Лікі 12 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

А Мірыям і Аарон гаварылі супраць Майсея з-за яго жонкі-кушыткі
 
І гукалі Мірыям а Аарон супроці Масея за жонку Етыоплянку, каторую ён узяў; бо жонку Етыоплянку ён узяў;

і казалі: «Ці ж толькі праз аднаго Майсея гаварыў Госпад? Ці таксама і праз нас не гаварыў Ён?» Калі пачуў гэта Госпад —
 
І сказалі: «Ці адным Масеям гукаў СПАДАР? Ці ня гукаў Ён таксама намі?» І пачуў СПАДАР.

а Майсей быў найпакорлівейшы з усіх людзей, якія жылі на зямлі, —
 
А муж Масей найпакарнейшы зь усіх людзёў, што на відзе зямлі.

сказаў раптам Госпад да Майсея і да Аарона, і да Мірыям: «Толькі вы ўтраіх падыдзіце да палаткі сустрэчы». І, калі яны падышлі,
 
І казаў СПАДАР зьнячэўку Масею а Аарону а Мірыяме: «Выйдзіце вы трое перад будан збору». І вышлі ўсі трое.

Госпад сышоў у слупе воблачным і затрымаўся ля ўваходу ў палатку, клікаючы Аарона і Мірыям. Калі яны ўвайшлі,
 
І зышоў СПАДАР у болачным стаўпе, і стаў ля ўходу будану, і гукнуў Аарона а Мірыям, і вышлі яны абое.

сказаў Ён ім: «Слухайце словы Мае! Калі хто паміж вас будзе прарок Госпадаў, Я з’яўлюся яму ў з’яве, або ў снах буду гаварыць з ім.
 
І сказаў: «Слухайце ж словы Мае: калі бывае ў вас прарока, то Я, СПАДАР, аб’яўляюся яму ў зьяве, у сьне буду гутарыці зь ім;

Але не такі паслугач Мой Майсей, які найвярнейшы ва ўсім доме Маім!
 
Ня так слуга мой Масей; у вусім доме Маім верны ён.

Бо вуснамі ў вусны кажу яму, і адкрыта, а не праз згадкі і ўяўленні бачыць ён Госпада! Дык чаму асмеліліся вы дакараць паслугача Майго Майсея?»
 
Вуснамі да вуснаў Я буду гутарыць ізь ім, і зьяваю, а не загадкамі, і падобнасьць СПАДАРОВУ ён бача; і чаму вы не баяліся гукаць супроці слугі Майго, супроці Масея?»

І, загневаўшыся на іх, Ён адышоў,
 
І запалаў гнеў СПАДАРОЎ на іх, і Ён адышоў.

таксама знікла воблака, што было над скініяй; і вось, Мірыям зрабілася белая, як снег, ад праказы. І калі Аарон павярнуўся да яе і ўбачыў яе, пашкоджаную праказай,
 
І булак адвярнуўся ад будану, і вось, Мірыям пракажана, як сьнег. Аарон азірнуўся на Мірыям, і вось, яна пракажаная.

сказаў ён Майсею: «Прашу, гаспадару мой, не карай нас за той грэх, які мы ўчынілі па дурноце,
 
І сказаў Аарон Масею: «Спадару мой, не лажы на нас грэху, што мы дурна ўчынілі і што ізграшылі;

каб не была яна, быццам мёртвая і як выкідыш, які выходзіць з улоння маці сваёй».
 
Няхай ня будзе, як мертвае, каторае выходзе зь дзетніцы маці свае, і стлела палавіца цела».

І прасіў Майсей Госпада, кажучы: «Божа, прашу, аздараві яе!»
 
І маліў Масей СПАДАРА, кажучы: «Божа! уздароў яе, калі ласка».

Адказаў яму Госпад: «Калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, ці не павінна была б яна сем дзён чырванець ад сораму? Хай яна на сем дзён аддзеліцца ад лагера, а потым вернецца».
 
І сказаў СПАДАР Масею: «Калі б ацец ейны плюнуў ёй у від, то ці ня мела б яна сароміцца сем дзён? Дык хай будзе яна замкнёна на сем дзён вонках табару, а потым ізноў уведзена будзе».

Дык выдалена была Мірыям па-за лагер на сем дзён, а народ не рухаўся з таго месца, пакуль Мірыям не вярнулася.
 
І была Мірыям замкнёна вонках табару сем дзён, і люд не падарожжаваў, пакуль ня была ізноў уведзена Мірыям.