Лікі 9 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

У першы месяц другога года па выхадзе з Егіпта сказаў Госпад Майсею ў пустыні Сінай, гаворачы:
 
У першы месяц другога году па выхадзе з Эгіпту сказаў Госпад Майсею ў пустыні Сынай:

«У свой час сыны Ізраэля павінны святкаваць Пасху:
 
«У вызначаны час Ізраэльцы павінны сьвяткаваць Пасху.

у чатырнаццаты дзень гэтага месяца ўвечары па ўсіх загадах і звычаях яго».
 
Будзеце яе сьвяткаваць чатырнаццатага дня гэтага месяца вечарам паводле ўсіх адносна яе законаў і звычаяў».

І загадаў Майсей сынам Ізраэля спраўляць Пасху.
 
Загадаў вось Майсей сынам Ізраэля спраўляць Пасху.

Яны спраўлялі свята ў свой час у чатырнаццаты дзень месяца ўвечары ў пустыні Сінай; паводле ўсяго таго, што загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі сыны Ізраэля.
 
Дык яны і спраўлялі Пасху ў свой час у чатырнаццаты дзень месяца вечарам у пустыні Сынай. Паводле ўсяго таго, што загадаў Госпад Майсею, рабілі сыны Ізраэля.

І вось, хтосьці, нячысты дзеля дакранання да нябожчыка, хто не мог у той час святкаваць Пасху, падышоў да Майсея і Аарона
 
Вось жа знайшліся людзі, каторыя дзеля дакрананьня нябожчыка сталіся нячыстымі і не маглі ў той дзень спраўляць Пасху, дык прыйшлі яны да Майсея і Аарона,

і сказаў ім: «Мы нячыстыя дзеля дакранання да нябожчыка, і чаму нам адмаўляюць у тым, каб мы маглі сярод сыноў Ізраэля ў свой час скласці ахвяру Госпаду?»
 
і сказалі ім: «Мы нячыстыя дзеля дакрананьня нябожчыка, але дзеля чаго мы пазбаўлены таго, каб спаміж сыноў Ізраэля ў вызначаны час маглі скласьці ахвяры Госпаду?»

Майсей ім адказаў: «Пачакайце, даведаюся, што адносна вас загадае Госпад».
 
Майсей ім адказаў: «Пачакайце, даведаюся, што адносна вас загадае Госпад».

І адказаў Госпад Майсею, гаворачы:
 
Адказаў Госпад Майсею гэтак:

«Скажы сынам Ізраэля: “Чалавек з вас ці з нашчадкаў вашых, які стаўся нячыстым дзеля нябожчыка або дзеля далёкай дарогі, павінен спраўляць Пасху
 
«Скажы сынам Ізраэля: Чалавек з вас ці з патомкаў вашых, каторы стаўся нячыстым дзеля нябожчыка або дзеля далёкай дарогі, павінен спраўляць Пасху

ў чатырнаццаты дзень другога месяца ўвечары; з прэсным хлебам і горкімі травамі хай спажываюць Пасху.
 
ў чатырнаццаты дзень другога месяца вечарам; з прэсным хлебам і горкімі травамі хай яе спажываюць.

Хай не пакідаюць з яе анічога да раніцы, таксама косткі яе хай не ламаюць: хай увесь парадак Пасхі захоўваюць.
 
Хай не пакідаюць зь яе анічога да раніцы, таксама косткі яе ня будуць ламаць. Хай увесь парадак Пасхі дакладна захаваюць.

Калі ж хто чысты і не ў дарозе, аднак Пасхі не спраўляе, хай вынішчана будзе душа тая з народа свайго, бо ён не склаў ахвяру Госпаду ў свой час: ён сам будзе несці грэх свой.
 
Калі ж хто чысты і не ў дарозе, а аднак Пасхі не спраўляе, вынішчана будзе душа тая з народу свайго, бо ён ня склаў ахвяры Госпаду ў свой час. Ён сам адкажа за грэх свой.

