Лікі 3 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Гэта пакаленні Аарона і Майсея ў дзень, калі прамаўляў Госпад да Майсея на гары Сінай.
 
Вось такі радавод Аарона і Майсея, калі прамаўляў Госпад да Майсея на гары Сынай.

І гэта імёны сыноў Аарона: першародны яго Надаб, потым Абігу, і Элеязэр, і Ітамар:
 
Вось гэтыя імёны сыноў Аарона: перашароднік Надаб, потым Абігу, і Элеазар, і Ітамар.

гэта імёны сыноў Аарона, святароў, каб спаўняць святарскую службу.
 
Вось гэта імёны сыноў Аарона, памазаных сьвятароў, пасьвечаных, каб спаўнялі сьвятарскую службу.

Але Надаб і Абігу памерлі перад абліччам Госпада ў пустыні Сінай, прынеслі чужы агонь, і памерлі яны бяздзетныя; і выконвалі святарскую службу перад бацькам сваім, Ааронам, Элеязэр і Ітамар.
 
Але Надаб і Абігу памерлі перад абліччам Госпада ў пустыні Сынай, калі хацелі скласьці ў ахвяру чужы агонь, ды памерлі яны бязьдзетныя, дык спаўнялі сьвятарскую службу на віду бацькі свайго, Аарона, Элеазар і Ітамар.

І прамовіў Госпад да Майсея, кажучы:
 
Прамовіў зноў Госпад да Майсея, кажучы:

«Прывядзі пакаленне Леві і пастаў яго перад Ааронам святаром, каб яны паслугавалі яму
 
«Прывядзі пакаленьне Левія і пастаў яго на віду Аарона сьвятара, хай яны паслугуюць яму.

і рупіліся аб усім, што тычыцца яго і ўсёй грамады ля палаткі сустрэчы, каб выконваць службу пры скініі,
 
Хай рупяцца пра ўсё, што належыцца яму ды ўсёй супольнасьці адносна Палаткі Сустрэчы, каб выконваць службу пры Скініі,

і каб захоўвалі прыналежнасці палаткі сустрэчы, спаўняючы абавязкі сыноў Ізраэля, выконваючы службу пры скініі.
 
і хай захоўваюць усе прыналежнасьці Палаткі Сустрэчы, спаўняючы абавязкі сыноў Ізраэля, каб выконваць службу пры Скініі.

І аддай левітаў як дарунак Аарону і сынам яго, каму яны будуць дадзены ад сыноў Ізраэля;
 
Аддай левітаў Аарону і сынам ягоным, хай яны будуць дадзеныя яму з сыноў Ізраэля.

а Аарона і сыноў яго пастаў наглядчыкамі над службаю святарскай. Калі хто чужы прыступіць да службы, той хай будзе пакараны смерцю».
 
А Аарона і сыноў яго пастаў наглядчыкамі над службаю сьвятарскай. Калі б хто чужы прыступіў да службы, мае быць пакараны сьмерцю».

І казаў Госпад Майсею, кажучы:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

«Вось, Я вылучыў левітаў з сыноў ізраэльскіх замест усіх першародных, якія адкрываюць улонне маці сярод сыноў Ізраэля, таму левіты будуць Маімі.
 
«Вось жа Я выдзяліў левітаў спасярод сыноў Ізраэльскіх на месца ўсіх першародных, народжаных з улоньня маткі, таму левіты будуць Маімі.

Бо Мой кожны першародны з часу, калі ў зямлі Егіпецкай ударыў Я ўсіх пешародных, пасвяціў Я Сабе ўсё, што нараджаецца першародным у Ізраэлі, ад чалавека аж да жывёлы, яны Мае! Я — Госпад!»
 
Мой бо кожны першародны. У той дзень, калі ў зямлі Эгіпецкай выбіў Я ўсё пешароднае, пасьвяціў Я Сабе ўсё першароднае ў Ізраэля, пачынаючы ад чалавека аж да жывёлы. Яны ўсе Мае! Я Госпад!»

І казаў Госпад Майсею ў пустыні Сінай, кажучы:
 
Гаварыў далей Госпад Майсею на гары Сынай:

«Палічы сыноў Леві па сем’ях бацькоў іх і плямёнах, усіх мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй».
 
«Палічы сыноў Левія па сем'ях іх і плямёнах іх, усіх мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй».

Палічыў іх Майсей, як загадаў Госпад, і былі названы сыны Леві па імёнах іх;
 
Дык палічыў іх Майсей, як загадаў яму Госпад.

