Лікі 21 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Ханаанскі цар Арада, які жыў на поўдні, пачуўшы, што Ізраіль ідзе дарогаю ад Атарыма, уступіў у бітву зь Ізраільцянамі і некалькіх зь іх узяў у палон.
 
Кароль Араду, Хананеец, пражываючы ў Нэгэбе, даведаўся, што Ізраэльцы надыходзяць дарогай ад Атарыму, і напаў ён на Ізраэля, і ўзяў палоньнікаў.

І даў Ізраіль абяцаньне Госпаду і сказаў: калі аддасі народ гэты ў рукі мае, дык накладу заклён на гарады іхнія.
 
Тады Ізраэль шлюбаваў Госпаду ў гэтыя словы: «Калі Ты выдасі народ гэты ў нашыя рукі, то мы збурым гарады ягоныя».

Гасподзь пачуў голас Ізраіля і аддаў Хананэяў у рукі яму, і ён паклаў заклён на іх і на гарады іхнія і даў імя месцу таму: Хорма.
 
І выслухаў Госпад малітву Ізраэля, і даў яму Хананейцаў, каторых яны выбілі, і збурылі гарады іхнія, і назвалі месца тое Харма.

Ад гары Ор выправіліся яны дарогаю Чэрмнага мора, каб абмінуць зямлю Эдома. І пачаў маладушнічаць народ у дарозе,
 
З гары Гор ішлі яны ў напрамку Чырвонага мора, каб абыйсьці зямлю Эдому. І ў час дарогі народ страціў цярплівасьць.

і гаварыў народ супроць Бога і супроць Майсея: навошта вывелі вы нас зь Егіпта, каб памерці ў пустыні, бо тут няма ні хлеба, ні вады, і душы нашай абрыдла нягодная ежа.
 
І пачалі яны наракаць на Бога і Майсея, і казалі: «Навошта вы вывелі нас з Эгіпту, каб мы памерлі ў пустыні? Няма хлеба, няма вады. Абрыдла ўжо нам гэтая марная яда».

І паслаў Гасподзь на народ ядавітых зьмеяў, якія джгалі народ, і памерла мноства народу зь Ізраілевых.
 
Таму паслаў Госпад на народ ядавітых зьмеяў, каторыя кусалі народ, і памерла многа народу зь Ізраэля.

І прыйшоў народ да Майсея і сказаў: зграшылі мы, што гаварылі супроць Госпада і супроць цябе; памаліся Госпаду, каб ён адвёў ад нас зьмеяў. І памаліўся Майсей за народ.
 
Дык прыйшоў народ да Майсея і жаліўся: «Саграшылі мы, бо блявузгалі супраць Госпада і супраць цябе. Маліся да Госпада, каб забраў Ён ад нас гэтых зьмеяў». Дык маліўся Майсей за народ.

І сказаў Гасподзь Майсею: зрабі сабе зьмея і выставі яго на сьцяг, і ўкушаны, зірнуўшы на яго, застанецца жывы.
 
І сказаў Госпад яму: «Зрабі мядзянага зьмея і падымі яго на жэрдцы. Калі хто ўкушаны гляне на яго, будзе жыць».

І зрабіў Майсей меднага зьмея і выставіў яго на сьцяг, і калі зьмяя кусала чалавека, ён, зірнуўшы на меднага зьмея, заставаўся жывы.
 
І зрабіў Майсей мядзянага зьмея, і памясьціў яго на жэрдцы, і хто быў укушаны зьмеямі, глянуўшы на мядзянага зьмея, здаравеў.

І выправіліся сыны Ізраілевыя і спыніліся ў Авоце;
 
Адтуль выйшлі сыны Ізраэля і расклаліся табарам у Абоце.

і выправіліся з Авота і спыніліся ў Іў-Аварыме, у пустыні, што насупраць Маава, на ўсход сонца;
 
З Аботу накіраваліся далей і расклаліся табарам пад Іе-Гаабарымам у пустыні на ўсход ад Маабу.

