Лікі 12 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

А Мірыям і Аарон гаварылі супраць Майсея з-за яго жонкі-кушыткі
 
Мірыям і Аарон блага гаварылі супраць Майсея з прычыны Кушыткі, каторую ўзяў ён за жонку.

і казалі: «Ці ж толькі праз аднаго Майсея гаварыў Госпад? Ці таксама і праз нас не гаварыў Ён?» Калі пачуў гэта Госпад —
 
І казалі: «Ці ж толькі праз аднаго Майсея гаварыў Госпад? Ці таксама і праз нас не гаварыў Ён?» І пачуў гэта Госпад.

а Майсей быў найпакорлівейшы з усіх людзей, якія жылі на зямлі, —
 
Майсей жа быў найпакарнейшым з усіх людзей, каторыя жылі на зямлі.

сказаў раптам Госпад да Майсея і да Аарона, і да Мірыям: «Толькі вы ўтраіх падыдзіце да палаткі сустрэчы». І, калі яны падышлі,
 
І сказаў раптам Госпад да Майсея і да Аарона, і да Мірыям: «Толькі вы трох падыйдзіце да Палаткі Сустрэчы». І падыйшлі ўсе трое.

Госпад сышоў у слупе воблачным і затрымаўся ля ўваходу ў палатку, клікаючы Аарона і Мірыям. Калі яны ўвайшлі,
 
І Госпад зыйшоў у слупе воблачным і затрымаўся ля ўваходу, і паклікаў Аарона і Міріям, і ўвайшлі яны абое.

сказаў Ён ім: «Слухайце словы Мае! Калі хто паміж вас будзе прарок Госпадаў, Я з’яўлюся яму ў з’яве, або ў снах буду гаварыць з ім.
 
І сказаў Ён ім: «Слухайце словы Мае. Калі хто спаміж вас будзе прарок Госпадаў, Я аб'яўлюся яму ў зьяве, і ў снах буду казаць яму.

Але не такі паслугач Мой Майсей, які найвярнейшы ва ўсім доме Маім!
 
Але ня так са слугой Маім Майсеем, ён найвярнейшы ў-ва ўсім доме Маім!

Бо вуснамі ў вусны кажу яму, і адкрыта, а не праз згадкі і ўяўленні бачыць ён Госпада! Дык чаму асмеліліся вы дакараць паслугача Майго Майсея?»
 
Вуснамі ў вусны Я кажу яму, і адкрыта, а не праз бачаньні і зьявы, бачыць ён Госпада! Дык чаму асьмеліліся вы дакараць слугу Майго Майсея?»

І, загневаўшыся на іх, Ён адышоў,
 
І загневаўся на іх, і адыйшоў.

таксама знікла воблака, што было над скініяй; і вось, Мірыям зрабілася белая, як снег, ад праказы. І калі Аарон павярнуўся да яе і ўбачыў яе, пашкоджаную праказай,
 
Воблака таксама зьнікла, а яно было над Скініяй. І вось Мірыям сталася ў момант белая, як сьнег, ад праказы. Калі Аарон павярнуўся да яе, спасьцярог, што яна пракажана.

сказаў ён Майсею: «Прашу, гаспадару мой, не карай нас за той грэх, які мы ўчынілі па дурноце,
 
Тады прасіў ён Майсея: «Прашу, гаспадару мой, не карай нас за грэх, каторага мы неразважна дапусьціліся.

каб не была яна, быццам мёртвая і як выкідыш, які выходзіць з улоння маці сваёй».
 
Не дапусьці, каб сталася яна, як спарон, каторы напалову гнілы выходзіць з улоньня маці сваёй».

І прасіў Майсей Госпада, кажучы: «Божа, прашу, аздараві яе!»
 
Дык прасіў Майсей Госпада: «Божа, прашу цябе, аздараві яе!»

Адказаў яму Госпад: «Калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, ці не павінна была б яна сем дзён чырванець ад сораму? Хай яна на сем дзён аддзеліцца ад лагера, а потым вернецца».
 
І адказаў яму Госпад: «Калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, ці ня мусіла б яна сем дзён сароміцца? Так мае яна на сем дзён быць па-за табарам, а потым можа зноў вярнуцца».

Дык выдалена была Мірыям па-за лагер на сем дзён, а народ не рухаўся з таго месца, пакуль Мірыям не вярнулася.
 
Дык выдалена была Мірыям па-за табар на сем дзён, а народ ня рухаўся з таго месца, пакуль Мірыям не вярнулася.