Лікі 34 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

загадай сынам Ізраілевым і скажы ім: калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаанскую, дык вось зямля, якая дастанецца вам у надзел, зямля Ханаанская зь яе межамі:
 
«Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, тады абшар, каторы вы жэрабем падзеліце на ўласнасьць, будзе ў гэтых межах.

паўднёвы бок будзе ў вас ад пустыні Сін, каля Эдома, і пойдзе ў вас паўднёвая мяжа ад канца Салёнага мора з усходу,
 
Паўдзённая мяжа будзе ад пустыні Сін, уздоўж Эдому, і будзе ісьці на ўсходзе Мора Салёнага.

і пойдзе мяжа на поўдзень да ўзвышша Акравіма і пойдзе праз Сін, і будуць выступы яе на поўдзень да Кадэс-Варні, адтуль пойдзе да Гацар-Адара і пройдзе праз Ацмон;
 
Потым зьверне на поўдзень да ўзвышша Акраббім, і далей пойдзе празь Сін на поўдзень ад Кадэш-Барнэа. Адтуль пойдзе да Хацар-Адару і далей да Ацмону.

ад Ацмона пойдзе мяжа да патока Егіпецкага, і будуць выступы яе да мора;
 
Ад Ацмону паверне мяжа да ручаю Эгіпецкага і спыніцца на беразе Вялікага Мора.

а мяжою заходняю будзе ў вас вялікае мора: гэта будзе ў вас мяжа на захад;
 
Вашай мяжой заходняй будзе для вас Вялікае Мора, гэта будзе ваша заходняя мяжа.

а на поўнач будзе ў вас мяжа: ад вялікага мора правядзеце яе да гары Ор,
 
На поўначы будзе ў вас мяжа ад Вялікага Мора пачынаючы і аж да гары Гор,

ад гары Ор правядзеце да Эмата, і будуць выступы мяжы да Цэдада;
 
і ад гары Гор павядзіце мяжу да Хамату і далей, да мяжы Цэдаду.

адтуль пойдзе мяжа да Цыфрона, і выступы яе будуць да Гацар-Энана: гэта будзе ў вас мяжа паўночная;
 
Потым пойдзе мяжа да Зіфрону і Гацар-Энану. Такая будзе мяжа з поўначы.

мяжу ўсходнюю правядзеце сабе ад Гацар-Энана да Шэфама,
 
Усходнюю мяжу правядзіце ад Гацар-Энану да Шэфама,

ад Шэфама пойдзе мяжа да Рыблы, з усходняга боку Аіна, потым пойдзе мяжа і кранецца берагоў мора Кінэрэт з усходняга боку;
 
і ад Шэфама пойдзе мяжа ў напрамку Гарбэль на ўсход ад Аіну. Адтуль пойдзе далей праз горы на ўсход ад мора Кінэрэт,

і пойдзе мяжа да Ярдана, і будуць выступы яе да Салёнага мора. Гэта будзе мяжа ваша ў межах яе з усіх бакоў.
 
потым уздоўж Ярдану і спыніцца пры Моры Салёным. Гэта будзе зямля вашая зь межамі сваімі».

І загадаў Майсей сынам Ізраілевым і сказаў: вось зямля, якую вы падзеліце на надзелы па жэрабі, якую загадаў Гасподзь даць дзевяці плямёнам і палавіне племя;
 
Тады вось загадаў Майсей сынам Ізраэля: «Гэта вось зямля, каторую маеце падзяліць жэрабем, і каторую загадаў Госпад даць дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня.

бо племя сыноў Рувімавых паводле сямействаў іхніх, і племя сыноў Гадавых паводле сямействаў іхніх, і палавіна племя Манасіінага, атрымалі надзел свой;
 
Пакаленьне бо сыноў Рубэна па сем'ях сваіх, і пакаленьне сыноў Гада па сем'ях, і палова пакаленьня Манасы атрымалі ўжо сваю спадчыну.

два плямёны і палавіна племя атрымалі надзел свой за Ярданам насупраць Ерыхона на ўсход.
 
Гэтыя два і палова пакаленьня ўзялі сваю спадчыну з тога боку Ярдану насупраць Ерыхону на ўсход».

І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
 
І сказаў Госпад Майсею:

вось імёны мужоў, якія будуць дзяліць вам зямлю: Элеазар сьвятар і Ісус, сын Наваў;
 
«Вось гэта імёны людзей, каторыя падзеляць вам зямлю: Элеазар сьвятар і Ешуа, сын Нуна.

і па адным князі ад племя вазьмеце для падзелу зямлі.
 
І возьмеце па адному князю з кожнага пакаленьня, каб падзяліць зямлю на ўласнасьць.

І вось імёны гэтых мужоў: для племя Юдавага Халеў, сын Ефаніін;
 
Вось імёны тых людзей: з пакаленьня Юды — Калеб, сын Ефунны,

для племя сыноў Сымонавых Самуіл, сын Аміудаў;
 
з пакаленьня Сымона — Шэлюміэль, сын Амігуда,

для племя Веньямінавага Элідад, сын Кіслонаў;
 
з пакаленьня Бэн'яміна — Элідад, сын Кісьлёна,

для племя сыноў Данавых князь Букій, сын Ёгліі;
 
з пакаленьня Дана — Букі, сын Ёглі,

для сыноў Язэпавых, для племя сыноў Манасііных князь Ханііл, сын Эфодаў;
 
з сыноў Язэпа, з пакаленьня Манасы — Ханіэль, сын Эфода,

для племя сыноў Яфрэмавых князь Кемуіл, сын Шыфтанаў;
 
з пакаленьня Эфраіма — Камуэль, сын Шыфтана,

для племя сыноў Завулонавых князь Эліцафан, сын Фарнакаў;
 
з пакаленьня Забулёна — Эліцафан, сын Парнаха,

для племя сыноў Ісахаравых князь Фалтыіл, сын Азанаў;
 
з пакаленьня Ісахара — Пальтыэль, сын Азана,

для племя сыноў Асіравых князь Ахіуд, сын Шэломія;
 
з пакаленьня Асэра — Ахігуд, сын Шэломіі,

для племя сыноў Нэфталімавых князь Пэдаіл, сын Аміудаў;
 
з пакаленьня Нэфталі — Пэдагель, сын Амігуда.»

вось тыя, каму загадаў Гасподзь падзяліць надзелы сынам Ізраілевым у зямлі Ханаанскай.
 
Гэта вось тыя, каторым загадаў Госпад падзяліць зямлю Ханаан між сыноў Ізраэля.