Лікі 32 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Сыны ж Рубэна і Гада мелі многа жывёлы. Калі яны ўбачылі зямлю Язэр і Галаад, прыдатныя на гадоўлю быдла,
 
І свойскае жывёлы было шмат у сыноў Рувінавых а ў сыноў Ґадовых — вельма шмат; і абачылі яны зямлю Язэр а зямлю Ґілеад, і вось, месца ё свойскай жывёле.

прыйшлі яны да Майсея, і Элеязэра, і кіраўнікоў супольнасці і сказалі ім:
 
І прышлі сынове Гадовы а сынове Рувінавы, і сказалі Масею а Елеазару сьвятару а князём збору, кажучы:

«Атарот, Дыбон, Язэр, Нэмра, Хесебон, Элеале, Сабам, Наба і Бэон, —
 
«Атароф, Дывон а Язэр а Німра а Гэшбон а Елеале а Сэвам а Нева а Веон,

зямля, якую Госпад ударыў у прысутнасці супольнасці Ізраэля, край найураджайнейшы, прыдатны для гадоўлі жывёлы, і мы, паслугачы твае, маем вельмі многа жывёлы».
 
Зямля, каторую СПАДАР зразіў перад зборам Ізраелявым, зямля свойскае жывёлы яна, а ў слугаў тваіх ё свойская жывёла».

І далей казалі: «Калі мы знайшлі ласку ў цябе, дай гэтую зямлю паслугачам сваім ва ўласнасць, не пераводзь нас за Ярдан».
 
І сказалі: «Калі мы прыдбалі ласку ў ваччу тваім, хай дадзена будзе зямля гэтая слугам тваім у дзяржаньне; не пераводзь нас перазь Ёрдан».

Адказаў ім Майсей: «Няўжо, калі браты вашы пойдуць ваяваць, вы тут будзеце сядзець?
 
І сказаў Масей сыном Ґадовым а сыном Рувінавым: «Браты вашы пойдуць на вайну, а вы застаніцеся тут?

Чаму вы стрымліваеце сэрцы сыноў Ізраэля, каб не мелі яны адвагі перайсці ў зямлю, якую ім мае даць Госпад?
 
І чаму вы адхінаеце сэрца сыноў Ізраелявых ад пераходу да зямлі, каторую даў ім СПАДАР?

Ці не так зрабілі бацькі вашы, калі паслаў я іх з Кадэс-Барнэ выведаць зямлю?
 
Гэтак учынілі айцове вашы, як Я пасылаў іх із Кадэш Барнеа агледзець зямлю.

Калі дайшлі яны аж да даліны Нэгэлескал, выведаўшы ўвесь той край, стрымалі яны сэрцы сыноў Ізраэля, каб не ішлі ў зямлю, якую прызначыў ім Госпад.
 
І яны ўзышлі да даліны Ешкол, і бачылі зямлю, і адхінулі сэрца сыноў Ізраелявых, каб ня йшлі яны да зямлі, каторую СПАДАР даў ім;

І Госпад, узгарэўшыся гневам, прысягнуў, кажучы:
 
І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ таго дня, і прысяг Ён, кажучы:

“Не ўбачаць гэтыя людзі, што выйшлі з Егіпта, дваццаці гадоў і вышэй, зямлі, якую Госпад пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ізааку і Якубу; бо не пажадалі Мяне слухаць,
 
"Не абачаць людзі, што ўзышлі зь Ягіпту, ад дваццацёх год і вышэй, тае зямлі, праз каторую Я прысягаў Абрагаму, Ісаку а Якаву, бо яны ня йшлі супоўна за Імною,

апрача Калеба, сына Ефоны, кенэзея, і Ешуа, сына Нуна, бо яны слухалі Госпада!”
 
Апрача Калева Ефунёнка Кенезяніна а Ігошуі Нунянка, бо яны супоўна йшлі за СПАДАРОМ".

І, узгневаўшыся на Ізраэля, Госпад вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль не вымерла ўсё пакаленне, якое рабіла зло перад абліччам Госпада.
 
І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Ізраеля, і прысіліў Ён іх валачыцца па пустыні сорак год, пакуль ня скончылася ўсе пакаленьне, што зрабіла ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ.

