Лікі 34 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Далей казаў Госпад Майсею, гаворачы:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

«Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю гэтую Ханаан, тады абшар, які выпадзе па жэрабі вам ва ўласнасць, хай будзе ў гэтых межах.
 
«Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, тады абшар, каторы вы жэрабем падзеліце на ўласнасьць, будзе ў гэтых межах.

Паўднёвая мяжа хай будзе ад пустыні Сін, уздоўж Эдома, і хай мяжуецца на ўсходзе з морам Салёным.
 
Паўдзённая мяжа будзе ад пустыні Сін, уздоўж Эдому, і будзе ісьці на ўсходзе Мора Салёнага.

Хай яны звернуць на поўдзень да ўзвышша Акрабім, каб, такім чынам, пайсці праз Сін і дасягнуць на поўдні Кадэс-Барнэ, а адтуль выйсці да Асарадара і дайсці аж да Асэмона.
 
Потым зьверне на поўдзень да ўзвышша Акраббім, і далей пойдзе празь Сін на поўдзень ад Кадэш-Барнэа. Адтуль пойдзе да Хацар-Адару і далей да Ацмону.

Ад Асэмона хай паверне мяжа да ручая Егіпецкага і спыніцца хай на беразе Вялікага мора.
 
Ад Ацмону паверне мяжа да ручаю Эгіпецкага і спыніцца на беразе Вялікага Мора.

Вашай мяжой заходняй хай будзе Вялікае мора, гэта будзе ваша заходняя мяжа.
 
Вашай мяжой заходняй будзе для вас Вялікае Мора, гэта будзе ваша заходняя мяжа.

А на поўначы хай будзе ў вас мяжа, пачынаючы ад Вялікага мора і аж да гары Гор,
 
На поўначы будзе ў вас мяжа ад Вялікага Мора пачынаючы і аж да гары Гор,

ад якой павядзіце мяжу да ўваходу ў Эмат і далей, да межаў Сэдада.
 
і ад гары Гор павядзіце мяжу да Хамату і далей, да мяжы Цэдаду.

Потым хай пойдзе мяжа да Зэфрона і Асарэнона. Такія хай будуць межы з поўначы.
 
Потым пойдзе мяжа да Зіфрону і Гацар-Энану. Такая будзе мяжа з поўначы.

Усходнюю мяжу правядзіце ад Асарэнона да Сэпама,
 
Усходнюю мяжу правядзіце ад Гацар-Энану да Шэфама,

і ад Сэпама хай пойдзе мяжа ў напрамку Рэблы на ўсход ад Аіна, адтуль хай пойдзе далей і дасягне на ўсходзе боку мора Кінэрэт,
 
і ад Шэфама пойдзе мяжа ў напрамку Гарбэль на ўсход ад Аіну. Адтуль пойдзе далей праз горы на ўсход ад мора Кінэрэт,

і працягнецца аж да Ярдана, і спыніцца, нарэшце, пры моры Салёным. Гэта хай будзе зямля вашая з межамі сваімі вакол”».
 
потым уздоўж Ярдану і спыніцца пры Моры Салёным. Гэта будзе зямля вашая зь межамі сваімі».

І, кажучы, загадаў Майсей сынам Ізраэля: «Гэта хай будзе зямля, якую маеце падзяліць па жэрабі і якую загадаў Госпад даць дзевяці пакаленням і палове пакалення.
 
Тады вось загадаў Майсей сынам Ізраэля: «Гэта вось зямля, каторую маеце падзяліць жэрабем, і каторую загадаў Госпад даць дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня.

Бо пакаленне сыноў Рубэна па сем’ях сваіх, і пакаленне сыноў Гада па ліку родаў, і палова пакалення Манасы атрымалі ўжо сваю ўласнасць;
 
Пакаленьне бо сыноў Рубэна па сем'ях сваіх, і пакаленьне сыноў Гада па сем'ях, і палова пакаленьня Манасы атрымалі ўжо сваю спадчыну.

гэтыя два і палова пакаленні ўзялі сваю ўласнасць па той бок Ярдана насупраць Ерыхона на ўсходзе».
 
Гэтыя два і палова пакаленьня ўзялі сваю спадчыну з тога боку Ярдану насупраць Ерыхону на ўсход».

І сказаў Госпад Майсею:
 
І сказаў Госпад Майсею:

«Гэта імёны людзей, якія падзеляць вам зямлю: Элеязэр святар, і Ешуа, сын Нуна,
 
«Вось гэта імёны людзей, каторыя падзеляць вам зямлю: Элеазар сьвятар і Ешуа, сын Нуна.

і адзін князь з кожнага пакалення, каб падзяліць зямлю ва ўласнасць,
 
І возьмеце па адному князю з кожнага пакаленьня, каб падзяліць зямлю на ўласнасьць.

імёны якіх наступныя: з пакалення Юды — Калеб, сын Ефоны;
 
Вось імёны тых людзей: з пакаленьня Юды — Калеб, сын Ефунны,

з пакалення Сімяона — Самуэль, сын Аміюда;
 
з пакаленьня Сымона — Шэлюміэль, сын Амігуда,

з пакалення Бэньяміна — Элідад, сын Хаселона;
 
з пакаленьня Бэн'яміна — Элідад, сын Кісьлёна,

з пакалення сыноў Дана — Бокцы, сын Ёглі.
 
з пакаленьня Дана — Букі, сын Ёглі,

З сыноў Язэпа: з пакалення Манасы — Ханіэль, сын Эфода;
 
з сыноў Язэпа, з пакаленьня Манасы — Ханіэль, сын Эфода,

з пакалення Эфраіма — Кемуэль, сын Сэфтана.
 
з пакаленьня Эфраіма — Камуэль, сын Шыфтана,

З пакалення Забулона — Элісафан, сын Парнаха;
 
з пакаленьня Забулёна — Эліцафан, сын Парнаха,

з пакалення Ісахара — кіраўнік Палціэль, сын Азана;
 
з пакаленьня Ісахара — Пальтыэль, сын Азана,

з пакалення Асэра — Ахіюд, сын Саломі;
 
з пакаленьня Асэра — Ахігуд, сын Шэломіі,

з пакалення Нэфталі — Пэдаэль, сын Аміюда».
 
з пакаленьня Нэфталі — Пэдагель, сын Амігуда.»

Вось тыя, каму загадаў Госпад падзяліць зямлю Ханаан між сыноў Ізраэля.
 
Гэта вось тыя, каторым загадаў Госпад падзяліць зямлю Ханаан між сыноў Ізраэля.