Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Лічбаў 23 Лічбаў 23 разьдзел

1 Тады сказаў Білеам Балаку: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй мне столькі сама бычкоў і столькі сама бараноў».
2 Балак зрабіў так, як яму сказаў Білеам, і паклалі яны па бычку і барану на кожны ахвярнік.
3 Тады сказаў Білеам Балаку: «Пастой каля цэлапаленьня твайго, а я пайду, можа, мяне спаткае Госпад, і што мне загадае, скажу табе». Калі ён узыйшоў на лысы ўзгорак,
4 пераняў яго Бог, і сказаў Яму Білеам: «Паставіў я сем ахвярнікаў, і на кожны ахвярнік палажылі бычка і барана».
5 Тады Госпад уклаў словы ў вусны Білеама і сказаў яму: «Вярніся да Балака і гэта вось скажы».
6 Дык вярнуўся Білеам і знайшоў Балака, які стаяў каля цэлапаленьня свайго, і ўсіх князёў Маабскіх.
7 Тады сказаў ён сваё прароцтва, кажучы: «З Араму прывёў мяне Балак, з гор усходніх кароль Маабу: «Прыйдзі, кажа, і пракляні мне Якуба! Пасьпяшай і навядзі няшчасьце на Ізраэля!»
8 Як магу я праклінаць таго, каго не праклінае Бог? Як жа магу хацець каму зла, калі Бог ня хоча?
9 Я бачу яго зь вяршыні скалаў і з узгорышчаў гляджу на яго. Вось народ, каторы жыве асобна, і сярод народаў ня лічыцца.
10 Хто ж можа зьлічыць пыл Якуба, і хто палічыць пясок Ізраэля? Хай памрэ душа мая сьмерцю справядлівых ды хай будзе мой канец падобны іхняму».
11 Сказаў тады Балак Білеаму: «Што гэта, што ты робіш? Я цябе паклікаў праклінаць ворагаў маіх, а ты, наадварот, дабраславіш іх!»
12 І адказаў яму Білеам: «Ці магу я што іншае казаць? Хіба ня тое, што загадаў мне Госпад?»
13 Дык сказаў Балак: «Хадзі са мной на другое месца, адтуль толькі частку Ізраэля ўбачыш, а ўсяго ня будзеш магчы бачыць. Адтуль будзеш яго праклінаць».
14 І завёў ён яго на Поле Старажоў, на вяршыню Пісгі, і паставіў там сем ахвярнікаў, і паклаў на кожны па цяляці і барану.
15 Тады сказаў Білеам Балаку: «Пастой тут каля твайго цэлапаленьня, а я адыйдуся далей на спатканьне (з Госпадам)».
16 Калі яго пераняў Госпад, уклаў словы ў вусны ягоныя і сказаў: «Вяртайся да Балака і вось гэта скажаш яму».
17 Вярнуўшыся, знайшоў Балака, які стаяў ля цэлапаленьня свайго, і князёў Маабу зь ім, і зьвярнуўся да яго Балак: «Што гаварыў табе Госпад?»
18 А ён аб'явіў сваё прароцтва, кажучы: «Устань, Балак, і настаў вуха. Слухай, сыне Цыпора!
19 Бог — гэта не чалавек, каб ён падманваў, і ня сын чалавечы, каб памыляўся. Ці ж Ён скажа і ня зьдзейсьніць?
20 Дабраславіць прывёў Ён мяне, і ўстрымацца не магу, каб не дабраславіць.
21 Ня бачна няшчасьця ў Якуба ды не бачыцца гора ў Ізраэля. Госпад, Бог яго, зь ім, ды гоман ў яго (на славу) караля.
22 Бог вывеў яго з Эгіпту. Ён для іх як рог буйвала.
23 Няма варажбы ў Якуба, ані прадказаньняў у Ізраэля. У свой час будзе сказана Якубу і Ізраэлю, што даканае Бог.
24 Вось народ як ільвіца падымаецца ды як леў становіцца; ён ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабычы і пакуль не нап'ецца крыві забітых».
25 Тады сказаў Балак Білеаму: «Калі ты ня можаш праклінаць яго, то, прынамсі, не дабраслаў яго!»
26 А Білеам кажа: «Ці ж я табе не казаў: тое, што мне Госпад загадае, я мушу рабіць?»
27 Дык кажа Балак яму: «Хадзі, я завяду цябе на іншае месца; можа, спадабаецца Богу, што адтуль праклянеш яго?»
28 І завёў яго на вяршыню гары Пэор, што зьвернута ў бок пустыні.
29 Сказаў яму Білеам: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй столькі ж цялят і бараноў».
30 І зрабіў Балак, як яму быў сказаўшы Білеам, і паклаў бычкоў і бараноў на кожны асобны ахвярнік.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Лічбаў, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.