныя з сыноў Ізраэля, як зь людзей, так і з жывёлы. Ад таго дня, у які Я выгубіў усё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, Я іх пасьвяціў Сабе.
18 І ўзяў Я левітаў замест усіх першародных спаміж сыноў Ізраэля,
19 і даю іх Аарону і сынам ягоным спаміж сыноў Ізраэля, каб служылі Мне за ўсяго Ізраэля ў Палатцы Сустрэчы, каб перамаляць Госпада за іх, каб усьцерагчы ад кары народ, калі б асьмеліўся наблізіцца да Скініі».
20 Дык Майсей і Аарон і ўся супольнасьць сыноў Ізраэля зрабілі зь левітамі гэтак; як загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі зь імі сыны Ізраэля.
21 Вось жа ачысьціліся левіты і памылі адзеньне сваё, а Аарон, патрасаючы, ахвяраваў іх Госпаду і ачысьціў іх, каб былі ачышчаныя.
22 Пасьля спаўнялі яны свае абавязкі ў Палатцы Сустрэчы ў прысутнасьці Аарона і сыноў ягоных. Як адносна Левітаў загадаў Госпад Майсею, так вось і сталася.
23 Далей казаў Госпад Майсею:
24 «Такі вось закон адносна левітаў: ад дваццаці пяці гадоў і вышэй хай прыходзяць яны і служаць ў Палатцы Сустрэчы;
25 а калі скончаць пяцідзесяты год жыцьця, хай ня служаць,
26 а будуць толькі дапамагаць братам сваім у Палатцы Сустрэчы, але абавязкаў ужо сваіх спаўняць ня будуць. Так зробіш зь левітамі адносна іх службы».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Лічбаў, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
