Лікі 20 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У першы месяц сыны Ізраэля і ўся супольнасць прыбылі ў пустыню Сін, і затрымаўся народ у Кадэсе. І там памерла Мірыям, і была яна пахавана ў тым самым месцы.
 
І прышлі сынове Ізраелявы, уся грамада, на пустыню Цын першага месяца, і прабываў люд у Кадэшу, і памерла там Мірыям, і пахавана там.

І, калі ў народа не было вады для піцця, выступілі яны супраць Майсея і Аарона,
 
І ня было вады грамадзе, і зьберліся яны супроці Масея а Аарона;

і, усхваляваўшыся, яны казалі: «Лепш бы мы загінулі разам з братамі нашымі перад Госпадам!
 
І сьперачаўся люд із Масеям, і сказаў: «О, калі б сканалі тады й мы, як сканалі браты нашыя перад СПАДАРОМ!

Навошта вывелі вы супольнасць Госпадаву ў пустыню, каб мы разам з нашай жывёлай загінулі?
 
І нашто вы прывялі грамаду СПАДАРОВУ на гэту пустыню, каб памерці там нам і статку нашаму?

Навошта вы прымусілі нас выйсці з Егіпта і завялі нас у гэтае месца найгоршае, дзе сеяць нельга, дзе фігавае дрэва не расце, ані вінаград, ані дрэвы гранатавыя, і нават вады няма для піцця?»
 
І чаму ўзьвялі нас ізь Ягіпту, каб прывесьці нас на гэта благое месца? гэта ня месца сеяць, ані фіґаў, ані вінных ягадаў, ані гранатовых яблыкаў, ані вады піць?»

Майсей і Аарон, адышоўшы ад натоўпу, прыйшлі да ўваходу ў палатку сустрэчы і ўпалі ніц на зямлю, і з’явілася слава Госпадава над імі.
 
І прышоў Масей а Аарон ад люду да ўходу будану збору, і палі на віды свае, і зьявілася ім слава СПАДАРОВА.

І сказаў Госпад Майсею, кажучы:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Вазьмі кій, і ты, і Аарон, брат твой, збярыце народ і скажыце скале, што перад вамі, а яна дасць вады. І калі пацячэ з яе вада, прывядзі грамаду і яе жывёлу».
 
«Вазьмі посах і зьбяры збор, ты а Аарон, брат твой, і кажыце скале на ачох іх, і яна дасьць воды свае: і ты вывядзеш ім ваду із скалы, і дасі піць грамадзе, і напоіш статак ейны».

Дык Майсей па загадзе Госпада ўзяў кій, што быў перад абліччам Госпада, як Ён загадаў яму.
 
І ўзяў Масей посах ад віду СПАДАРОВАГА, як Ён расказаў яму.

Майсей і Аарон сабралі народ перад скалою і сказалі яму: «Слухайце, бунтаўнікі! Ці зможам мы з гэтай скалы вывесці ваду для вас?»
 
І зьберлі Масей а Аарон грамаду перад скалаю, і ён сказаў ім: «Паслухайце ж, бунтаўнікі, ціж із гэтае скалы імне вывесьці вам ваду?»

І калі ўзняў Майсей руку, ударыўшы кіем два разы ў скалу, выйшлі воды найбагацейшыя, так што напіўся і народ, і жывёла.
 
І падняў Масей руку сваю, і ўдырыў у скалу посахам сваім двойчы, і вышла шмат вады, і піла грамада й статак ейны.

І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «За тое, што не паверылі вы Мне, каб выявіць Маю святасць перад сынамі Ізраэля, не ўвядзеце гэтых людзей у зямлю, якую Я даў ім».
 
І казаў СПАДАР Масею а Аарону: «За тое, што вы не паверылі Імне, каб усьвяціць Мяне на ачох сыноў Ізраелявых, затым не ўвядзіце вы люду гэтага ў зямлю, каторую Я даў яму».

Гэта вада Мэрыбы, дзе ўзбунтаваліся сыны Ізраэля супраць Госпада і дзе Ён выявіў Сваю святасць перад імі.
 
Гэта воды Мерывы, ля каторых сварыліся сынове Ізраелявы із СПАДАРОМ, і Ён усьвяціўся імі.

З Кадэса паслаў Майсей паслоў да цара Эдома, каб яны сказалі: «Так кажа брат твой, Ізраэль: “Ты ведаеш усе беды, якія ахапілі нас,
 
І паслаў Масей паслоў з Кадэшу да караля Едомскага, сказаць: «Гэтак кажа брат твой Ізраель: ты ведаеш усі цяжкасьці, каторыя стрэлі нас.

калі перабраліся бацькі нашы ў Егіпет і мы пражылі там шмат часу, і як егіпцяне вынішчалі нас і бацькоў нашых,
 
І зышлі айцове нашы да Ягіпту, і мы жылі ў Ягіпце шмат часу, і Ягіпцяне ліха дзеялі нам і бацьком нашым.

