1 Далей казаў Госпад Майсею:
2 «Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, тады абшар, каторы вы жэрабем падзеліце на ўласнасьць, будзе ў гэтых межах.
3 Паўдзённая мяжа будзе ад пустыні Сін, уздоўж Эдому, і будзе ісьці на ўсходзе Мора Салёнага.
4 Потым зьверне на поўдзень да ўзвышша Акраббім, і далей пойдзе празь Сін на поўдзень ад Кадэш-Барнэа. Адтуль пойдзе да Хацар-Адару і далей да Ацмону.
5 Ад Ацмону паверне мяжа да ручаю Эгіпецкага і спыніцца на беразе Вялікага Мора.
6 Вашай мяжой заходняй будзе для вас Вялікае Мора, гэта будзе ваша заходняя мяжа.
7 На поўначы будзе ў вас мяжа ад Вялікага Мора пачынаючы і аж да гары Гор,
8 і ад гары Гор павядзіце мяжу да Хамату і далей, да мяжы Цэдаду.
9 Потым пойдзе мяжа да Зіфрону і Гацар-Энану. Такая будзе мяжа з поўначы.
10 Усходнюю мяжу правядзіце ад Гацар-Энану да Шэфама,
11 і ад Шэфама пойдзе мяжа ў напрамку Гарбэль на ўсход ад Аіну. Адтуль пойдзе далей праз горы на ўсход ад мора Кінэрэт,
12 потым уздоўж Ярдану і спыніцца пры Моры Салёным. Гэта будзе зямля вашая зь межамі сваімі».
13 Тады вось загадаў Майсей сынам Ізраэля: «Гэта вось зямля, каторую маеце падзяліць жэрабем, і каторую загадаў Госпад даць дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня.
14 Пакаленьне бо сыноў Рубэна па сем'ях сваіх, і пакаленьне сыноў Гада па сем'ях, і палова пакаленьня Манасы атрымалі ўжо сваю спадчыну.
15 Гэтыя два і палова пакаленьня ўзялі сваю спадчыну з тога боку Ярдану насупраць Ерыхону на ўсход».
16 І сказаў Госпад Майсею:
17 «Вось гэта імёны людзей, каторыя падзеляць вам зямлю: Элеазар сьвятар і Ешуа, сын Нуна.
18 І возьмеце па адному князю з кожнага пакаленьня, каб падзяліць зямлю на ўласнасьць.
19 Вось імёны тых людзей: з пакаленьня Юды — Калеб, сын Ефунны,
20 з пакаленьня Сымона — Шэлюміэль, сын Амігуда,
21 з пакаленьня Бэн'яміна — Элідад, сын Кісьлёна,
22 з пакаленьня Дана — Букі, сын Ёглі,
23 з сыноў Язэпа, з пакаленьня Манасы — Ханіэль, сын Эфода,
24 з пакаленьня Эфраіма — Камуэль, сын Шыфтана,
25 з пакаленьня Забулёна — Эліцафан, сын Парнаха,
26 з пакаленьня Ісахара — Пальтыэль, сын Азана,
27 з пакаленьня Асэра — Ахігуд, сын Шэломіі,
28 з пакаленьня Нэфталі — Пэдагель, сын Амігуда.»
29 Гэта вось тыя, каторым загадаў Госпад падзяліць зямлю Ханаан між сыноў Ізраэля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Лічбаў, 34 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