адтуль выправіліся і спыніліся ў даліне Зарэд;
 
Адтуль пайшлі далей і затрымаліся ў лагчыне ручая Зарэд.

выправіўшыся адтуль, спыніліся ў той частцы Арнона ў пустыні, якая цячэ за межамі Амарэя, бо Арнон мяжа Маава, паміж Маавам і Амарэем.
 
Пакінуўшы яго, расклаліся табарам за ракою Арнон, каторая цячэ праз пустыню, пачынаючыся зь зямлі Амарэйцаў. Арнон бо творыць мяжу між Маабцамі і Амарэйцамі.

Таму і сказана ў кнізе змаганьняў Гасподніх:
 
Таму вось сказана ў Кнізе войнаў Госпада: «Вагэб каля Суфа і ручаёў Арнону.

Вагеб у Суфе і патокі Арнона, і вярхоўе патоку, якое схіляецца да Шабэт-Ару і прымыкае да межаў Маава.
 
Схіл ручаёў сягае аж да мясцовасьці Ар і прылягае аж да межаў Маабу».

Адсюль да Баэр; гэта той калодзеж, пра які Гасподзь сказаў Майсею: зьбяры народ, і дам ім вады.
 
Адгэтуль рушылі ў Бээр. Гэта тая студня, аб каторай сказаў Госпад Майсею: «Зьбяры народ, і Я дам ім вады».

Тады засьпяваў Ізраіль песьню гэтую: напаўняйся, калодзеж, сьпявайце яму;
 
Тады засьпявалі Ізраэльцы гэтую песьню: «Напаўняйся, студня, сьпявайце аб ёй!

калодзеж, які выкапалі князі, выкапалі правадыры народу з законаўстаноўцам посахамі сваімі. З пустыні ў Матану,
 
Студня, якую выкапалі князі ды начальнікі народу, выразалі скіперам і кіямі сваімі». З пустыні яны вырушылі ў Матану,

з Матаны ў Нагалііл, з Нагалііла ў Вамот,
 
з Матаны ў Нааліэль, з Нааліэля ў Бамот,

з Вамота ў Гай, што ў зямлі Маава, на вяршыні гары Фасгі, павернутай відам да пустыні.
 
з Бамоту ў лагчыну, каторая ў зямлі Маабу, каля вяршыні гары Пісга, што ўзвышаецца над пустыняй.

І паслаў Ізраіль паслоў да Сігона, цара Амарэйскага, каб сказаць:
 
Вось жа паслаў Ізраэль паслоў да Сыгона, караля Амарэйцаў, каб яму сказаць:

дазволь мне прайсьці зямлёю тваёю; ня будзем заходзіць на палі і ў вінаграднікі, ня будзем піць вады з калодзежаў, а пойдзем дарогаю царскаю, пакуль не пяройдзем межаў тваіх.
 
«Прашу, дазволь мне прайсьці празь зямлю тваю; ня збочым мы на палі і на вінаграднікі, ня будзем піць са студняў, пакуль ня пройдзем твае межы».

Але Сігон не дазволіў ісьці праз свае межы; і сабраў Сігон увесь народ свой і выступіў супроць Ізраіля ў пустыню, і дайшоў да Яацы і ўступіў у бітву зь Ізраілем.
 
Але Сыгон не дазволіў Ізраэлю прайсьці праз свае межы. Ён сабраў усё сваё войска і пераняў іх у пустыні, прыйшоў у Ягцу і напаў на Ізраэля.

І пабіў яго Ізраіль мечам і ўзяў у валоданьне зямлю ягоную ад Арнона да Явока, да межаў Аманіцкіх, бо моцныя былі межы Аманіцянаў;
 
Паканаў аднак яго Ізраэль мячом і заняў зямлю яго ад Арнону аж да Ябоку, аж да (зямлі) сыноў Амона, бо моцнай абаронай былі заагледжаны межы сыноў Амона.