Вось, і вы, род ліхіх людзей, як і бацькі вашы, узбунтаваліся, каб павялічыць гнеўнае абурэнне Госпадава на Ізраэль.
 
І вось, паўсталі вы замест айцоў вашых, плямя грэшнікаў, каб павялічыць яшчэ шпаркосьць гневу СПАДАРОВАГА на Ізраеля.

Калі зноў не пажадаеце слухаць Яго, зноў будзе Ён вадзіць вас па пустыні вакол і вы будзеце прычынай гібелі ўсіх».
 
Калі вы адхініцеся ад Яго, дык Ён далей пакіне вас на пустыні, і вы будзеце прычынаю загубы ўсяму люду гэтаму».

А яны падышлі бліжэй да яго і сказалі: «Мы пабудуем загарадзі для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых;
 
І дабліжыліся яны да яго, і сказалі: «Мы збудуем тут авячыя хлявы свойскай жывёле сваёй і месты дзецянятам сваім;

а самі, узброеныя і падпяраэзаныя, пойдзем ваяваць перад сынамі Ізраэля, пакуль не ўвядзём іх у іх мясціны. Дзеці нашы будуць жыць у гарадах, абмураваных дзеля падкопаў ад жыхароў зямлі гэтай.
 
А мы, узброіўшыся, пабарзьдзім перад сынамі Ізраелявымі, пакуль не прывядзеш іх да месцаў іхных; а дзецяняты хай жывуць у вабаронных местах, дзеля бясьпечнасьці ад жыхараў зямлі.

Не вернемся мы ў дамы нашы, пакуль не завалодаюць сыны Ізраэля сваёй ўласнасцю;
 
Ня зьвернемся да дамоў сваіх, пакуль не спадзець сыном Ізраелявым кажнаму спадак свой;

і мы не будзем шукаць нічога за Ярданам або далей, бо ўжо маем сваю ўласнасць на ўсходнім беразе Ярдана».
 
Бо мы ня возьмем ізь імі спадку на тым баку Ёрдану і далей, калі спадак нам будзе на гэтым баку Ёрдану, на ўсход».

Майсей адказаў ім: «Калі ўчыніце так, як вы сказалі, калі будзеце дзеля Госпада гатовыя да бою
 
І сказаў ім Масей: «Калі вы зробіце подле гэтага слова свайго, калі ўзброіцеся перад СПАДАРОМ на вайну,

і калі кожны мужчына-змагар, узброены, пяройдзе Ярдан, аж пакуль Госпад не выганіць ворагаў Сваіх перад Сабою,
 
І пойдзе кажны з вас збройна за Ёрдан перад СПАДАРОМ, пакуль ня выжане Ён варагоў Сваіх перад Сабою,

і па авалоданні ўсёй гэтаю зямлёй вернецеся вы ў гэтую зямлю, тады не будзеце вінаватыя перад Госпадам і перад Ізраэлем і возьмеце гэтую зямлю ва ўласнасць перад Госпадам.
 
І паддана будзе зямля СПАДАРУ; то потым зьвернецеся й будзеце нявінны перад СПАДАРОМ і перад Ізраелям, і будзе зямля гэтая ў вас у дзяржаньню перад СПАДАРОМ.

А калі тое, што кажаце, не споўніце, вы, несумненна, зграшыце перад Госпадам; і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.
 
Калі ж ня зробіце гэтак, то, вось, ізгрэшыце перад СПДАРОМ, і ведайце, грахі вашы знойдуць вас.

Дык будуйце гарады дзецям вашым і загарадзі для авечак, і тое, што абяцалі, споўніце».
 
Будуйце сабе месты дзецянятам сваім і хлявы авечкам сваім, і рабіце, што вышла з вуснаў вашых».

І сыны Гада і Рубэна сказалі Майсею: «Мы, паслугачы твае, зробім усё, што загадвае гаспадар наш:
 
І сказала плямя сыноў Ґадовых а сыноў Рувінавых Масею, кажучы: «Слугі твае зробяць так, як расказуе спадар нам.

нашы дзеці, жанчыны, статкі і ўючная жывёла застануцца ў гарадах Галаадскіх;
 
Дзецяняты нашыя, жонкі нашыя, свойская жывёла наша і ўвесь статак наш будуць там у местах Ґілеаду;

а паслугачы твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам Госпада на вайну, як загадваеш ты, гаспадар наш».
 