Таксама падарожнік і чужаземец, калі б такія жылі ў вас, хай спраўляюць Пасху паводле загадаў і звычаяў яе; загад той самы будзе ў вас і для чужаземца, і для тутэйшага”».
 
Падарожнік і прыбылец, калі б такія жылі б у вас, хай спраўляюць Пасху паводле закону і звычаяў Пасхі. Загад той самы будзе ў вас і чужынцу, і тутэйшаму».

Такім чынам, у дзень, у які была пастаўлена скінія, воблака накрыла скінію разам з палаткай сведчання; і ад вечара аж да раніцы заставалася над скініяй у выглядзе агню.
 
У дзень, у каторы была пастаўлена Скінія, воблака накрыла Скінію разам з Палаткай Сьведчаньня, ды ад вечара да раніцы заставалася над Скініяй у выглядзе агня.

І так было заўсёды: удзень пакрывала яе воблака, а ўночы — быццам бляск агню.
 
І так было заўсёды: днём пакрывала яе воблака, а ноччу — як бы бляск агню.

І калі воблака, якое пакрывала скінію, уздымалася над скініяй, тады сыны Ізраэля адпраўляліся ў дарогу, а на тым месцы, дзе воблака затрымлівалася, там станавіліся лагерам.
 
Калі воблака, каторае пакрывала Скінію, падымалася над Скініяй, тады сыны Ізраэля выходзілі ў паход, а на тым месцы, дзе затрымоўвалася, там раскладаліся табарам.

На загад Госпада адпраўляліся ў дарогу і на Яго загад станавіліся лагерам. Усе дні, у якія воблака стаяла над скініяй, яны заставаліся на адным і тым жа месцы.
 
На загад Госпада выходзілі яны ў дарогу і на Ягоны загад раскладаліся табарам. Усе дні, у якія воблака стаяла над Скініяй, яны заставаліся ў тым самым месцы.

І калі здаралася, што воблака доўгі час заставалася над скініяй, сыны Ізраэля былі пад аховай Госпада і не адпраўляліся ў дарогу;
 
Вось жа здаралася, што воблака доўгі час трымалася над Скініяй, і сыны Ізраэля па волі Госпада не выходзілі ў дарогу.

калі воблака кароткі час стаяла над скініяй, яны па загадзе Госпада зварочвалі палаткі і па Яго загадзе пакідалі гэтае месца.
 
Але здаралася таксама, што воблака кароткі час стаяла над Скініяй, і сыны Ізраэля па волі Госпада раскладаліся табарам і па тым жа загадзе рушылі ў дарогу.

Калі воблака стаяла ад вечара да раніцы, а на світанні адразу ж пакідала скінію, то і яны адпраўляліся ў дарогу; а калі воблака адыходзіла праз дзень і ноч, яны зварочвалі палаткі.
 
Было і так, што воблака стаяла ад вечара да раніцы, а на раніцы падымалася, тады і яны зьбіраліся ў дарогу. Часам стаяла воблака дзень і ноч, і як толькі яно падымалася, яны зараз жа выходзілі ў дарогу.

А калі воблака не падымалася над скініяй два дні, або адзін месяц, або большы тэрмін, то і сыны Ізраэля заставаліся на адным і тым жа месцы і не пускаліся яны ў дарогу.
 
Вось жа калі два дні, або месяц, або некалькі дзён стаяла воблака над Скініяй, то і сыны Ізраэля стаялі і не зьбіраліся ў дарогу.

Па волі Госпада яны ставілі палаткі і па волі Яго адпраўляліся ў дарогу; і былі яны пад аховай Госпада згодна загадам, дадзеным праз Майсея.
 
Па волі Госпада раскладаліся табарам, і на слова Госпада выпраўляліся ў паход; трымаліся яны волі Госпада і загадаў, даваных праз Майсея.