а вось імёны сыноў Леві: Гэрсон, Кагат і Мэрары.
 
І вось імёны сыноў Левія: Гершон, Кегат і Мэрары.

А вось імёны сыноў Гэрсона па родах іх: Лобні і Сямэй;
 
А вось імёны сыноў Гершона па родах іх: Лібні і Шымэй.

сыны Кагата па родах іх: Амрам і Ісаар, Геброн і Азіэль;
 
Сыны Кегата па родах іх: Амрам, Іцгар, Геброн і Узіэль.

сыны Мэрары па родах іх: Махалі і Мусі. Вось жа гэтыя роды Леві па сем’ях бацькоў іх.
 
Сыны Мэрары па родах іх: Махлі і Мушы. Вось жа гэта роды Левія па сем'ях бацькоў іх.

Ад Гэрсона паходзяць сям’я Лобні і сям’я Сямэя,
 
Ад Гершона паходзяць сям'я Лібні і сям'я Шымэя.

усіх людзей мужчынскага полу, якіх ад аднаго месяца і вышэй было налічана сем тысяч пяцьсот.
 
Лічба сьпісаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — сем тысячаў пяцьсот.

Яны размяшчаюцца лагерам за скініяй на захадзе
 
Яны будуць разьмяшчацца за Скініяй на захад.

пад кіраўніцтвам Эліясафа, сына Лаэля;
 
Галавой роду Гершона быў Эліясаф, сын Ляэля.

яны ахоўваюць у палатцы сустрэчы саму скінію, палатку, яе пакрыццё, а таксама пакрывала, што нацягваецца пры ўваходзе ў палатку сустрэчы
 
Сынам Гершона ў Палатцы Сустрэчы была даручана сама Скінія, Палатка і яе пакрыцьцё, а таксама заслона пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы.

і пакрывала панадворка, а таксама пакрывала, што нацягваецца пры ўваходзе ў панадворак, які акружае скінію і ахвярнік, і вяроўкі, патрэбныя для ўсякай службы.
 
Далей заслоны панадворку, а таксама заслона пры выхадзе на панадворак, каторы акружае Скінію і ахвярнік, а наастатак вяроўкі, патрэбныя для службы.

Кагат мае сем’і: Амрама і Ісаара, Геброна і Азіэля; гэта сем’і Кагатавы.
 
Ад Кэгата паходзяць сем'і: Амрама і Іцгара, Геброна і Узіэля. Гэта вось сем'і Кегатавы.

Усе мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй — восем тысяч шэсцьсот — апекавалі скінію.
 
Усіх мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — восем тысячаў шэсьцьсот; яны мелі апекавацца Скініяй.

Сем’і сыноў Кагата размясціліся лагерам на паўднёвым баку скініі,
 
Сем'і Кегата раскладалі табар з паўднёвага боку Скініі.

і кіраўніком іх быў Элісафан, сын Азіэля.
 
Галавой роду Кегата быў Эліцафан, сын Узіэля.

І рупіліся яны пра каўчэг, і стол, і падсвечнік, пра ахвярнік і прылады свяцілішча, прызначаныя на службу Божую, і пра пакрывала, і ўсе прыналежнасці ўсякага роду.
 
Мелі яны рупіцца пра каўчэг, стол, сьвечнік, ахвярнікі, а таксама пра прылады Скініі, прызначаныя на службу Божую, наастатак пра заслоны і абслугу яе.

А кіраўніком над кіраўнікамі сем’яў левітаў быў Элеязэр, сын Аарона святара, ён наглядаў за тымі, што ахоўвалі свяцілішча.
 
Начальнікам князёў сем'яў левітаў быў Элеазар, сын Аарона сьвятара. Ён наглядаў за тымі, што спаўнялі службы ў сьвятыні.

А вось ад Мэрары паходзілі сем’і Махалі і Мусі; гэта сем’і Мэраравы.
 
Ад Мэрары паходзяць сем'і Махлі і Мушы; гэта сем'і Мэрарыевыя.

Усіх мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй — шэсць тысяч дзвесце;
 
Поўны лік сьпісаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — шэсьць тысячаў дзьвесьце.

кіраўніком сем’яў Мэрары быў Сурыэль, сын Абігаіля. Яны размясцілі лагер на паўночным баку скініі.
 
Галавой сем'яў Мэрары быў Цурыэль, сын Абігаіля. Яны ставілі табар з паўночнага боку Скініі.