А слугі твае ўсі пярэйдуць, як воін, кажны збройна перад СПАДАРОМ на вайну, як кажа спадар мой».

Дык Майсей загадаў святару Элеязэру, і Ешуа, сыну Нуна, і кіраўнікам родаў усіх пакаленняў Ізраэля
 
І расказаў празь іх Масей Елеазару сьвятару а Ігошуу Нунянку а галавам айцоў пакаленьняў сыноў Ізраелявых;

і сказаў ім: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць раку Ярдан, усе ўзброеныя, каб перад абліччам Госпада ваяваць, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім Галаад ва ўласнасць.
 
І сказаў Масей ім: «Калі пярэйдуць сынове Ґадовы а сынове Рувінавы з вамі за Ёрдан, кажны збройна на вайну перад СПАДАРОМ, і паддана будзе вам зямля, то аддайце ім зямлю Ґілеад у дзяржаньне.

А калі не пажадаюць разам з вамі, узброеныя, ісці ў зямлю Ханаан, хай атрымаюць месцы для пасялення паміж вас».
 
Калі ж ня пойдуць яны збройна з вамі, то яны адзяржаць дзяржаву разам із вамі ў зямлі Канаанскай».

І сыны Гада і сыны Рубэна адказалі: «Як загадаў Госпад паслугачам Сваім, так зробім.
 
І адказалі сынове Ґадовы а сынове Рувінавы, кажучы: «Як казаў СПАДАР слугам тваім, так і зробім.

Узброеныя, самі пойдзем перад абліччам Госпада ў зямлю Ханаан; і возьмем уласнасць нашую за Ярданам».
 
Мы пярэйдзем збройна перад СПАДАРОМ да зямлі Канаанскае, а дзяржава спадку нашага хай будзе наша на гэтым баку Ёрдану».

Такім чынам, даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакалення Манасы, сына Язэпа, царства Сэгона, цара амарэяў, і царства Ога, цара Басана, зямлю з гарадамі яе і межамі, гарады яе, што навокал.
 
І аддаў Масей ім, сыном Ґадовым а сыном Рувінавым а палавіцы плямені Манаса Язэпенка каралеўства Сыгона, караля Аморэйскага, і каралеўства Оґа, караля Вашанскага, зямлю зь местамі яе ў граніцах местаў зямлі наўкола.

І пабудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,
 
І збудавалі сынове Ґадовы Дывон а Атароф а Ароер

Атрот-Сафан, Язэр і Егбаа,
 
А Атароф-Шофан а Язэр а Ёґбегу

і Бэтнэмру і Бэтаран, абмураваныя гарады, і загарадзі для сваіх статкаў.
 
А Беф-Німру а Беф-Гаран, месты абаронныя й хлявы авечкам.

Сыны ж Рубэна будавалі Хесебон, Элеале і Карыятаім,
 
І сынове Рувінавы збудавалі Гэшбон, Елеале, Кірафаім

Нэба, Баал-Мэон, змяніўшы іх назвы, а таксама Сабаму, даючы назвы гарадам, якія адбудавалі.
 
А Нево а Ваал-Меон, каторых імёны зьменены, і Сыўму, і назвалі ймёнамі месты, каторыя яны збудавалі.

А сыны Махіра, сына Манасы, пайшлі ў Галаад і занялі яго, выгнаўшы амарэяў, што жылі ў ім.
 
І пайшлі сынове Махіра Манасёнка да Ґілеаду, і перамаглі яго, і выгналі Аморэя, каторы ў ім.

Дык даў Майсей Галаад Махіру, сыну Манасы, які і абжыўся ў ім.
 
І аддаў Масей Ґілеад Махіру Манасёнку, і ён асялўся ў ім.

Яір жа, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі амарэяў, якія назваў Гавот Яір.
 
І Яір Манасёнак пайшоў, і перамог сёлы іхныя, і назваў іх: Сёлы Яіровы.

Нобэ таксама выйшаў, і захапіў Канат з яго ваколіцамі, і назваў яго сваім імем — Нобэ.
 
І Новаг пайшоў, і перамог Кенаф а перадмесьці яго, і назваў яго сваім імям: Новаг.