Лікі 29 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

А ў першы дзень сёмага месяца хай будзе ў вас святы сход; у той дзень не рабіце ніякай работы, бо дзень гэты — дзень трубнага гуку.
 
І сёмага месяца, на першы дзень месяца, сьвяты збор хай будзе ў вас; ніякае рамеснае работы не рабіце; дзень трубнага гуку хай будзе ў вас.

І ўскладзіце ахвяру цэласпалення дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду: аднаго быка са статка, аднаго барана і сем ягнят гадавых без плям,
 
І абрачыце ўсепаленьне на прыемны пах СПАДАРУ: адно цялё-бычка, аднаго барана, сем аднагодніх баранчыкаў дасканальных,

а таксама да іх ахвяру з ежы — пшанічную муку, запраўленую алеем: тры дзесятыя [эфы] на аднаго быка, дзве дзесятыя на барана
 
І іх аброк хлебны: ценькае мукі, рашчыненае на аліве, тры дзясятыя часьці на цялё-бычка, дзьве дзясятыя часьці на барана,

і адну дзесятую на кожнае ягня;
 
І адну дзясятую часьць на кажнага ізь сямёх баранчыкаў,

і казла, як ахвяру за грэх, што прыносіцца для ачышчэння вашага,
 
І адно казянё на аброк за грэх, на ласкіўчыненьне вам,

апрача ахвяры цэласпалення ў першы дзень кожнага месяца разам з ахвяраю з ежы і апрача штодзённай ахвяры цэласпалення з ахвяраю з ежы і звычайнымі ўзліваннямі дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду.
 
Апрача маладзіковага ўсепаленьня а хлебнага аброку яго, і штачаснага ўсепаленьня а хлебнага аброку яго, і ўзьліваньняў іх, подле ўставы, на прыемны пах, на агняны аброк СПАДАРУ.

Таксама ў дзесяты дзень таго сёмага месяца хай адбудзецца ў вас святы сход, і засмуціце душы вашы; нельга рабіць у той дзень ніякай работы.
 
І на дзясяты дзень гэтага сёмага месяца сьвяты збор хай будзе ў вас; і марыце душы свае, і ніякае работы не рабіце.

У ахвяру цэласпалення дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду ўскладзіце: аднаго бычка са статка, аднаго барана і сем гадавых ягнят без плям;
 
І абракайце ўсепаленьне СПАДАРУ на прыемны пах: адно цялё-бычка, аднаго барана, сем аднагодніх баранчыкаў; дасканальныя няхай будуць яны ў вас;

і ў ахвяру з ежы да іх — пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзесятыя [эфы] на быка, дзве дзесятыя на барана,
 
І іх аброк хлебны: ценькае мукі, рашчыненае на аліве, тры дзясятыя часьці на цялё-бычка, дзьве дзясятыя часьці на барана аднаго,

адну дзесятую на кожнае з сямі ягнят
 
І па дзясятай часьці на кажнага ізь сямёх баранчыкаў,

і казла ў ахвяру за грэх, апрача таго, што звычайна ахвяроўваюць за злачынствы на ачышчэнне і на штодзённае цэласпаленне разам з ахвярамі з ежы і ўзліваннямі да іх.
 
Адно казянё на аброк за грэх, апрача аброку за грэх на ласкіўчыненьне, і ўсепаленьня штачаснага, і хлебнага аброку яго, і ўзьліваньня іх.

А ў пятнаццаты дзень сёмага месяца хай адбудзецца святы сход; нельга ў той дзень рабіць ніякай работы, але трэба святкаваць сем дзён свята Госпада
 
І на пятнанцаты дзень сёмага месяца сьвяты збор хай будзе ў вас; ніякае рамеснае работы не рабіце і сьвяткуйце сьвята СПАДАРУ сем дзён.

і ахвяру цэласпалення складваць дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду: трынаццаць быкоў са статка, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят гадавых без плям;
 
І абракайце ўсепаленьне, агняны аброк, прыемны пах СПАДАРУ: трынанцаць цялят-бычкоў, два бараны, чатырнанцаць аднагодніх баранчыкаў; дасканальныя хай яны будуць;

і да іх ахвяру з ежы — пшанічную муку, запраўленую алеем: тры дзесятыя [эфы] на кожнага з трынаццаці быкоў; дзве дзесятыя на кожнага з двух бараноў
 
І іх аброк хлебны: ценькае мукі, рашчыненае на аліве, тры дзясятыя часьці на адно з трынанцацёх цялят-бычкоў, дзьве дзясятыя часьці на аднаго з двух бараноў,

і па адной дзесятай на кожнае з чатырнаццаці ягнят;
 
І па дзясятай часьці на аднаго з чатырнанцацёх баранчыкаў,

і казла ў ахвяру за грэх, апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяр з ежы і іх узлівання.
 
