Лікі 28 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Сказаў далей Госпад Майсею:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: хай у свой час складаюць ахвяру Мне і хлеб Мой, ахвяру цэласпалення, дзеля найпрыемнейшага паху.
 
«Раскажы сыном Ізраелявым і скажы ім: "Рупцеся праз дар Мой, хлеб Мой на аброк Імне, прыемны пах Імне, каб дараваны быў Імне ў пару".

Гэта агнявая ахвяра, якую вы павінны скласці: двух гадавых ягнят без плям штодзень у вечную ахвяру цэласпалення;
 
І скажы ім: во агняны аброк, каторы вы маеце абракаць СПАДАРУ: баранчыкі аднагоднія дасканальныя на дзень два, на ўсепаленьне штачаснае.

адно ягня складзіце раніцай, а другое — увечары;
 
Аднаго баранчыка абрачы нараніцы, а другога баранчыка абрачы адвячоркам.

і, як ахвяру з ежы, дайце дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай чацвёртай часткай гіна найчысцейшага алею.
 
І на аброк хлебны дзясятую часьць ефы ценькае мукі, рашчыненай на вытаўчанай аліве чэцьверці гіна.

Гэта цэласпаленне нязменнае, якое склалі вы на гары Сінай дзеля найпрыемнейшага паху як агнявую ахвяру Госпаду;
 
Гэта ўсепаленьне штачаснае, каторае ўчынена было ля гары Сынаю, на прыемны пах, на аброк СПАДАРУ.

і ахвяруйце віно — чацвёртую частку гіна на кожнае ягня; у свяцілішчы ўчыняйце ўзліванне п’янлівага пітва Госпаду.
 
І ўзьліваньне яго чэцьверць гіна на аднаго баранчыка; на сьвятым месцу ўзьлівай узьліваньне, старое віно СПАДАРУ.

І такім жа чынам другое ягня ахвяруй увечары адпаведна парадку ранішняга ахвяравання: гэта ахвяра агнявая дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду.
 
А другога баранчыка абракай адвячоркам, як хлебны аброк ранічны, і подле яго ўзьліваньня абрачэш на аброк агняны, прыемны пах СПАДАРУ.

У дзень жа суботы ахвяруйце двух аднагадовых ягнят без плям і дзве дзесятыя эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, і ўзліванне да яе.
 
А ў дзень сыботні два баранчыкі аднагоднія дасканальныя, і дзьве дзясятыя часьці ценькае мукі, рашчыненае на аліве, на аброк хлебны, і ўзьліваньне яго.

Гэта суботняя ахвяра цэласпалення на кожную суботу, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення і ўзлівання да яе.
 
Сыботняе ўсепаленьне кажнае сыботы, звыш усепаленьня штачаснага а ўзьліваньня.

У кожны першы дзень месяца ўскладайце Госпаду ахвяру цэласпалення: двух быкоў са статка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без плям,
 
І на маладзікі вашыя абракайце ўсепаленьне СПАДАРУ: з буйнога статку двое цялят-бычкоў, і аднаго барана, і сем аднагодніх баранчыкаў дасканальных,

і ў ахвяру з ежы на кожнага быка дайце тры дзесятыя эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, і на кожнага барана — дзве дзесятыя эфы мукі, запраўленай алеем,
 
І тры дзясятыя часьці ценькае мукі, рашчыненае на аліве, на аброк хлебны на адно цялё-бычка, і дзьве дзясятыя часьці ценькае мукі, рашчыненае на аліве, на аброк хлебны на аднаго барана,

і на кожнае ягня ў ахвяру з ежы дайце дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем: усё гэта як цэласпаленне дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду.
 
І на аброк хлебны па дзясятай часьці ценькае мукі, рашчыненай на аліве, на аднаго баранчыка — аброк агняны, прыемны пах СПАДАРУ.

А ўзліванні да іх хай будуць такія: палова гіна віна на кожнага бычка, адна трэцяя гіна — на барана і адна чацвёртая гіна — на ягня. Гэта цэласпаленне хай будзе ў кожны першы дзень месяца ва ўсе месяцы года.
 
І ўзьліваньне іх паў гіна будзе на бычка, і трэйць гіна на барана, і чэцьверць гіна віна на баранчыка. Гэта ўсепаленьне штамесячнае, на кажны месяц году.

