Лікі 12 разьдзел
Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
А Мірыям і Аарон гаварылі супраць Майсея з-за яго жонкі-кушыткі
І гаварылі Мірыям і Аарон супраць Майсея з прычыны жанчыны Кушанкі, якую ён узяў за жонку,
і казалі: «Ці ж толькі праз аднаго Майсея гаварыў Госпад? Ці таксама і праз нас не гаварыў Ён?» Калі пачуў гэта Госпад —
і казалі: «Ці ж толькі да Майсея прамаўляў ГОСПАД? Ці таксама да нас Ён не прамаўляў?» І пачуў [гэта] ГОСПАД.
а Майсей быў найпакорлівейшы з усіх людзей, якія жылі на зямлі, —
А Майсей быў чалавекам пакорным, больш за ўсіх людзей, якія на зямлі.
сказаў раптам Госпад да Майсея і да Аарона, і да Мірыям: «Толькі вы ўтраіх падыдзіце да палаткі сустрэчы». І, калі яны падышлі,
І сказаў раптам ГОСПАД да Майсея, і да Аарона, і да Мірыям: «Вы трох падыйдзіце да Намёту Спатканьня». І падыйшлі ўсе трое.
Госпад сышоў у слупе воблачным і затрымаўся ля ўваходу ў палатку, клікаючы Аарона і Мірыям. Калі яны ўвайшлі,
І ГОСПАД зыйшоў у слупе воблачным, і затрымаўся каля ўваходу ў Намёт, і паклікаў Аарона і Мірыям, і ўвайшлі яны абое.
сказаў Ён ім: «Слухайце словы Мае! Калі хто паміж вас будзе прарок Госпадаў, Я з’яўлюся яму ў з’яве, або ў снах буду гаварыць з ім.
І Ён сказаў [ім]: «Слухайце словы Мае. Калі будзе ў вас прарок ГОСПАДА, Я аб’яўлюся яму ў відзежы, і ў снах буду прамаўляць да яго.
Але не такі паслугач Мой Майсей, які найвярнейшы ва ўсім доме Маім!
Ня так са слугой Маім Майсеем, ён — верны ў-ва ўсім доме Маім!
Бо вуснамі ў вусны кажу яму, і адкрыта, а не праз згадкі і ўяўленні бачыць ён Госпада! Дык чаму асмеліліся вы дакараць паслугача Майго Майсея?»
Вуснамі ў вусны Я прамаўляю да яго, і адкрыта, а не ў загадках, і ён бачыць ГОСПАДА! Дык чаму адважыліся вы прамаўляць супраць слугі Майго Майсея?»
І, загневаўшыся на іх, Ён адышоў,
І запалаў гнеў ГОСПАДА супраць іх, і Ён адыйшоў.
таксама знікла воблака, што было над скініяй; і вось, Мірыям зрабілася белая, як снег, ад праказы. І калі Аарон павярнуўся да яе і ўбачыў яе, пашкоджаную праказай,
І воблака адыйшло ад Намёту. І вось, Мірыям сталася белая, як сьнег, ад праказы. І павярнуўся Аарон да Мірыям, і вось, яна пракажоная.
сказаў ён Майсею: «Прашу, гаспадару мой, не карай нас за той грэх, які мы ўчынілі па дурноце,
І сказаў Аарон Майсею: «Прашу, гаспадару мой, не карай нас за грэх, якога мы неразважна дапусьціліся і якім саграшылі.
каб не была яна, быццам мёртвая і як выкідыш, які выходзіць з улоння маці сваёй».
Няхай ня будзе яна, як спарон, які напалову гнілы выходзіць з улоньня маці сваёй».
І прасіў Майсей Госпада, кажучы: «Божа, прашу, аздараві яе!»
І клікаў Майсей да ГОСПАДА, кажучы: «Божа, прашу Цябе, аздараві яе!»
Адказаў яму Госпад: «Калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, ці не павінна была б яна сем дзён чырванець ад сораму? Хай яна на сем дзён аддзеліцца ад лагера, а потым вернецца».
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, ці ня мусіла б яна сем дзён саромецца? Так мае яна на сем дзён быць па-за табарам, а потым вернецца».
Дык выдалена была Мірыям па-за лагер на сем дзён, а народ не рухаўся з таго месца, пакуль Мірыям не вярнулася.
І выдалена была Мірыям па-за табар на сем дзён, і народ не выходзіў [у дарогу], пакуль Мірыям не вярнулася.