І адно казянё на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, хлебнага аброку яго і ўзьліваньня яго.

У другі дзень прынясіце ў ахвяру дванаццаць быкоў са статка, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям;
 
І на другі дзень: двананцаць цялят-бычкоў, два бараны, аднагодніх баранчыкаў чатырнанцаць, дасканальных,

і ўрачыста прынясіце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку,
 
І іх аброк хлебны а ўзьліваньне іх да цялят-бычкоў, да бараноў, да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы,

і казла ў ахвяру за грэх апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення, ахвяры з ежы і ўзлівання да яе.
 
І адно казянё на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, і хлебнага аброку яго, і ўзьліваньня іх.

Прынясіце ў ахвяру ў трэці дзень: адзінаццаць быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям,
 
І на трэйці дзень: цялят-бычкоў адзінанцаць, бараны два, аднагодніх баранчыкаў чатырнанцаць, дасканальных,

урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят адпаведна іх ліку паводле парадку,
 
І іх аброк хлебны, і іх узьліваньне да цялят-бычкоў, да бараноў а да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы,

і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы і ўзлівання да яе.
 
І казянё адно на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, і хлебнага аброку яго, і ўзьліваньня яго.

У чацвёрты дзень прынясіце ў ахвяру дзесяць быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям,
 
І на чацьверты дзень: цялят-бычкоў дзесяць, бараны два, аднагодніх баранчыкаў чатырнанцаць, дасканальных,

урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку,
 
І іх аброк хлебны, і іх узьліваньне да цялят-бычкоў а да бараноў а да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы,

і казла ў ахвяру за грэх, апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы да яго і ўзлівання.
 
І казянё адно на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, і хлебнага аброку яго, і ўзьліваньня яго.

У пяты дзень прынясіце ў ахвяру дзевяць быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям,
 
І на пяты дзень: цялят бычкоў дзевяць, бараны два, чатырнанцаць аднагодніх баранчыкаў, дасканальных,

урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку,
 
І іх аброк хлебны, і іх узьліваньне да цялят-бычкоў, да бараноў а да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы,

і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення, ахвяры з ежы і ўзлівання да яе.
 
І казянё адно на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, і хлебнага аброку, і ўзьліваньня яго.

У шосты дзень прынясіце ў ахвяру восем быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям,
 
І на шосты дзень: цялят-бычкоў восьмі, бараны два, аднагодніх баранчыкаў дасканальных чатырнанцаць,

урачыста прыносьце ахвяры з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку,
 
І іх аброк хлебны, і іх узьліваньне да цялят бычкоў а да бараноў а да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы,

і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы і ўзлівання да яе.
 
І казяня адно на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, і хлебнага аброку яго, і ўзьліваньня яго.

У сёмы дзень прынясіце ў ахвяру сем быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям,
 
І на сёмы дзень: цялят сем, два бараны, баранчыкаў аднагодніх чатырнанцаць, дасканальных,

урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку, паводле парадку,
 
І іх аброк хлебны, і іх узьліваньне да цялят-бычкоў, да бараноў а да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы іх,

і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення, ахвяры з ежы і ўзлівання да яе.
 
І адно казянё на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня кажначаснага, і хлебнага аброку яго, і ўзьліваньня яго.

У восьмы дзень хай адбудзецца святы сход; не будзеце ніякай работы рабіць у той дзень,
 
На восьмы дзень урочыстасьць хай будзе ў вас; ніякае рамеснае работы не рабіце.

складаючы ахвяру цэласпалення дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду: аднаго быка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без плям,
 
І абракайце ўсепаленьне, агняны аброк, прыемны пах СПАДАРУ: цялё-бычка адно, аднаго барана, баранчыкаў аднагодніх сем, дасканальных,

урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку,
 
І іх аброк хлебны, і іх узьліваньне да цяляці-бычка, да барана а да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы,

і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення, і ахвяры з ежы і ўзлівання да яе.
 
І казянё адно на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, і аброку хлебнага яго, і ўзьліваньня яго.

Гэтыя ахвяры маеце ўскладаць Госпаду ў час вашых святаў, апрача абяцанняў і добраахвотных ахвяр на цэласпаленні, на ахвяры з ежы, на ўзліванні і на ахвяры прымірэння».
 
Гэта рабіце СПАДАРУ ў прызначаныя поры свае, апрача абятніцаў сваіх а самахотных аброкаў сваіх, на ўсепаленьні свае, на хлебныя аброкі свае, на ўзьліваньні свае а на супакойныя аброкі свае».