Пад аховаю іх былі: дошкі скініі, і жэрдкі, і слупы, і падножжы іх, і ўсе прыналежнасці яе, і ўсё, што мае дачыненне да ўсякага роду службы,
 
Сынам Мэрары даручаны былі дошкі Скініі, іхнія папярочкі, слупкі разам з падставамі і ўсе рэчы, патрэбныя для ейнай абслугі,

і слупы панадворка з усіх бакоў з падножжамі іх, і калкі з вяроўкамі.
 
і слупкі панадворку з усіх бакоў, і іхнія падставы, і колцы іх зь вяроўкамі.

А з пярэдняга боку скініі, перад палаткай сустрэчы, на ўсход ставілі палаткі Майсей, і Аарон, і сыны яго, якім даручана святыня ад імя сыноў Ізраэля. Калі б хто наблізіўся чужы, мае быць пакараны смерцю.
 
А зь пярэдняга боку Скініі, на ўсход перад Палаткай Сустрэчы стаўлялі палаткі Майсей, і Аарон, і сыны яго, каторым даручана сьвятыня ад імя сыноў Ізраэля. Калі б хто наблізіўся чужы, меў быць пакараны сьмерцю.

Усіх левітаў, якіх палічыў Майсей па загадзе Госпада, мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй было дваццаць дзве тысячы.
 
Поўная лічба левітаў, сьпісаных Майсеем па загаду Госпада, мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — дваццаць дзьве тысячы.

І сказаў Госпад Майсею: «Палічы ўсіх першародных мужчынскага полу з сыноў Ізраэлевых у гадах ад аднаго месяца і вышэй, палічы іх агульную колькасць;
 
І загадаў Госпад Майсею: «Падлічы ўсіх першародных мужчынаў Ізраэльцаў у гадах ад аднаго месяца і вышэй, палічы іх паіменна,

і вазьмі левітаў для Мяне як замену ўсіх першародных з сыноў Ізраэлевых, Я — Госпад; і іх жывёлу на замену ўсёй першароднай жывёле сыноў Ізраэлевых».
 
і вазьмі левітаў для Мяне як замену ўсіх першародных з сыноў Ізраэлевых. Я — Госпад. Таксама вазьмі іхнюю жывёлу на замену ўсёй першароднай жывёлы спаміж жывёлы сыноў Ізраэлевых».

Палічыў Майсей, як загадаў Госпад, усіх першародных з сыноў Ізраэлевых,
 
Дык палічыў Майсей на загад Госпада першародных Ізраэльцаў.

і было ўсіх першародных мужчынскага полу па імёнах іх, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзве тысячы дзвесце семдзесят тры.
 
І было ўсіх першародных мужчынаў па ліку імёнаў, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзесят тры.

І зноў сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
 
Дык зноў загадаў Госпад Майсею:

«Вазьмі левітаў на месца ўсіх першародных з сыноў Ізраэлевых разам з жывёлай левітаў на замену іх жывёле; і левіты будуць Маімі. Я — Госпад.
 
«Вазьмі левітаў на месца ўсіх першародных Ізраэльцаў разам з жывёлай левітаў на замену іхняе жывёлы. Левіты будуць Маімі. Я — Госпад.

А як выкуп за гэтых дзвесце семдзесят трох з першародных сыноў Ізраэлевых, што перавышаюць лік левітаў,
 
Як выкуп за гэтых дзьвесьце семдзесят трох, з першародных сыноў Ізраэлевых, што перавышаюць лік левітаў,

вазьмі па пяць сікляў ад галавы, па вазе сікля святыні; сікль мае дваццаць гераў.
 
вазьмі па пяць сыкляў ад галавы, па вазе сыкля сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў.

І дай грошы Аарону і яго сынам як выкуп за тых, што засталіся».
 
Дасі сярэбранікі Аарону і яго сынам як выкуп за тых застаўшыхся».

Дык узяў Майсей выкуп ад тых, што перавышалі лік выкупленых левітамі;
 
І ўзяў Майсей выкуп ад тых, што перавышалі лік выкупленых левітамі.

ад першародных сыноў Ізраэлевых узяў грошай тысячу трыста шэсцьдзесят пяць па вазе сікля святыні.
 
Дык вось ад першародных сыноў Ізраэлевых дастаў сярэбранікаў тысячу трыста шэсьдзесят пяць (сыкляў) па вазе сыкля сьвятыні.

І аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам, згодна загаду, як сказаў яму Госпад.
 
І аддаў Майсей серабро выкупу Аарону і сынам яго на загад Госпада, як сказаў яму Госпад.