і ўзяў Ізраіль усе гарады гэтыя, і жыў Ізраіль ва ўсіх гарадах Амарэйскіх, у Эсэвоне і ва ўсіх залежных ад яго;
 
І авалодаў Ізраэль усімі тымі гарадамі, і абжыўся ў гарадах Амарэйцаў, у Хешбоне і ў-ва ўсіх ваколіцах.

бо Эсэвон быў горад Сігона, цара Амарэйскага, і ён ваяваў з ранейшым царом Маавіцкім і ўзяў з рук ягоных усю зямлю ягоную да Арнона.
 
Хешбон быў сталіцай Сыгона, караля Амарэйцаў, каторы ваяваў з папярэднім каралём Маабу і заваяваў у яго ўсю зямлю аж да Арнону.

Таму і гаворыцца ў вершах: Ідзеце ў Эсэвон, хай уладзяць і ўмацуюць горад Сігонаў,
 
Таму гаворыцца ў прыказцы: «Ідзіце ў Хешбон! Няхай будзе адбудаваны і ўмацаваны горад Сыгона!

бо выйшаў агонь зь Эсэвона, полымя з горада Сігонавага, і зжэр яго Мааў і валадароў вышыняў Арнона.
 
Вось, агонь шугануў з Хешбону, полымя з гораду Сыгона, і спаліў Ар-Мааб і праглынуў узгорышчы Арнона.

Гора, Мааве, табе! загінуў ты, Хамосаў народзе! Паразьбягаліся сыны ягоныя, і дочкі яго зрабіліся паланянкамі Амарэйскага цара Сігона;
 
Гора табе, Мааб; прапаў ты, народ Хамоша! Змусіў ён сыноў тваіх да ўцёкаў, а дачок тваіх (даў) у палон Сыгону, каралю Амарэйцаў.

мы пабілі іх стрэламі; загінуў Эсэвон да Дывона, мы спустошылі іх да Нофы, што паблізу Мэдэвы.
 
Пусьцілі мы стрэлы ў іх, загінуў Хешбон аж да Дыбону. Зьнішчылі мы ўсё аж да Нофы ды аж да Мэдэбы».

І жыў Ізраіль у зямлі Амарэйскай.
 
Так абжыўся Ізраэль у зямлі Амарэйцаў.

І паслаў Майсей агледзець Язэр, і ўзялі селішчы, залежныя ад яго, і прагналі Амарэяў, якія былі ў іх.
 
Пасьля паслаў Майсей выведчыкаў, каб агледзелі Язэр. І яны здабылі яго разам з вакалічнымі мясцовасьцямі, а Амарэйцаў, каторыя былі там, выгналі.

І павярнуліся і пайшлі да Васана. І выступіў супроць іх Ог, цар Васанскі, сам і ўвесь народ ягоны, на бітву да Эдрэі.
 
Далей павярнуліся і пайшлі ў бок Башану. Пераняў іх Ог, кароль Башану, з усім сваім народам у Эдрэі, каб ваяваць зь імі.

І сказаў Гасподзь Майсею: ня бойся яго, бо Я аддам яго і ўвесь народ ягоны і ўсю зямлю ягоную ў рукі твае, і зробіш зь ім, як зрабіў зь Сігонам, царом Амарэйскім, які жыў у Эсэвоне.
 
Госпад сказаў Майсею: «Ня бойся яго, бо аддаў Я яго ў твае рукі, яго і ўвесь народ, і зямлю ягоную, і ты зробіш зь ім так, як зрабіў з Сыгонам, каралём Амарэйцаў, што сядзеў у Хешбоне».

І пабілі яны яго і сыноў ягоных і ўвесь народ ягоны, так што ніводнага не засталося, і завалодалі зямлёю ягонай.
 
Дык пабілі яны яго і сыноў ягоных, ды ўвесь народ ягоны, аж нікога не засталося зь іх, і завалодалі зямлёй ягонай.