Таксама казёл хай будзе складзены Госпаду ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення з яе ўзліваннямі.
 
І адно казянё СПАДАРУ на аброк за грэх; звыш усепаленьня штачаснага маюць абракаць яго з узьліваньням яго.

А ў першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, хай будзе Пасха Госпадава,
 
І першага месяца, на чатырнанцаты дзень месяца Пасха СПАДАРУ.

а ў пятнаццаты дзень таго месяца хай будзе свята. Сем дзён будзеце есці толькі праснакі,
 
І на пятнанцаты дзень гэтага месяца — сьвята; сем дзён маюць есьці праснакі,

а ў першы дзень будзе святы сход; нельга ў той дзень працаваць.
 
На першы дзень сьвяты збор; ніякае рамеснае работы не рабіце.

І ўскладайце ахвяру агнявую, цэласпаленне Госпаду: два бычкі са статка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без плям;
 
І абракайце агняны аброк, усепаленьне СПАДАРУ: з буйнога статку двое цялят-бычкоў, і аднаго барана, і сем аднагодніх баранчыкаў; дасканальныя яны маюць быць у вас.

да іх ахвяру з ежы, з пшанічнай мукі, запраўленай алеем: тры дзесятыя [эфы] на кожнага бычка, дзве дзесятыя — на аднаго барана
 
І аброк хлебны іх: ценькае мукі, рашчыненае на аліве, тры дзясятыя часьці на кажнае цялё-бычка, і дзьве дзясятыя часьці на барана зрабіце,

і адна дзесятая — на кожнага з сямі ягнят;
 
І па дзясятай часьці мае быць зроблена на кажнага ізь сямёх баранчыкаў,

і аднаго казла ў ахвяру за грэх, для ачышчэння вашага,
 
І адно казянё на аброк за грэх, на ласкіўчыненьне вам.

апрача ранішняга цэлапалення, якое ўчыняць вы павінны заўсёды.
 
Апрача ранічнага ўсепаленьня, каторае ёсьць усепаленьне штачаснае, зрабіце гэта.

Такія ахвяры ўскладайце штодзень сем дзён: як цэласпаленне, як найпрыемнейшы пах Госпаду. Апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы, павінны быць складаныя гэтыя ахвяры.
 
Гэтак зрабіце на кажны ізь сямёх дзён: хлеб, аброк агняны, прыемны пах СПАДАРУ; звыш усепаленьня штачаснага і ўзьліваньня яго, маюць зрабіць.

Дзень сёмы хай будзе для вас святым сходам; ніякай працы ў той дзень не выконвайце.
 
І сёмага дня сьвяты збор хай будзе ў вас, ніякае рамеснае работы не рабіце.

У дзень пяршыняў, калі складаеце Госпаду ахвяру з новага збожжа ў свята тыдняў, таксама збярыце святы сход, і ніякай работы не рабіце ў той дзень.
 
І ў дзень першых пладоў, як даруеце новы аброк хлебны СПАДАРУ ў тыдні вашыя, сьвяты збор хай будзе ў вас; ніякіае рамеснае работы не рабіце.

І складзіце тады цэласпаленне на найпрыемнейшы пах Госпаду: быка, двух бараноў са статка і сем аднагадовых ягнят без плям,
 
І абракайце ўсепаленьне на прыемны пах СПАДАРУ: з буйнога статку двое цялят-бычкоў, аднаго барана й сем аднагодніх баранчыкаў,

і ў ахвяру з ежы да іх — пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзесятыя [эфы] на аднаго быка,
 
І аброк хлебны іх: ценькае мукі, рашчыненае на аліве, тры дзясятыя часьці на кажнае цялё-бычка, дзьве дзясятыя часьці на аднаго барана,

дзве дзесятыя — на барана і па адной дзесятай на кожнае з сямі ягнят;
 
І па дзясятай часьці на кажнага ізь сямёх баранчыкаў,

а таксама казла [у ахвяру за грэх] для ачышчэння вашага,
 
І адно казянё дзеля ласкіўчыненьня вам.

апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы да яе. Ахвяруйце ўсё беззаганнае разам з узліваннямі.
 
Апрача штачаснага ўсепаленьня й хлебнага аброку яго, зрабіце іх; бяз гану маюць быць яны ў вас, і іх узьліваньне.