і як мы клікалі Госпада, і як выслухаў Ён нас, і паслаў Анёла, Які вывеў нас з Егіпта. І вось мы ў горадзе Кадэсе, што знаходзіцца пры межах тваіх, размясціліся
 
І гукалі мы да СПАДАРА, і пачуў Ён голас наш, і паслаў Ангіла, і вывеў нас ізь Ягіпту. І вось, мы ў Кадэшу, месьце канца граніцы твае.

і просім, каб нам дазволена было прайсці праз зямлю тваю: не пойдзем мы праз палі і вінаграднікі, і не будзем піць ваду са студняў тваіх; але пойдзем дарогай царскай, не адхіляючыся ані ў правы, ані ў левы бок, пакуль не мінём межаў тваіх”».
 
Пройдзем жа перазь зямлю тваю; мы ня пойдзем па палёх а па вінішчах, і ня будзем піць вады із студні; дарогаю каралеўскаю пойдзем, ня зьвернем ані направа, ані налева, пакуль ня пярэйдзем граніцаў тваіх».

Адказаў ім Эдом: «Не ідзі праз мяне, бо перайму цябе са зброяй».
 
І сказаў яму Едом: «Не праходзь перазь мяне, бо я зь мячом выйду на пярэймы табе».

І сказалі сыны Ізраэля: «Мы пойдзем бітаю дарогай, а калі будзем піць ваду, мы і жывёла наша, заплацім, што належыць: не будзе ніякай цяжкасці з платай; мы толькі хутка пройдзем».
 
І сказалі яму сынове Ізраелявы: «Мы пойдзем гасьцінцам, і калі будзем піць ваду тваю, я а статак мой, дык заплачу; толькі, гэта ж нічога, нагамі сваімі прайду».

Але Эдом адказаў: «Не пройдзеце!» І адразу выйшаў Эдом супраць іх з безліччу войска і добра ўзброены,
 
Але ён сказаў: «Не перайдзі!» І вышаў Едом напярэймы яму з чысьленым людам і з дужою рукою.

і забараніў Эдом Ізраэлю, каб ён пераходзіў межы яго; дык Ізраэль накіраваўся ў іншы бок ад яго.
 
І адмовіўся Едом даць Ізраелю прайсьці пераз граніцы ягоныя, і адхінуўся Ізраель ад яго.

І калі яны зняліся з лагера з Кадэса, яны прыбылі пад гару Гор, дзе
 
І крануліся з Кадэшу, і прышлі сынове Ізраелявы, уся грамада, да гары Гор.

сказаў Госпад Майсею і Аарону, — там, на гары Гор, што знаходзіцца на мяжы зямлі Эдома:
 
І гукаў СПАДАР Масею а Аарону на гары Гор, ля граніцаў зямлі Едомскае, кажучы:

«Хай Аарон, — сказаў Ён, — будзе далучаны да народа свайго, бо ён не ўвойдзе ў зямлю, якую Я даў сынам Ізраэля, таму што вы бунтавалі супраць волі Маёй ля водаў Мэрыбы.
 
«Хай прылучыцца Аарон да людзёў сваіх, бо ён ня ўвыйдзе ў зямлю, каторую Я даў сыном Ізраелявым, за тое, што вы збунтаваліся супроці слова Майго ля водаў Мерывы.

Вазьмі Аарона і сына яго Элеязэра і завядзі іх на гару Гор.
 
Вазьмі Аарона а Елеазара, сына ягонага, і ўзьвядзі іх на гару Гор.

І калі здымеш з бацькі адзенне яго, апрані ў яго Элеязэра, сына яго: Аарон хай адыдзе і там памрэ».
 
І здыймі з Аарона адзецьці ягоныя, і адзень у іх Елеазара, сына ягонага, і хай будзе прылучаны Аарон і памрэць там».

Майсей зрабіў, як Госпад загадаў; узышлі яны на гару Гор у прысутнасці ўсёй супольнасці.
 
І ўчыніў Масей так, як расказаў СПАДАР. І ўзышлі яны на гару Гор на ачох усяе грамады.

І калі Аарон скінуў шаты свае, ён апрануў у іх Элеязэра, сына яго. Калі памёр Аарон на вяршыні гары, Майсей з Элеязэрам сышлі ўніз.
 
І зьняў Масей з Аарона адзецьці ягоныя, і адзеў у іх Елеазара, сына ягонага. І памер там Аарон на версе гары. І зышлі Масей а Елеазар із гары,

А калі ўся супольнасць Ізраэля ўбачыла, што памёр Аарон, плакаў аб ім увесь дом Ізраэля трыццаць дзён.
 
І абачыла ўся грамада, што Аарон сканаў, і плакалі па Аарону трыццаць дзён увесь дом Ізраеляў.